Пошук
Нядзельнае казаньне
пятніца
КРАСАВІКА |
Сьветлая пятніца |
Казаньні і гаміліі
Свята Трох Свяціцеляў: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага
1.Словы апостальскага чытання на свята Трох Свяціцеляў – з Паслання да Габрэяў (13:7-16) – у самых першых радках адкрываюць нам сэнс свята. “Памятайце пра вашых настаўнікаў, якія абвяшчалі вам Божае Слова, і разважаючы пра канец іхняга жыцця, наследуйце іх веру” (Габ 13, 7). Трох Ерархаў - Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага - мы называем настаўнікамі таму што яны навучалі верных жыць паводле Евангелля. Навучалі ня толькі праз ўласнае слова, якім валодалі віртуозна, паводле зместу і паводле знешняй формы. Але, як і належыць сапраўдным настаўнікам, навучалі сваімі ўчынкамі і прыкладам дабрадзейнага жыцця. 2. Хрысціяне Кападокіі, Канстантынопаля і Антыяхіі, якім пашчасціла быць жывымі сведкамі навукі і жыцця Трох Свяціцеляў, перадалі наступным хрысціянскім пакаленням глыбокую пашану да Святых, захапленне іхнімі подзьвігамі веры і веру ў сілу іх заступніцкай малітвы перад Богам асабіста дасведчаную шмат разоў. Святкуючы гэта свята, мы з даверай адкрываемся на духоўны вопыт нашых папярэднікаў. Аддаленыя ад іх у часе і прасторы, але блізкія духам, мы спрабуем пераняцца жывой верай Айцоў Царквы. Мы не захапляемся музэйнай старажытнасцю нашай веры, але падкрэсліваем ейную заўсёдную і паўсюдную актуальнасць. Не хвалімся учынкамі святых, якіх мы шануем, але спрабуем сярод сучасных абставінаў наследваць іхнія дабрадзейнасці. Кожны раз калі молімся тэкстамі малітваў аўтарства некага з Трох Свяціцеляў, падчас Літургіі ў храме або ў цішыні ўласнага дому, мы датыкаемся іхняга вопыту малітвы. Калі мы чытаем іх тлумачэнні Святога Пісання, яны адкрываюць нам непранікальную глыбіню Божага задуму пра збаўленне чалавека. 3. Кожнага уважнага чытальніка, нават нерэлігійнага, ня могуць пакінуць абыякавымі гісторыі іхняга жыцця. Сяброўства такіх розных па характару людзей як Васіль і Рыгор. Дабрадзейнасць Анфусы, “матери-одиночки» Яна Златавуснага, якая змагла выхаваць такога надзвычайнага сына. Слухмянасць і пакорлівасць Святых перад аўтарытэтам Божых запаведзяў, і - у той самы час - іх адвага і нязломнасць перад абліччам тых хто парушаў Божыя законы і нявечыў людзей створаных на Божы вобраз і падобу. Іх здольнасць ня толькі добра пачаць хрысціянскага жыццё і служэнне, на крылах маладзёвай сілы і натхнення, але і, застаўшыся вернымі свайму выбару, прынесці “ў працы і пакуце” плады сталых гадоў жыцця. 4. Маючы навучанне Святых Настаўнікаў і пазнаючы прыклад іхняга жыцця, як і ў любой іншай “акадэмічнай школе”, мы маем таксама патрэбу ў добрых вучнях. Вучнях, здольных засвоіць Божую навуку і з часам перадаць яе іншым. Будзем маліцца сёння, каб наш Нябесны Настаўнік, Госпад Ісус Хрыстос, малітвамі Сваіх святых, дапамог нам быць стараннымі Хрыстовымі вучнямі, гатовымі вытрываць ва ўсіх іспытах і выпрабаваннях якія сустрэнуцца нам на шляху зямнога жыцця. Амін. Аўтар - ераманах Лявонцій Тумоўскі |
28.01.2021
|