Пошук

Каляндар

 
субота
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Казаньні і гаміліі 5-я Нядзеля пасля Св. Тройцы  


Слава Ісусу Хрысту! Дарагія браты і сёстры, сябры!

 

1.Перад тым, як звярнуцца да пачутага фрагмента Евангелля, я хачу звярнуць вашу ўвагу на яго кантэкст. Кантэкстам з’яўляюцца 8 і 9 раздзелы Евангелля паводле Мацьвея, у якіх Евангеліст апісвае цуды нашага Госпада. Большасць з гэтых цудаў – гэта аздараўленні людзей, але ёсць тут таксама два ўчынкі Ісуса, якія звяртаюць на сябе увагу ў асаблівы спосаб.

Першы момант гэта, калі Госпад уціхамірыў вятры і мора. А другі выпадак, які наступае адразу пасля яго, апісвае фрагмент, які мы толькі што пачулі, а менавіта, выгнанне дэманаў з двух апантаных.

Гэтыя два цуды асаблівыя тым, што Ісус паказвае сябе ўладаром над звышнатуральнымі моцамі. Так, вядома, вятры і мора – гэта прыродныя моцы, але для габрэяў вада – з’яўляецца таксама стыхіяй, у якой жывуць дэманы. Таму супакоіўшы буру на Генісарэцкам возеры, Госпад паказвае сваю ўладу над імі. Аднак яшчэ больш яскрава выяўляецца яго ўлада ў выгнанні дэманаў з двух апантаных. Гэта не проста чарговае аздараўленне, але маніфестацыя і дэманстрацыя Яго моцы.

 

2. Знакава, што дэманы пазнаюць Ісуса (і не проста пазнаюць, а прызнаюць у ім Сына Божага). Нагадаю, што звяртаюцца яны да Яго такімі словамі: “Што Табе да нас, Ісус, Сын Божы? Ці Ты прыйшоў сюды дачасна мучыць нас?”(Мц 8, 29). “Што Табе да нас” – гэта гэбраізм, які выражае радыкальнае нежаданне камунікацыі, узаемаадносін. Аднак, дэманы не маюць выйсця – яны не могуць збегчы і мусяць прадстаяць перад Ісусам.

Другая частка іх словаў: “Ці Ты прыйшоў сюды дачасна мучыць нас?”, паказвае іх свядомасць. Свядомасць, што Госпад Ісус – гэта той, хто будзе судзіць іх на Апошнім Судзе. Разумеючы, што не пазбегнуць выгнання з людзей, якімі яны завалодалі, дэманы просяць паслаць іх у статак свіней. Аднак, яны не могуць прадбачыць таго, што далей адбываецца: статак гіне ў моры і такім чынам Провід Божы няўхільна вядзе дэманаў на Суд.

 

3. Тое, што дэманы ўцякаюць ад Ісуса – гэта цалкам зразумела. Але мяне трошкі бянтэжыць, што і пастухі робяць тое ж самае! Яны збягаюць ад Ісуса ў горад, каб паведаміць гараджанам “пра ўсё” – гэта значыць пра трагедыю, што здарылася са свіннямі. Ну і, вядома, напрыканцы, яны распавядаюць – як гэта падае Евангеліст Мацьвей – “і пра тых, што былі апанаваны дэманамі”.

Такі парадак ясна нам паказвае важнасць навінаў у разуменні гадарэнскіх пастухоў. Сенсацыяй было не тое, што Госпад выгнаў дэманаў, але тое што загінуў статак свіней! Матэрыяльная страта засланіла ім вочы розуму і яны, “убачыўшы Яго прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў”.

 

4. Якія практычныя высновы мы можам зрабіць, разважаючы сённяшні фрагмент Евангелля? Па-першае, што будзе Апошні Суд і дэманы, зло – будзе няўхільна асуджана! Гэта перасцярога ўсім, якія сёння чыняць няпраўду ў грамадскім і палітычным жыцці. Якія, кажуць, што белае – гэта чорнае, а чорнае – белае. Навярніцеся цяпер, бо вам не пазбегнуць Божага Суду.

Па-другое, нам нельга быць, як жыхары Гадарэнскай краіны. Маю на ўвазе, што вельмі часта мы глядзім на матэрыяльны бок справы, на матэрыяльны бок свайго жыцця і не заўважаем Ісуса, які робіць у ім (жыцці) цуды! Каб пабачыць цуды Госпада, давайце будзем пазбаўдяцца эгаізма і эгацэнтрызма, будзем шукаць не толькі свайго дабра, але і дабра іншых людзей.


Аўтар - а. Андрэй Буйніч

5.07.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier