Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
ПЕРШАЯ НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ
УМІЛАВАНЫЯ Ў ХРЫСЬЦЕ Евангельскае чытаньне, якое гучыць ў цэрквах у першую нядзелю Вялікага посту (Ян 1, 43-51) паказвае і напамінае ўсім нам, якія пачалі тыдзень таму посьціць, навошта гэта нам. Царква тлумачыць прычыну посту не нейкімі праўнымі пастановамі, ці ўказаньнямі, але паказвае нам рэальнасьць, якая аб’явілася калісьці Натанаілу і якая аб’яўляецца ўсьцяж у Царкве на працягу ўжо двзьвюх тысячаў гадоў. Гэтай рэальнасьцю ёсьць прысутнасьць сярод людзей Таго, аб Кім гаварыў Майсей і прарокі. Адкрыцьцё гэтай важнай праўды неабходна хрысьціянам для праўдзівага перажываньня посту. Пост без Хрыста для хрысьціяніна не мае сэнсу, ён губляецца сярод шматлікіх правілаў, традыцый і пастановаў. Толькі з Хрыстом мы можам пачаць добры пост, каб дачакацца абвяшчэньня радаснай весткі пра прынесенае нам вызваленьне ад граху і сьмерці. Часта пост успрымаецца людзьмі як нешта сумнае і тужлівае. Сапраўды, пост нараджае тугу па скаромнай ежы. Але здавён-даўна аскетычная практыка Царквы трактуе пост як тугу па Богу. Тую тугу мы мусім перажыць, каб адчуць, наколькі мы далёкія ад Бога, колькі нас яшчэ падзяляе, якая яшчэ прорва паміж Ім і намі. А дакладней паміж Ім і мной (кожным асобным грэшнікам). І мы мусім не жахнуцца гэтай прорвы і адскочыць ад яе, але ўзяцца за пераадоленьне, бо маем яшчэ час. Хочацца падкрэсьліць, што тыя, хто посьцяць, мусяць ведаць і усьведамляць, што ёсьць не толькі тое, што аддаляе нас ад Бога, але і тое, што неразрыўна лучыць. Ісус паабяцаў прыйшоўшым да Яго Піліпу і Натанаілу: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, што ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага”. Гэтае абяцаньне дадзенае было фактычна ўсёй Царкве. Царква як народ Божы будзе бачыць вечную славу нашага Госпада ў будучым сьвеце. У гэтых словах можам разгледзіць, дзе будзе праўдзівы канец посту для нас. Спакойна, спакойна, дарагія. Не хачу прымусіць вас пасьціцца да наступленьня гэтай хвіліны. Проста каб ісьці такой нялёгкай дарогай трэба мець мэту. А мы не толькі маем мэту, але і бачым вачыма нашае душы ўжо тое сьвятло Валадарства Божага, да якога імкнемся. Дык ідзем добра, не зважаючы на стому і цяжкасьці, з вялікай надзеяй перажываючы гэты Вялікі пост. Бо нам будзе сьвяціць сьвятло Таго, каго Натанаіл вызнаў Сынам Божым і Царом Ізраіля. Аўтар - а. Яўген Усошын |
|
23.05.2008
|






Сёньняшняе чытаньне:
