Пошук

Каляндар

 

4 лютага ўпершыню будзе адзначацца Міжнародны дзень чалавечага братэрства  


4 лютага ўпершыню будзе адзначацца Міжнародны дзень чалавечага братэрстваПапа Францішак прыме ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня чалавечага братэрства, які будзе ўпершыню адзначацца ў чацвер 4 лютага.


Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік далучыцца да ўрачыстай анлайн-сустрэчы, арганізаванай наследным прынцам Абу-Дабі шэйхам Мухамедам бэн Заідам аль-Нахаянам. У ёй будуць удзельнічаць таксама Вялікі імам універсітэта Аль-Азхар у Каіры шэйх Ахмед Эль Таеб і Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

 

У рамках падзеі адбудзецца цырымонія абвяшчэння сёлетніх пераможцаў Прэміі Заіда «Чалавечае братэрства», заснаванай у 2019 г. Яе першымі лаўрэатамі былі Папа Францішак і імам Эль Таеб.

 

Міжнародны дзень чалавечага братэрства абвясціла Генеральная Асамблея ААН у Рэзалюцыі ад 21 снежня 2020 г.

 

Было вырашана, што датай яго святкавання стане 4 лютага: у гэты дзень у 2019 г. Папа і імам Аль-Азхар падпісалі сумесную «Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні». Гэта беспрэцэдэнтная падзея адбылася падчас Апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

 

Праз некалькі месяцаў пасля падпісання Дэкларацыі быў заснаваны Камітэт па ажыццяўленні яе прынцыпаў. Мэта структуры заключаецца ў развіцці братэрства, салідарнасці, узаемнай павагі і разумення. Адзін з праектаў Камітэта — заснаванне «Дома сям’і Абрагама» з сінагогай, касцёлам і мячэццю на выспе Саадыят у Абу-Дабі.

 

Святы Айцец даручыў падрыхтоўку да святкавання Міжнароднага дня чалавечага братэрства Папскай радзе па міжрэлігійным дыялогу. У спецыяльным відэароліку з гэтай нагоды ён падкрэсліў неабходнасць сканцэнтравацца на тым, што з’яўлецца самым важным для кожнай веры: пашане да Бога і любові да бліжняга.

 

«Братэрства вядзе нас да таго, каб адкрыцца Айцу ўсіх людзей і ўбачыць у іншым брата, сястру, каб дзяліцца жыццём і падтрымліваць, любіць і пазнаваць адзін аднаго»,— сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

 

Паводле Catholic.by

 

3.02.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier