Пошук

Каляндар

 

Юбілейны Год святога Язэпа: спецыяльныя адпусты  


Юбілейны Год святога Язэпа: спецыяльныя адпустыДЭКРЭТ 

аб удзяленні дару спецыяльных адпустаў 

з нагоды Юбілейнага Году ў гонар святога Язэпа, 

абвешчанага Папам Францішкам дзеля дастойнага  святкавання 150-годдзя абвяшчэння Святога Язэпа Апекуном Каталіцкай Царквы.


Спаўняецца сёння 150 гадоў з дня выдання Дэкрэту Quemadmodum Deus, якім блаславёны Пій IX, узрушаны цяжкімі і журботнымі абставінамі, у якіх Царква была пад ударам ворагаў, абвясціў Святога Язэпа Апекуном  Каталіцкай Царквы.


Каб увекавечыць адданне ўсёй Царквы магутнаму заступніцтву Апекуна Ісуса, Папа Францішак пастанавіў, каб ад сённяшняй даты ўгодкаў абвяшчэння Дэкрэта, якая таксама ёсць святам Найсвяцейшай Беззаганнай Дзевы – Абручніцы найцнатлівейшага Язэпа, да дня 8 снежня 2021 г. адзначаўся адмысловы Год святога Язэпа, падчас якога кожны вернік паводле Яго прыкладу змог штодня ўмацоўваць сваё жыццё ў веры, цалкам выконваючы Божую волю.


Такім чынам, усе вернікі змогуць праз малітвы і добрыя ўчынкі з дапамогай святога Язэпа, главы Святой Сям'і з Назарэта, атрымаць суцяшэнне і палёгку ў цяжкіх чалавечых і сацыяльных нягодах, ад якіх сёння пакутуе сучасны свет.


Набожнае ўшанаванне (devotio) Апекуна Адкупіцеля шырока развівалася на працягу гісторыі Царквы, якая не толькі аддае Яму асабліва высокую пашану – адразу пасля Багародзіцы, Яго Абручніцы, – але і даручыла Яму ў апеку розныя сферы жыцця. 


Навучанне Царквы працягвае адкрываць старажытныя і новыя вялікія рэчы ў гэтай скарбніцы, якой з'яўляецца святы Язэп, як гаспадар дому з Евангелля паводле Мацвея, "які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое" (Мц 13,52).


Дар святых Адпустаў (індульгенцый), які Апостальская Пенітэнцыярыя, праз гэты Дэкрэт, выданы ў адпаведнасці з воляй Папы Францішка, ласкава удзяляе на ўвесь Год Святога Язэпа, будзе вельмі карысным для дасканалага дасягнення азначанай мэты.


Поўны адпуст (поўная індульгенцыя) прадастаўляецца на звычайных умовах (сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў намеры Святога Айца) вернікам, якія з душой, адарванай ад прывязання да ўсякага граху, будуць удзельнічаць у Годзе святога Язэпа ў нагодах і такім чынам, як гэта вызначае Апостальская Пенітэцыярыя:


-а. Святы Язэп, сапраўдны муж веры, запрашае нас зноў адкрыць сыноўскія адносіны з Айцом, аднавіць вернасць малітве, слухаць і адказваць на волю Божую, унікліва яе спазнаючы. 

Поўны адпуст надаецца тым, хто будзе разважаць як мінімум 30 хвілін над малітвай "Ойча наш", альбо возьме удзел у духоўных рэкалекцыях, прынамсі аднадзённых, якія ўключаюць разважанне пра святога Язэпа.


-б. Евангелле называе святога Язэпу "мужам Праведным" (пар. Мц 1, 19): ён, ахоўнік "сакрэтнай таямніцы, якая ляжыць у глыбіні сэрца і душы"[1], захавальнік таямніцы Бога і, такім чынам, ідэальны ахоўнік унутранага духоўнага жыцця (forum internum), заклікае нас нанова адкрыць для сябе значэнне цішыні, разважлівасці і вернасці ў выкананні сваіх абавязкаў. Цнота справядлівасці, якую Язэп узорна практыкаваў, заключаецца ў поўным выкананні закону Божага, які ёсць законам Міласэрнасці, "бо менавіта Міласэрнасць Божая выпаўняе сапраўдную справядлівасць"[2]. 

Таму таксама тыя, хто па прыкладзе святога Язэпа будзе здзяйсняць цялесную альбо духоўную справу міласэрнасці, таксама змогуць дасягнуць дару поўнага адпусту.


-в. Галоўным аспектам паклікання Язэпа было быць апекуном Святой Сям'і з Назарэта, абраннікам Найсвяцейшай Дзевы Марыі і законным бацькам Ісуса. Каб заахвоціць усе хрысціянскія сем'і ствараць такі клімат глыбокай еднасці, любові і малітвы, якімі жылі ў Святой Сям'і, таму удзяляецца поўны адпуст за чытанне Святога Ружанца ў сем'ях і між нарачонымі.


-г. Слуга Божы Пій XII 1 мая 1955 г. устанавіў свята святога Язэпа Рамесніка "з мэтай, каб усе прызналі годнасць працы, і каб гэта натхняла на грамадскае жыццё і законы, заснаваныя на справядлівым размеркаванні  правоў і абавязкаў"[3]. 

Такім чынам атрымлівае поўны адпуст той, хто штодня давярае сваю дзейнасць апецы святога Язэпа, ды любы вернік, які ў малітвах просіць заступніцтва Рамесніка з Назарэта, каб тыя, хто шукае працу, маглі знайсці яе і каб праца ўсіх была больш годнай.


-д. Уцёкі Святой Сям'і ў Егіпет "вучыць нас, што Бог знаходзіцца там, дзе чалавеку пагражае небяспека, дзе чалавек пакутуе, дзе ўцякае, дзе перажывае непрыняцце і пакінутасць"[4]. 

Поўны  адпуст удзяляецца вернікам, якія будуць чытаць Літанію да святога Язэпа (для лацінскай традыцыі), альбо Акафіст да святога Язэпа, цалкам альбо хаця б часткова (для візантыйскай традыцыі), альбо іншую малітву да св. Язэпа, якая ўласцівая іншым літургічным традыцыям, за Царкву, якую пераследуюць звонку і знутры ды за палёгку для ўсіх хрысціян, якія церпяць любыя формы пераследу.


Святая Тэрэза Авільская прызнавала cвятога Язэпа заступнікам ўва ўсіх жыццёвых абставінах: "Здаецца, што Бог даў іншым святым здольнасць дапамагаць ў той ці іншай патрэбе, а  слаўны святы Язэп – паводле маго вопыту - распасцірае сваю апеку на усе справы"[5]. Нядаўна святы Ян Павел II паўтарыў, што прыклад святога Язэпа набывае "новую актуальнасць для Царквы нашага часу ў дачыненні да новага хрысціянскага тысячагоддзя".


Каб пацвердзіць універсальнасць заступніцтва святога Язэпа ў Царкве, у дадатак да вышэйзгаданых выпадкаў Апостальская Пенітэнцыярыя надае поўны адпуст (поўную індульгенцыю) вернікам, якія прачытаюць любую законна зацверджаную малітву альбо акт пабожнасці ў гонар святога Язэпа, напрыклад "Да Цябе, Святы Язэпе", асабліва ў дні 19 сакавіка і 1 мая, у свята Святой Сям'і Ісуса, Марыі і Язэпа, у нядзелю святога Язэпа (паводле візантыйскай традыцыі), 19-га чысла кожнага месяца і кожную сераду, дзень, прысвечаны памяці Святога паводле лацінскай традыцыі.


У цяперашніх умовах надзвычайнай санітарнай сітуацыі дар поўнага адпусту асабліва распаўсюджваецца на састарэлых, хворых, паміраючых і ўсіх, хто па слушнай прычыне не можа пакінуць дом, хто з душой, адарванай ад любога граху і з намерам як мага хутчэй выканаць тры звычайныя ўмовы ў сваім доме альбо там, дзе іх перашкода трымае, прачытаюць акт пабожнасці ў гонар святога Язэпа, Суцяшальніка хворых і Зступніка шчаслівай смерці, з даверам прыносячы Богу боль і цяжкасці свайго жыцця.


Каб доступ да Божай ласкі праз уладу Ключоў Царквы стаў прасцейшым, Пенітэнцыярыя горача просіць, каб усе святары, надзеленыя патрэбным правам, з ахвотай і велікадушнасцю аддаваліся паслузе  сакраманту пакаяння і часта ўдзялялі святую Камунію хворым.


Гэты Дэкрэт дзейнічае ў Год святога Язэпа, нягледзячы на любыя супрацьлеглыя пастановы.


Дадзена ў Рыме, у Апостальскай Пенітэцыярыі, 8 снежня 2020 г.

Maurus Card. Piacenza, Paenitentiarius Maior

Christophorus Nykiel, Regens

L.+ S.

In PA tab. n. 866/20/I


NOTAE:

[1] Pius XI, Sermo proclamationis occasione heroicarum virtutum Servae Dei Emiliae de Vialar: L’Osservatore Romano, 20-21 Martii 1935.

[2] Franciscus, Allocutio in Audientia generali die 3 Februarii 2016 habita.

[3] Pius XII, Sermo sollemnitatis occasione Sancti Ioseph Opificis (1 Maii 1955).

[4] Franciscus, Angelus (29 Decembris 2016).

[5] Teresia a Iesu, Vita, VI.

[6] Ioannes Paulus II, Exhortatio Apostolica “Redemptoris Custos” (15 Augusti 1989), 32.


17.12.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier