Пошук

Каляндар

 

“Паверыць у любоў Бога да нас”  


“Паверыць у любоў Бога да нас” Разважанне на Вялікую Сераду


1.Вялікая серада - мы ўжо падыходзім да саміх Пакутаў Хрыстовых. З Евангелля Вялікай серады (Мц 26:6-16) зразумела робіцца, што Госпад можа ўсё прабачыць, усё ачысціць, усё вылечыць і што паміж намі і Ім могуць стаяць толькі дзве перашкоды. 

Адна перашкода – гэта ўнутранае адрачэнне ад Яго: гэта адмаўленне ад Яго, страта веры ў Яго любоў, страта надзеі на Яго; гэта страх, што для нас у Бога можа не хапіць любові...

Пётр адрокся ад Хрыста, Юда Яго здрадзіў. Абодва маглі б падзяліць той жа лёс: альбо абодва выратавацца, альбо абодва загінуць. Але Пётр цудам захаваў упэўненасць, што Госпад, валодае нашымі сэрцамі і ведае, што, нягледзячы на яго адрачэнне, на маладушнасць, на страх, на клятвы, ён захаваў любоў да Яго. Любоў, якая зараз хоць і раздзірала яго душу болем і сорамам, але ўсё ж такі любоў.

Юда здрадзіў Хрыста, і калі ён убачыў вынік свайго ўчынку, то страціў усякую надзею, яму здалося, што Бог яго ўжо прабачыць не можа, што Хрыстос ад яго адвярнецца так, як ён сам адвярнуўся ад свайго Выратавальніка, і ён сышоў...

Часта нам думаецца, што Юда сышоў у вечную пагібель і ад гэтага ў нас уздрыгвае сэрца і жахаецца: няўжо ён мог загінуць? 

Да Пятра падыйшлі вучні, яны яго ўзялі з сабой, нягледзячы на яго адрачэнне, Юда сярод іх быў нейкі чужы, нялюбы, незразумелы, да яго, пасля яго здрады, ніхто не падыйшоў. 

Калі б здрада Юды здарылася пасля Ўваскрэсення Хрыстова, пасля таго, як вучні атрымалі дар Святога Духа, думаецца, што яны не пакінулі б яго загінуць у гэтай страшнай адзіноце, не толькі без Бога, але і без людзей. 

Хрыстос не пакідае нікога... І як бы ні страшна было думаць аб Юдзе, аб тым, што яго слова задрадзіла Бога, прыйшоўшага на зямлю, аднак дзесьці павінна ў нас цепліцца надзея, што бяздонная прамудрасць Божая і бязмежная, крыжовая Яго любоў і яго не пакіне...

Але сёння мы бачым і іншы вобраз. Ад Бога можа нас аддзяліць толькі нашае адрачэнне ад Яго і ўцёкі ад Яго, нявера ў Яго любоў, у Яго вернасць. 

Але ёсць іншае, што нас можа аддзяліць ад Бога, аб гэтым мы чулі часта ў гэтыя дні: гэта хлусня і крывадушнасць. Гэта хлусня людзей, якія не жадаюць на сябе паглядзець, не жадаюць сябе бачыць, якімі яны ёсць, якія жадаюць абдурыць сябе, абдурыць Бога, абдурыць іншых і пражыць у свеце ілюзій, у свеце нерэальнасці, у якім ім на час спакойна, бяспечна. Гэта нас таксама можа аддзяліць ад Бога... 


2. Евангелле Вялікай серады разказвае пра блудніцу, якая наблізілася да Хрыста, якая яшчэ не пакаялася. Яна яшчэ не змяніла сваё жыццё, а толькі здзіўленая дзівоснай, Боскай прыгажосцю Збаўцы прымкнула да Яго ног ды плакала над сабой, знявечанай грахом, і над Ім - такім выдатным у такім страшным свеце. Яна не каялася, не прасіла прабачэння, нічога не абяцала, але Хрыстос, за тое, што ў ёй апынулася такая чуласць да Яго, такая здольнасць любіць да слёз, да парыву сардэчнага, абвясціў ёй прабачэнне грахоў за тое, што яна ўзлюбіла шмат... 

І калі Пётр быў прабачаны Госпадам, ён таксама здолеў Яго шмат палюбіць, можа быць, больш за шматлікіх праведных, якія ніколі не адыходзілі і не адракаліся ад Збаўцы, таму што яму было прабачана так шмат...


3. Уваходзім у дні Пакутаў Хрыстовых. Наблізімся да Хрыста як блудніца:  з усім нашым грахом і разам з тым адклікаючыся ўсёй душой - усёй сілай і ўсёй немаччу - на збаўчую ахвяру Госпада, паверым у Яго спагаду, у Яго любоў да нас. Станем спадзявацца такой надзеяй, якая нічым не можа быць знішчана, таму што Бог верны і Яго зарок нам вядомы: Ён прыйшоў не судзіць свет, а выратаваць свет... 

Прыйдзем жа да Яго, грэшныя, з жывой надзеяй і Ён змілуецца і збавіць нас. Амін.


а. Аляксандр Шаўцоў, Полацк

31.03.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier