Першая пілігрымка была арганізавана ў 1995 годзе іераманахам-студытам з Полацка а. Валерым (Алексійчуком) – сёння грэка-каталіцкім біскупам у Чыкага.
Пілігрымка праходзіць у першыя дэкады ліпеня кожнага года на працягу пяці дзён.
Кожная пілігрымка праходзіць пад асобным дэвізам, які адлюстроўвае праграму падрыхтаваную арганізатарамі. Ніжэй падаюцца некалькі прыкладаў такіх дэвізаў, пачынаючы з 2008 года:
2008 г. – "Любоў Хрыста заахвочвае нас" (Кар. 5, 14).
2009 г. – "Крыж Хрыста – знак любові".
2010 г. – "Ісці за Хрыстом – пад покрывам Багародзіцы".
2011 г. – "У падзяку Богу за беатыфікацыю Яна Паўла II".
2012 г. – "Евангелізацыя – пакліканне сям’і".
2013 г. – "Веру, Госпадзе, і вызнаю…".
2014 г. – "Будзьце мужнымі! Адвагі!".
2015 г. – "Люблю прыказаньні Твае, Госпадзе!".
2016 г. – "Веру ў адзіную Царкву, 1596-2016". Памяць важнай гістарычнай падзеі сусветнага значэння, якая адбылася на беларускай зямлі. Памеснага аб'яднаўчага сабору ў Берасці ў 1596 г.
2017 г. "Людемъ посполитымъ к доброму научению". Памяць юбілею 500 год выдання Бібліі Францыскам Скарынам.
2018 г. – "Gaudete et exsultate " - "Радуйцеся і весяліцеся" (Мц 5, 12).
У 2019 г. Пілігрымку планавалася правесці пад дэвізам "Хрыстос жыве", менавіта так пачынаецца пасланне Папы Рымскага Францыска звернутае да моладзі і апублікаванае ў 2019 г., але на жаль, гэтая пілігрымка не адбылася ў звычайным фармаце.
+ + +
“Дарога духоўнага адраджэння”
1.Штогод тысячы вернікаў бяруць удзел у традыцыйных пілігрымках на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх вылучаецца асаблівая, хоць і не самая вядомая і шматлікая, грэка-каталіцкая пілігрымка з Віцебска ў Полацк, адметная сваім пакутніцкім характарам. Арганізатарам з'яўляецца супольнасць парафіі Уваскрасення Хрыстовага Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Пілігрымка прысвечана памяці святамучаніка Язафата Кунцэвіча архібіскупа Полацкага і пяці полацкіх мучанікаў манахаў-базыльянаў.
Першая пілігрымка была арганізавана ў 1995 годзе. Першапачаткова яна пачыналася на так званай Успенскай горцы, побач з Успенскім саборам г. Віцебска, месцы мучаніцкай смерці святамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага, мошчы якога спачываюць у базыліцы святога Пятра ў Ватыкане.
Пазней, каб пазбегнуць канфлікітнай сітуацыі, пачатак пілігрымкі быў перанесены ў храм грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрэсення Хрыстовага, паколькі тэрыторыя Успенскай горкі была перададзена ў карыстанне Праваслаўнай Царквы.
2. Грэка-каталіцкія пілігрымка з Віцебска ў Полацк праходзіць у першыя дэкады ліпеня кожнага года на працягу пяці дзён. За гэты час вернікі пераадольваюць пешшу каля 110 км. Маршрут пілігрымкі пралягае праз Віцебск, Заронава, Шуміліна, Обаль, Гараны, Струнне, Полацк. Струнне - месца знаходжання былой рэзідэнцыі полацкіх архібіскупаў Уніяцкай Царквы (нажаль не захавалася да цяперашняга часу). На яе месцы сёння ўсталяваны памятны паклонны крыж, каля якога пілігрымы спыняюцца на памінальнае багаслужэнне - паніхіду.
Завяршаецца пілігрымка ў Полацку, ля муроў храма св Сафіі (цяпер музей), месца дарагога і памятнага для кожнага беларуса, адначасова месца мучаніцтва пяці манахаў-базыльянаў.
3. Адной з найважнейшых тэмаў пілігрымкі з'яўляецца духоўнае адраджэнне Беларусі. Як казаў іераманах Лявонцій (Тумоўскі): “Калі пілігрымка толькі пачыналіся ў 1995 г. на нашым шляху не было ніводнага дзеючага храма, усе яны былі знесены ў 30-я гады ХХ стагоддзя, а сёння амаль у кожным населеным пункце нас сустракае хрысціянскі храм. Адной з мэтаў пілігрымкі заўсёды была евангелізацыя. Літаральна ў кожнай вёсцы, дзе мы спыняемся на начлег, мы праводзім евангэлізацыйная сустрэчы з мясцовымі жыхарамі. Пропаведзь Хрыста стала для нас вельмі істотным заданнем”.
4. Пачынаюць пілігрымку звычайна 30-40 чалавек, з розных хрысціянскіх супольнасцей Беларусі. Фармат пілігрымкі свабодны, таму да яе далучаюцца ахвотныя на працягу ўсяго маршруту, колькасць пілігрымаў падвойваецца.
Пілігрымка ажыццяўляецца і як месца міжканфесійнага дыялогу. Актыўна ў пілігрымцы ўдзельнічаюць не толькі вернікі грэка-каталіцкай Царквы, але і рыма-католікі, праваслаўныя, а нават і тыя, што толькі шукаюць свой шлях да Бога.
Ужо традыцыйна пілігрымка - гэта і пляцоўка міжнацыянальнага дыялогу. На працягу апошніх гадоў у ёй прымалі ўдзел не толькі грамадзяне Беларусі, але і Украіны, Літвы, Польшчы, Расіі, Францыі, Бельгіі, Італіі.