Пошук
Нядзельнае казаньне
субота
САКАВІКА |
Біскуп Казімір Велікаселец уступіў на пасаду Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Сустрэчу распачаў малітвай Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён шчыра падзякаваў усім прысутным за шматгадовае супрацоўніцтва, абяцаючы сваю малітву і падтрымку, а таксама служэнне парадамі і дапамогай у выпадку патрэбы.
Пасля кароткага ўступнага слова канцлер Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі зачытаў Дэкрэт Кангрэгацыі па справах Біскупаў ад 3 студзеня 2021 года на лацінскай мове, якім тытулярны біскуп Бланды і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец быў прызначаны Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Калі Дэкрэт быў прачытаны і паказаны прысутным, біскуп Казімір Велікаселец публічна прачытаў Вызнанне веры і падпісаў акт уступлення на пасаду.
Звяртаючыся да ўсіх членаў Калегіі, Апостальскі адміністратар падзякаваў ім і папрасіў аб дапамозе ў выкананні ўскладзеных на яго абавязкаў.
Пасля гэтага члены Калегіі кансультантаў перайшлі да абмеркавання бягучых спраў. Быў разгледжаны шэраг пытанняў, звязаных з працай Мінскага тэалагічнага каледжа iмя святога Яна Хрысціцеля і дзейнасці парталу Catholic.by. Акрамя таго, паступілі прапановы адносна адзначэння ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі года святога Юзафа і 800-годдзя з дня нараджэння для неба святога Дамініка.
Удзельнікі сустрэчы агучылі шматлікія просьбы ад вернікаў, якія паступаюць з усёй Беларусі, аб магчымасці аднаўлення трансляцыі нядзельнай святой Імшы на беларускім радыё. Было вырашана ў чарговы раз падаць кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі просьбу аднавіць гэтыя трансляцыі, якія слухала вялікая колькасць людзей, пераважна пажылых, па ўсёй краіне. Сустрэча завяршылася малітвай праз заступніцтва Багародзіцы, якую ўзначаліў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.
Нагадаем, што ў нядзелю 24 студзеня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбудзецца цэлебрацыя ўрачыстай святой Імшы з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Казіміра Велікасельца.
Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by |
22.01.2021
|