Пошук
Нядзельнае казаньне
аўторак
САКАВІКА |
ЗВАРОТ ХРЫСЦІЯН РАСІІ да ХРЫСЦІЯН БЕЛАРУСІ
Мы, ніжэйпадпісаныя, духавенства і міране Рускай Праваслаўнай Царквы, іншых Памесных Праваслаўных Цэркваў, вернікі Рымска-Каталіцкай Царквы, а таксама хрысціяне іншых канфесій, якія жывуць у Расіі і іншых краінах, звяртаемся да вас са словамі салідарнасці, падтрымкі і суцяшэння.
Даваць прававую ацэнку падзеям, якія адбываюцца ў грамадстве, — справа юрыстаў, а не царкоўнай супольнасці. Тым не менш, згодна з Асновамі сацыяльнай канцэпцыі РПЦ, яна не можа быць ізалявана “ад удзелу ў рашэнні сацыяльна значных задач” і не можа быць пазбаўлена “права даваць ацэнку дзеянням улад” (III.3), у першую чаргу — маральную ацэнку.
Кожны з нас ведае па вопыце, што “свет ляжыць у зле” (1 Ін. 5:19). Кожны з нас, незалежна ад краіны знаходжання, сутыкаецца з несправядлівасцю, падманам і крывадушшам. Аднак падзеі, якія адбываюцца ў вашай краіне цягам апошніх некалькіх месяцаў, не пакідаюць нам магчымасці назіраць за імі моўчкі і абыякава. Хоць нас і падзяляюць палітычныя межы, мы, праваслаўныя людзі, — члены аднаго Цела Хрыстова, а таму, паводле слова апостала, “калі пакутуе адзін член, то з ім пакутуюць усе члены” (1 Кар. 12:26).
16 жніўня Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы выступіў са зваротам, дзе было, у прыватнасці, сказана: “Мы верым і спадзяемся, што кіраўніцтва дзяржавы, якое па праву заклікана паважаць і абараняць свой народ, спыніць гвалт, пачуе галасы пакрыўджаных і нявінна пацярпеўшых у перыяд супрацьстаяння, а тых, хто ўчыніў зверства і жорсткасць — аддасць законнаму суду і асуджэнню”. Гэтага не адбылося. Ніхто з тых, хто ўчыніў “зверства і жорсткасць”, не быў асуджаны; наадварот, градус гвалту толькі павышаецца. Задакументаваныя выпадкі траўм, атрыманых у аддзяленнях міліцыі і следчых ізалятарах, лічацца сотнямі. Сведчанні пра катаванні, знявагу і здзек з затрыманых, якія пацвярджаюцца фотаздымкамі і відэазапісамі, уваскрашаюць у памяці зверствы нямецкіх акупацыйных улад і катаў НКУС на вашай зямлі.
Вось сведчанне святара Аляксандра Кухты, які быў у валанцёрскім лагеры ля мінскай турмы на Акрэсціна і сустракаў людзей, затрыманых у першыя дні пратэстаў: “Я … на свае вочы бачыў збітых людзей, якіх катавалі падчас затрымання, катавалі ў аўтазаку, катавалі ў турме. Катавалі кулакамі, дубінкамі і электрашокерам. Не кармілі па тры дні запар, трымалі на вуліцы ці ў камерах 5х6 метраў па 40 чалавек (яны спалі стоячы) і перыядычна збівалі. Проста так. Без падставы. Таму што могуць… Яшчэ быў хлопец, якому дубінкамі на спіне выбілі крыж. Навошта? Чаму?” З пачатку жніўня загінулі некалькі чалавек, у тым ліку 31-гадовы Раман Бандарэнка, які пасля затрымання быў збіты да смерці.
Напярэдадні свята Нараджэння Хрыстовага з асаблівай вастрынёй і болем мы прыгадваем гісторыю пра іудзейскага цара, які загубіў шмат маладых жыццяў, баючыся згубіць уладу. Ажываюць журботныя словы старазапаветных прарокаў:
“Слухайце, правадыры Іакава і князі дому Ізраіля: ці ж не вам трэба ведаць праўду? А вы ненавідзіце добрае і любіце злое; здзіраеце з іх скуру іх і мяса з касцей іх, ядзіце мяса народа Майго і здзіраеце з іх скуру іх, а косці іх ламаеце і крышыце, нібы ў гаршчок, і мяса — бы ў кацёл. І будуць яны клікаць Госпада, але Ён не пачуе іх і схавае аблічча Сваё ад іх на той час, калі яны ліхадзейнічаюць” (Міх. 3:1-4)
Служыцелі Царквы Хрыстовай, якія ўзвышаюць голас супраць ілжы і гвалту, церпяць у Беларусі націск і пагрозы. “Дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе”, “трэба, каб праваахоўныя органы далі ім ацэнку” — гэтыя дырэктывы ўлады выконваюцца. Арцыбіскупу Рымска-Каталіцкай Царквы Тадэвушу Кандрусевічу, які звярнуўся да ўлад з заклікам распачаць дыялог і спыніць гвалт, забаронены ўезд у краіну. За адзіночны выхад з плакатам з выявай партрэта Ньютана і яго формулай “на ўсякае дзеянне ўзнікае супрацьдзеянне”, а таксама за ўдзел у мірнай дэманстрацыі клірык Гомельскай епархіі святар Уладзімір Драбышэўскі атрымаў у суме 25 дзён арышту. Іерэю Аляксандру Богдану, клірыку Гродзенскай епархіі, вынеслі папярэджанне за ўскладанне кветак 13 верасня ў памяць пра загінулага дырэктара музея Канстанціна Шышмакова, які адмовіўся падпісаць выніковы пратакол галасавання, а пасля быў знойдзены мёртвым. Пасля знішчэння імправізаваных мемарыялаў на месцы захопу Рамана Бандарэнкі ў Мінску 15 лістапада, а таксама ў іншых месцах старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіерэй Сергій Лепін напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: “Не зразумею, навошта гэты здзек з партрэтаў забітага, з кветак у яго памяць, навошта гэтае сатанінскае таптанне знічак і абразкоў, барацьба з імправізаваным мемарыялам на двары, уздоўж дарог...? У чым сэнс? Не ўзгоднена, так? А вось гэткія паводзіны і стаўленне - яно ўзгоднена? З кім?” Толькі адно гэта запытанне каштавала святару афіцыйнага папярэджання ад пракуратуры, дзе, у прыватнасці, было сказана, што ён свядома павышае ўзровень напружанасці ў грамадстве, распальвае нянавісць да органаў улады, заахвочвае да агрэсіі і, акрамя таго, яго выказванне мае рысы паклёпу. Такое ж папярэджанне атрымаў каталіцкі біскуп Юрый Касабуцкі за крытычнае выказванне з той жа нагоды. Зараз ім абодвум пагражае завядзенне крымінальнай справы.
Мы выражаем нашу салідарнасць, падтрымку і глубокую павагу іерархам, святарам і ўсім хрысціянам, якія, пагарджаючы небяспекай, нагадваюць пра свабоду і вартасць чалавечай асобы, створанай па вобразе і падабенстве Божым. Ваша служэнне, міласэрнае і праведнае, выяўляецца ў клопаце і заступніцтве за кожнага збітага, абылганага, прыніжанага, нявіннага і спакутаванага чалавека. Кожны, хто не пайшоў на змову з сумленнем дзеля выгады і бяспекі, з’яўляецца для нас прыкладам годнасці і мужнасці.
На жаль, цяпер многія ўпэўнены, што Царква заўсёды на баку тых, у каго сіла, што Царква заўсёды пад іх прыстасоўваецца, абслугоўваючы іх інтарэсы. Ваша служэнне паказвае, што гэта не так. Казанне архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, дзякуючы запісу на YouTube, сагрэла сэрцы дзесяткаў тысяч людзей. Духавенства і міран, мужчын і жанчын — усіх вас накіроўвае любоў, а гэта самая вялікая сіла на зямлі.
Думаючы пра вас, нельга не прыгадаць словы, якія звярнуў Свяцейшы Патрыярх Ціхан да Савета народных камісараў праз год пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі:
“Мы ведаем, што нашы выкрыванні выклічуць у вас толькі злосць і абурэнне і што вы будзеце шукаць у іх толькі падставу для абвінавачання нас у супраціве ўладзе, але чым вышэй будзе ўздымацца “стоўп злосці” вашай, тым больш верным будзе яно сведчаннем справядлівасці нашых выкрыванняў. Не наша справа судзіць пра зямную ўладу, усякая ўлада, ад Бога дапушчаная, схіліла б да сябе наша благаславенне, калі б яна сапраўды сталася “Божым слугой” на карысць падначаленых і была страшная “не для добрых спраў, а для злых” (Рым. 13:34). Сёння ж да вас, хто ўжываюць уладу на пераслед бліжніх, знішчэнне нявінных, звяртаем мы наша слова раджання: адсвяткуйце ўгодкі свайго знаходжання пры ўладзе вызваленнем вязняў, спыненнем кровапраліцця, гвалту, спусташэння, абмежавання веры; звярніцеся не да разбурэння, а да наладжвання парадку і законнасці, дайце народу жаданы заслужаны ім адпачынак ад міжусобнай вайны. А інакш спагнана будзе ад вас усякая кроў праведная, якую вы праліваеце (Лк. 11:51), і ад мяча загінеце самі вы, хто ўзялі меч (Мф. 26:52)”.
Любая праява вашага свабоднага духу будзе выклікаць злосць і абурэнне, але іншага шляху для хрысціян няма. Няхай вас умацоўваюць прыклады свяціцеляў Амвросія Медыяланскага, Іаана Залатавуста, Філіпа Маскоўскага і многіх іншых, хто не пабаяўся выкрываць зло і няпраўду носьбітаў улады. “Ніхто, запаліўшы свечку, не ставіць яе ў патаемным месцы, ні пад пасудзінай, а на падсвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло” (Лк. 11:33).
Мы ўзносім малітвы за беларускую зямлю, спадзяючыся на тое, што больш ніхто не будзе прыніжаны, збіты, скатаваны ці забіты з-за сваіх перакананняў. Мы молімся за тых, хто, выконваючы прысягу і загады, мае ўладу ўжываць сілу і зброю супраць пратэстуючых. Няхай кожны, хто носіць форму і зброю, захавае сумленне, гонар і годнасць, адказнасць перад суграмадзянамі, перад сваімі братамі і сёстрамі.
Мы верым у тое, што мірны дыялог — гэта адзіная альтэрнатыва гвалту. На шляху да свята Нараджэння Хрыстовага мы ведаем, што разам з усімі вамі, жыхарамі Мінска, Гродна, Гомеля, Брэста, Магілёва, Віцебска, у малых гарадах і вёсках, зусім хутка мы сустрэнем Богадзіцятка Хрыста і пачуем у зімовай ночы словы:
Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля!
Міхаіл Алдашын, праваслаўны, мастак-мульціплікатар, Расія і яшчэ 73 подпісы (25.11.2020)
https://www.pravmir.ru/pismo-svyashhennikov-i-miryan-k-hristianam-belarusi |
25.11.2020
|