Пошук

Каляндар

 
серада
ЖНІЎНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Дзева Марыя прыкладам пазнання і любові Бога  


Дзева Марыя прыкладам пазнання і любові БогаУ духовай праграме Пілігрымкі 2020 асаблівае месца мае Найсвятая Дзева Марыя – Маці Ісуса Хрыста і духоўная Маці Ягоных вучняў.

 

Удзельнікам праграмы прапануем разважанне аб пакліканні Дзевы Марыі.

 

У шосты месяц быў пасланы Богам анёл Габрыель у горад у Галілеі, званы Назарэт, да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Увайшоўшы да яе, анёл прывітаў: “Вітай, поўная ласкі, Госпад з табою”. А яна ж стрывожылася дзеля словаў ягоных ды думала сабе, што гэта за прывітанне такое? І сказаў ёй анёл: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога. Вось жа пачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус. Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы. І дасць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага; і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Ягонаму не будзе канца”. (Лк. 1, 26-33)

 

1.Апостал Павел піша, што “Бог паслаў Сына Свайго”, “калі прыйшла поўня часу” (Гал. 4, 4). Божы Сын прымае чалавечую прыроду, калі “спаўняецца час”. Што азначае гэты выраз? Каталіцкая Царква вучыць, што менавіта “Дабравешчанне Марыі адкрывае сабою «паўнату часоў», гэта значыць выкананне абяцанага і падрыхтаванага” (ККЦ, 484). “Дзева Марыя, Найсвяцейшая Маці Божая - гэта вяршыня місіі Сына і Духа ў паўнаце часоў. Упершыню ў задуме збаўлення (...) Бог знаходзіць жытло, дзе Яго Сын і Дух Святы могуць жыць сярод людзей” (ККЦ, 721).

Ад самага пачатку да «паўнаты часоў» Дух Божы падрыхтоўвае часы Месіі, калі павінна здзейсніцца адкупленне чалавецтва і вяртанне чалавека ў дом Айца. Каб Бог мог рэалізаваць Свой задум збаўлення, Яму патрэбнае супрацоўніцтва самога чалавека. Кажучы больш канкрэтна, была патрэбная жанчына, якая паверыць у неверагодную рэч і, паверыўшы, зачне і народзіць Збавіцеля. Уся гісторыя да моманту Дабравешчання была шляхам развіцця супольнасці людзей у веры, каб нарэшце з’явілася тая, якая паверыць.

 

2. Зачацце Божага Сына было не толькі цудам Божым, вялікім дзеяннем Бога Усемагутнага, але таксама плодам вялікай пакоры Марыі і яе даверу да Бога. Вера і любоў Марыі мелі дзейную сілу, менавіта яе жывыя адносіны з Богам дазволілі ёй узняцца над чалавечай логікай і прыняць як праўду тое, што толькі пакорлівая вера здольная прыняць.

“Малітва Марыі адкрываецца нам на світанку паўнаты часу. Перад Уцелаўленнем Сына Божага Яе малітва выключным чынам садзейнічае задуму добрай волі Айца - у момант Дабравешчання дзеля зачацця Хрыста. У веры Яго пакорлівай Слугі дар Бога прыняты так, як сам Бог чакае ад пачатку часу. Тая, Якую Уседзяржыцель зрабіў «поўнай ласкі», адказвае прынашэннем усёй Сваёй існасці: «Вось, Я слуга Гасподняя, няхай будзе Мне паводле слова Твайго». «Няхай будзе!» - такой ёсць хрысціянская малітва: цалкам належаць Яму, таму што Ён цалкам належыць нам”. (ККЦ, 2617)

 

3. Для Бога няма немагчымых рэчаў, але ў свеце людзей Ён патрабуе нашага супрацоўніцтва, нашага “няхай будзе”. Марыя зрабіла магчымым здзейсніцца нашаму Збаўленню ад Бога, таму што паверыла Богу. Паверыла Богу, бо Яна ведала Бога і Яго сілу. Нашае жыццё напоўненае тым, у што мы верым, каму давяраем, на каго пакладаемся. Хто сее вецер, пажне буру. “Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць. Хто спадзяецца на багацце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісце, зазелянеюць” (Высл. 11,27-28). Няхай Дзева Марыя будзе для нас прыкладам пазнання і любові Бога, а таксама крыніцай Божай ласкі, каб мы, дзякуючы Яе заступніцтву, узрасталі ў даверы да Божай волі і пакоры перад тым, што пераўзыходзіць нашае разуменне і магчымасці.

 

Аўтар - а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст


9.07.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier