Пошук

Каляндар

 

З Праведным Язэпам молімся за тых, хто ў засценках  


З Праведным Язэпам молімся за тых, хто ў засценках

“Шчаслівыя тыя, каго пераследуюць за праўду,

бо іх ёсць валадарства нябеснае” (Мц 5,9)

Вернікі парафіі Праведнага Язэпа моляцца асабліва за зняволеных слугаў Божых Міхася і Андрэя.

 

ДЗЕНЬ VІ (21 снежня):

 

КАНДАК 6

Прадказанага ў Законе і прароках, ты, як чалавека, на восьмы дзень абрэзаў, і імя Ісус схаванае ў Тройцы, як каштоўны бісер ад скарбаў нябесных прынесены, у пазнаньне ўсім людзям дараваў ты, Язэпе, і гэтым Анёлаў зьдзівіў, людзей усьцешыў, дэманаў напалохаў, і як мірам пахучым увесь сусьвет асьвяжыў і запяяў Богу: 

Алілуя.

 

ІКАС 6

Табе, праведны Язэпе, праз прароцтва Сымона ў Дзіцятку Ісусе сьвятло зазьзяла для прасвятленьня народаў і славы людзей Ізраіля, але яно воблакам смутку пакрываецца, бо народ сумеўся, Ірад шалее, душы Немаўлятка шукаючы, прароцтва прадвяшчаецца, што сэрца Марыі меч праб'е, каб вера і цярпеньне твае бачны былі ўсім. Таму табе, моцнаму ў цярпеньні і ў веры нязломнаму, усклікаем: 

-Радуйся, бо ты спакусамі, быццам золата ў печы, ачышчаўся;

-Радуйся, у радасьці пакорны, у смутку цярплівы; 

-Радуйся, заўсёды верны тайнам, табе давераным; 

-Радуйся, у мужнасьці нязломны;

-Радуйся, бо цябе вера, як зорка, на цёмных шляхах суправаджала;

-Радуйся, бо ў бурах жыцьцёвага мора якарам для цябе надзея на Бога была;

Радуйся, праведны Язэпе, хуткі памочнік і малітоўны заступнік душаў нашых.


20.12.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier