Пошук

Каляндар

 

У мінскай архікатэдры памаліліся за спачылага Мітрапаліта Філарэта  


У мінскай архікатэдры памаліліся за спачылага Мітрапаліта ФіларэтаУвечары 15 студзеня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша аб вечным супакоі для спачылага Мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які ў гэты дзень быў пахаваны ў жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры.


Цэлебрацыю ўзначаліў Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Эўхарыстыю ў галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі канцэлебравалі Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і іншыя святары лацінскага і ўсходняга абрадаў.

 

У гаміліі арцыбіскуп успомніў словы праваслаўнага іерарха, з якімі той звярнуўся да яго з нагоды 65-годдзя: «Не нам, Пане, не нам, але Твайму Імені няхай будзе слава». Паводле арцыбіскупа, у гэтых словах Пісання схавана тамніца служэння і веліч Мітрапаліта Філарэта: «Ён імкнуўся не да сваёй славы, а да Божай».

 

У мінскай архікатэдры памаліліся за спачылага Мітрапаліта ФіларэтаУ мінскай архікатэдры памаліліся за спачылага Мітрапаліта ФіларэтаІерарх адзначыў, што 35 гадоў служэння Мітрапаліта Філарэта ў Беларусі былі прысвечаны адраджэнню веры ў нашай краіне.

 

Па словах арцыбіскупа, з Божым Нараджэннем асыцыюецца Бэлеем і Бэтлеемская зорка, і «ў далёкім 1978 годзе на беларускім небасхіле з’явілася свая Бэтлеемская зорка, імя якой Мітрапаліт Філарэт». У ім «наш народ бачыў выдатнага пастыра, багаслова, арганізатара, дыпламата, чалавека дыялогу», дадаў іерарх. Пры гэтым «ён памятаў і пра католікаў»: «калі не хапала касцёлаў і святароў, дазволіў праваслаўным святарам спавядаць і прычашчаць католікаў у Праваслаўнай Царкве».

 

Іерарх дадаў, што Мітрапаліту Філарэту «былі ўласцівыя глыбокія тэалагічныя разважанні і адначасова здаровы гумар», яго казанні былі «актуальнымі і жывымі», «ён знаходзіў час для кожнага». Дзякуючы ўсяму гэтаму «ён набыў павагу і пашану і ў Каталіцкім Касцёле і іншых веравызнаннях, у веруючых і няверуючых, ва ўсім нашым грамадстве». Ён «сваёй дзейнасцю і адкрытасцю спрыяў аб’яднанню нашага шматканфесійнага грамадства», «дзякуючы яго намаганням мы маем міжканфесійны мір, адносіны паміж рознымі веравызнаннямі ў Беларусі з’яўляюцца прыкладам іншым краінам».

 

Арцыбіскуп дадаў, што Касцёл удзячны гэтаму «вернаму сыну Праваслаўнай Царквы і адначасова вялікаму сябру Каталіцкага Касцёла».

 

Іерарх звярнуўся ў малітве да Бога з просьбай прыняць спачылага Ганаровага Патрыяршага Экзарха ў радасць вечнага жыцця.

 

«Няхай ён стане новым нябесным заступнікам нашай Бацькаўшчыны ў асаблівы час, калі нам, як паветра, патрэбныя мір і згода, якія павінны будавацца на любові да Бога і бліжняга, а таксама на ўзаемным прабачэнні, да чаго заклікаў Мітрапаліт Філарэт»,— узрушана сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Кандрусевіч.

 

Акрамя вернікаў розных канфесій, прысутных на Імшы ў мінскай катэдры, да малітвы духоўна далучыліся яшчэ каля пяцісот чалавек, якія глядзелі прамую трансляцыю цэлебрацыі на партале Catholic.by.

 

Паводле Catholic.by

 

15.01.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier