Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ЛІСТАПАДА
Сёньняшняе чытаньне:

Хрысціяне занепакоены сітуацыяй у Нагорным Карабаху  


Хрысціяне занепакоены сітуацыяй у Нагорным КарабахуШэраг хрысціянскіх рэлігійных лідараў у розных краінах свету выказваюць сваю заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася вакол Нагорнага Карабаха, і заклікаюць міжнародную супольнасць паспрыяць спыненню канфлікту.

Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, Патрыярхі і кіраўнікі Цэркваў на Святой Зямлі ў сувязі з гэтым скіравалі спецыяльны зварот да лідараў еўрапейскіх дзяржаў, прэзідэнтаў Расіі і ЗША, а таксама Генеральнага сакаратара ААН. У ім яны нагадваюць, што ў выніку баявых дзеянняў «на мяжы паміж Азербайджанам і Нагорным Карабахам» ужо загінулі нявінныя людзі. Яны настойваюць на спыненні агню і распачацці перамоваў аб міры.

Да малітвы за Нагорны Карабах заклікаў Прымас Чэхіі кардынал Дамінік Дука. Ён прызнаецца, што яго схілілі да гэтага армяне, якія жывуць у Чэхіі, а таксама факт, што з Прагі паходзіць Франц Вэрфель, нямецкамоўны пісьменнік, аўтар славутага рамана «Сорак дзён Муса-Дага», у якім апісваецца генацыд армянаў падчас Першай сусветнай вайны і гераізм пераследаваных хрысціянаў.

«Гэты твор не толькі нагадвае нам іх гісторыю, але таксама выклікае занепакоенасць лёсам нашых хрысціянскіх братоў»,
— напісаў кардынал Дука.

Між тым, як са спасылкай на французскі штодзённік La Croix паведамляе Vatican News, Армянская Апостальская Царква цалкам падтрымлівае абаронцаў нагорнага Карабаха, благаслаўляе жаўнераў і суцяшае пацярпелых ад бамбардзіровак. Каталікос усіх армянаў Гарэгін ІІ заклікаў святароў паступаць на службу ў якасці вайсковых капеланаў.

У мінулую суботу ва ўсіх цэрквах і манастырах Арменіі, а таксама ў дыяспары адбыліся малітвы і набажэнствы ў інтэнцыі Нагорнага Карабаха і яго абаронцаў.

«Свет павінен даведацца, што Арцах (армянская назва Нагорнага Карабаха) — гэта зямля, якая ўзнікла з крыві, малітвы і слёз армянаў. Па нормах міжнароднага права, яго народ мае права на самавызначэнне»,
— дадаў Гарэгін ІІ. У сваю чаргу епіскап Нагорнага Карабаха заклікаў усіх армянаў дапамагчы войску і жыхарам гэтага рэгіёна.

Вялікую занепакоенасць канфліктам выказала і Сусветная Рада Цэркваў. Часовы Генеральны сакратар гэтай арганізацыі заклікаў да неадкладнага спынення агню і распачацця перамоваў. Айцец Іаан Саўка выказаў таксама занепакоенасць скрайне агрэсіўнай пазіцыяй турэцкіх уладаў, якія ў гэтай сітуацыі павінны захоўваць нейтралітэт. Святар звярнуўся з заклікам да рэлігійных лідараў краін АБСЕ паўплываць на ўлады сваіх краін з мэтай спынення канфлікту на Каўказе.

Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

8.10.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier