Пошук

Каляндар

 

Паведамленне біскупа Алега Буткевіча ў сувязі з арыштам кс. Вячаслава Барка  


Паведамленне біскупа Алега Буткевіча ў сувязі з арыштам кс. Вячаслава Барка3 снежня 2020 г. пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Полацкі дэканат) кс. Вячаслаў Барок паводле пастановы суда Расонскага раёна быў асуджаны на 10 сутак арышту па артыкуле 17.10 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь па абвінавачванні ў «прапагандзе нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі».


Падставай для судовага працэсу стала публікацыя на асабістай старонцы святара ў адной з сацыяльных сетак плакату палітычнага зместу, які, паводле пераканання кс. Вячаслава і аўтара плакату, мае антыфашысцкую скіраванасць. Суду святар растлумачыў, што ён выступае «супраць фашызму, камунізму, любога таталітарнага рэжыму» і што згаданы плакат быў ім размешчаны як выраз «пратэсту супраць гвалту ў краіне».

 

Тым не менш складаецца ўражанне, што яго тлумачэнні не былі прынятыя судом да ўвагі, у выніку чаго кс. Вячаславу Барку быў вынесены абвінаваўчы прысуд, з якім святар не пагадзіўся, і з якім не магу пагадзіцца таксама і я. Бо кс. Вячаслава фактычна абвінавацілі ў тым, супраць чаго ён сам выступаў.

 

У сувязі з гэтым выказваю сваё засмучэнне і лічу, што гэтая справа павінна быць перагледжана з улікам меркавання незалежных экспертаў, а таксама дадзеных кс. Вячаславам тлумачэнняў, з якіх вынікае адсутнасць у яго намеру прапаганды нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі, у чым яго безпадстаўна абвінавачваюць, вынікам чаго павінна стаць зняцце абвінавачванняў і неадкладнае вызваленне святара.

 

Разам з тым, я не выключаю магчымасці, што факт размяшчэння святаром на яго асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы плакату палітычнага зместу мог быць па-рознаму ўспрыняты рознымі людзьмі, у сувязі з чым лічу неабходным папрасіць прабачэння ў тых, у каго падобны змест выклікаў негатыўную рэакцыю, яшчэ раз запэўніўшы ў адсутнасці ў кс. Вячаслава Барка намеру прапаганды нацыскай сімволікі.

 

Усіх вернікаў і людзей добрай волі заклікаю да малітвы ў інтэнцыі гэтай справы, а таксама ўсёй нашай краіны, каб сярод нас было больш любові і ўзаемнай павагі, а таксама імкнення да пошуку і прыняцця праўды, і жыцця паводле законаў: так дзяржаўнага, як і Божага.

 

Віцебск, 04.12.2020г.

 

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

 

Паводле http://catholicnews.by/


4.12.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier