У нядзелю 11 красавіка 2021 – у Нядзелю Тамаша адзначалася ў Паўсюднай Царкве свята Божай Міласэрнасці.
Грэка-каталіцкая парафія ў Маладзечне традыцыйна святкавала парафіяльнае свята Хрыста Чалавекалюбца.
У парафіяльным храме на вул. Віленскай Боскую Літургію ў 17:00 адслужыў ды прамовіў казанне а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст. З ім саслужыў а. Аляксей Філіпенка, які рэгулярна нясе душпастырскае служэнне ў Маладзечне.
У сітуацыі пандэміі колькасць удзельнікаў свята была абмежаваная і не адбылася традыцыйная пілігрымка вернікаў Цэнтральнага грэка-каталіцкага дэканата.


Таму шлях святкавання Нядзелі Божай Міласэрнасці ўва Цэнтральным дэканаце меў некалькі этапаў.
У суботу ўвечары 10 красавіка у мінскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Яўэпа а. Зміцер правёў у Мінску духовую сустрэчу на тэму “Правакацыя Божай Міласэрнасці”.
Раніцай у нядзелю 11 красавіка а. Зміцер узначаліў Боскую Літургію і прамовіў казанне ў мінскай грэка-каталіцкай парафіі Святога Духа (у ніжнім храме касцёла свв. Сымона і Алены).
Вернікі з розных мясцінаў Беларусі, якія не маглі фізічна ўдзельнічаць у свяце Хрыста Чалавекалюбца ў Маладзечне, стварылі духовую Платформу Міласэрнасці і малітвай абнялі ўсю Беларусь.
Гэта малітва працягвалася і на працягу наступных дзён. Хрысту Чалавекалюбцу былі прынесеныя малітвы:
-за Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь,
-за хрысціянскія Цэрквы ў Беларусі ды іхняе служэнне беларускаму грамадству,
-за рыма-каталіцкія дыяцэзіі, якія адзначаюць 30 год стварэння,
-за праваслаўнага архібіскупа гродзенскага Арцемія,
-за вернікаў Царквы “Новае жыццё”, што засталіся бяз храму,
-за церпячых, асуджаных, зняволеных і за іхнія сем’і,
-за хворых, асабліва ў выніку пандэміі,
-за лекараў, медпрацоўнікаў.
Духовая сетка малітвы адкрытая да таго, каб да яе далучыцца.
Грэка-каталіцкія вернікі традыцыйна ў гэты пэрыяд моляцца Хрысту Чалавекалюбцу словамі Акафісту Імю Ісусаваму (аўтарства Францішка Скарыны).