Умацаванне на шляху велікапоснага духовага змагання
Літургія раней Асвячаных Дароў
У серады і пятніцы Вялікага посту, а таксама ад панядзелка да серады Вялікага тыдня служыцца асаблівае богаслужэнне - Літургія раней Асвячаных Дароў.
Яшчэ ў першыя стагоддзі быў звычай, каб падчас Вялікага посту не служыць Боскую Літургію, бо ў той час яна яшчэ злучалася з агапай, гэта значыць братэрскай гасцінай, якая супярэчыла духу посту. Акрамя таго, Боская Літургія лічылася радасным таінствам, таму яе адпраўлялі толькі па суботах і нядзелях. У астатнія дні тыдня, каб даць вернікам магчымасць прыняць Святое Прычасце (для духовага ўмацавання), Боскую Літургію замянялі іншымі богаслужэннямі, з якіх з цягам часу развілася Літургія раней Асвячаных Дароў. Яна не з'яўляецца Літургіяй ў прамым сэнсе гэтага слова, бо яна не мае асвячэння дароў, гэта хутчэй Вячэрня, злучаная са Святым Прычасцем, Хлеб якога быў ужо асвячаны раней (на Боскай Літургіі ў нядзелю). Адсюль і назва Літургіі.
|