Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ЛІСТАПАДА
Сёньняшняе чытаньне:

Блаcлавёны святамучанік Леанід (Фёдараў)  


Блаcлавёны святамучанік Леанід (Фёдараў)Экзарх Расійскай Грэка-Каталіцкай Царквы.


Памяць блаславёнага святамучаніка Леадіна ўшаноўваецца 27 чэрвеня, разам з 24-ма новамучанікамі – ахвярамі пераследу грэка-каталіцкай Царквы савецкімі бальшавікамі.

 

1.Леанід Фёдараў (манаскае імя Лявонцій) нарадзіўся 4 лістапада 1879 года ў Санкт-Пецярбургу, ў праваслаўнай сям’і. Пасля перадчаснай смерці бацькі, выхаваннем Леаніда займалася ягоная маці. Вучыўся ў 2–ой Пецярбургскай класічнай гімназіі. Пасля яе заканчэння, ў 1901 годзе, адчуваючы пакліканне да святарства паступіў у Пецярбургскую Духоўную Акадэмію. На трецім курсе Леанід пакінуў навучанне і выехаў за мяжу з мэтай прыяднацца да Каталіцкай Царквы, што было забаронена для этнічных расіян (а таксама, беларусаў і украінцаў) тагачаснымі расійскімі законамі. Такое рашэнне ён прыняў пад уплывам самастойнага вывучэння твораў Айцоў Царквы і царкоўнай гісторыі.

Па дарозе ў Рым, Леанід Фёдараў восем дзён гасцяваў у Львове, ў галіцкага грэка-каталіцкага мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага. Гэта знаёмства мела вызначальны ўплыў на далейшы лёс Леаніда. Мітрапаліт стаў пазьней ягоным ерархам і духоўным настаўнікам, спрычыніўся таксама да аднаўлення грэка-каталіцкай Царквы на тэрыторыі Расіі.

 

2. 31 ліпеня 1902 года ў рымскім храме езуітаў del Gesù Леанід прыяднаўся да Каталіцкай Царквы. Пры гэтым ён захаваў, згодна з каталіцкім кананічны правам, уласны візантыйскі абрад. Восенню таго ж года ён распачаў навучанне ў папскай семінарыі „Леоніанум” ў Ананьі, паблізу Рыму. Сваё навучанне Фёдараў пазней працягваў у калегіі Прапаганды Веры ў Рыме і Фрайбурскім універсітэце (Швейцарыя). 22 сакавіка 1911 года ў Галаце (ў еўрапейскай частцы Канстантынопаля) ён атрымаў дыяканскія, а 25 сакавіка – святарскія свячанні з рук балгарскага грэка-каталіцкага архібіскупа Михаіла (Мірава). Увесну 1912 года Леанід уступіў да студыйскага манастыра святого Язэпа ў Камяніцы (Боснія). Там 12 лютага 1913 года приняў манаскі пострыг з імям Лявонцій.

 

3. У 1910-1914 гадах, па даручэнні мітрапаліта Андрэя, ён здзейсніў некалькі паездак па тэрыторыі Расіі для вывучэння магчымасцяў будучай грэка-каталіцкай місіі. Сярод іншага, ў студзені 1910 года Леанід Фёдараў адведаў Вільню, дзе правёў адзін дзень у рэдакцыі “Нашай нівы”. Тут ён пазнаёміўся з Аляксандрам Ўласавым, братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі. Па ягоных словах, яны выяўлялі вялікую цікавасць да пытання адраджэння Унійнай Царквы на Беларусі. Такую самую цікавасць будучы Экзарх сустрэў і сярод беларускага рыма-каталіцкага кліра. Падчас гэтай самай паездкі, але ўжо ў Пецярбургу, Фёдараў сустракаўся з беларусамі-каталікамі ў сувязі з праектам мітрапаліта Андрэя набыцця на тэрыторыі Беларусі зямельных дзялянак лесу. Гэты праект, па задуме мітрапаліта які меў вельмі практычны падыход да рэчаў, мог бы ў будучым забяспечыць матарыяльную і маральную падтрымку справе адраджэння Уніі ў Беларусі.

Перад пачаткам Першай Сусветнай вайны, Фёдараў мусіў павярнуцца да Расіі, дзе неўзабаве быў увязнены за прыналежнасць да Каталіцкай Царквы і высланы ў Табольск. Там будучы Экзарх перабываў да лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Ягонае павяртанне з высылкі супала з прыездам у Петраград мітрапаліта Андрэя, які быў вызвалены з вязніцы ў Суздалі. Адначасова ў архівах расейскай “ахранкі”, стаўшых даступнымі пасля падзення царскага ўраду, былі знойдзеныя дакуманты канфіскаваныя акупацыйнымі расійскімі ўладамі ў Львове, падчас арышту мітрапаліта Шаптыцкага. Гэтыя дакуманты падцвярджалі ягонае права (specialissimae facultates наданае папам Піем X-ым) аднавіць грэка-каталіцкую ерархію на тэрыторыі Расеі.

 

4. Скарыстаўшыся гэтым правам, мітрапаліт Андрэй сабраў 11-13 чэрвеня 1917 года першы сабор Расійскай Грэка-Каталіцькай Царквы. Было абвешчана пра стварэнне Экзархату РГКЦ (у які не ўваходзіла тэрыторыя Беларусі), Леанід Фёдараў быў прызначаны Экзархам у сане мітрафорнага протапрэсвітэра.

Некалькі наступных год напружанай унійнай працы расійскага Экзарха прайшлі ва умовах рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Нягледзячы на цяжкія абставіны гэта дзейнасць прыносіла штодзённы духоўны плён праз прыход да Царквы новых вернікаў (сярод якіх было нямала беларускага паходжання), стварэнне новых грэка-каталіцкіх грамадаў і паглыбленне каталіцка-праваслаўных адносінаў.

 

5. Адным з найбольш узнёслых момантаў гэтага перыяда служэння Экзарха Леаніда быў ягоны прыезд у Магілёў у чэрвені 1922 года. Фёдараў прыехаў сюды па запрашэнні айца Язэпа Белагаловага, дэкана рыма-каталіцкай катэдры. Экзарх быў з ім знаёмы яшчэ з 1917 года, калі той выкладаў кананічнае права ў Пецярбургскай Каталіцкай Духоўнай Акадэміі. Цяпер дэкан Язэп запрасіў Экзарха на свята св. Антонія Падуанскага якое традыцыйна адбывалася ў Магілёве 13 чэрвеня.

Агулам Экзарх адслужыў у гэтыя дні тры візантыйскія Літургіі ў Магілёве, і адну ў Сафійску. Непасрэдна ў сам дзень фэсту, калі ў Магілёў зыйшлося з ваколіц каля 20 тысяч вернікаў, Экзарх, седзячы на “горным месцы”, ўзначаліў Боскую Літургію, якая служылася на каталіцкіх могілках (на тых жа могілках сёння знаходзіцца грэка-каталіцкая капліца).

Бачучы Ўладыку ва усходніх рызах, ўшанаванага праз каталіцкіх клірыкаў, людзі, сярод якіх было шмат праваслаўных, са здзіўленнем і радасцю прамаўлялі: “Унія вярнулась!”

 

6. На пачатку 20-ых гадоў бальшавіцкія улады распачалі масавае пераследаванне хрысціянаў у Расіі. 25 сакавіка 1923 года Экзарх Фёдараў быў асуджаны на 10 год вязніцы па судовай справе каталіцкага кліру. У красавіку 1926 года ён быў вызвалены, але праз два месяцы зноў асуджаны за релігійную дзейнасць на тры гады канцлагеру на Салаўках. У 1929 годзе, пасля вызвалення, Экзарх быў сасланы ў Карэлію. На пачатку 1931 года Фёдарава чарговы раз арыштавалі і пасля шасці месяцаў вязніцы выслалі ў Архангельскі край. У лістападзе 1933 года ён быў вызвалены з умовай забароны пражывання у дванаццаці асноўных гарадах СССР.

Экзарх Леанід Фёдараў памёр 7 сакавіка 1935 года, ў г. Вятка, з выніку знясілення і хваробаў перажытых падчас шматгадовага зняволення. Дакладнае месца ягонага пахавання застаецца невядомым.

27 чэрвеня 2001 года, Леанід-Лявонцій Фёдараў быў беатыфікаваны Святым Папам Янам Паўлам II у Львове, падчас візыту ва Украіну.

+ + +

 

Малітва аб Еднасьці Царквы

(Экзарха Леаніда Фёдарава)

Зірні, міласэрны Госпадзе Ісусе, Збавіцелю наш, на малітвы і ўздыханьні грэшных і недастойных слугаў Тваіх, якія пакорліва да Цябе прыпадаюць, і зьяднай нас усіх у адзінай, сьвятой, паўсюднай і апостальскай Царкве. Сьвятло Тваё незаходнае пралі ў душы нашыя. Зьнішчы разлады царкоўныя, дай нам славіць Цябе адзіным сэрцам і адзінымі вуснамі, і няхай зьведаюць усе, што мы – верныя вучні Твае і ўлюбленыя дзеці Твае.

Уладару наш многаміласьцівы, неадкладна выканай абяцаньне Тваё, і няхай будзе адзін статак Твой і адзін Пастыр у Царкве Тваёй, каб нам годна славіць імя Тваё сьвятое цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 


30.06.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier