Пошук
Нядзельнае казаньне
|
панядзелак
ЛІСТАПАДА |
Адышоў да Бога вядомы тэолаг і экуменіст а. Вацлаў Грыневіч
У аўторак, 26 траўня 2020 году, у шпіталі ў горадзе Люблінец (у Польшчы) адышоў да Бога сьв. пам. айцец праф. Вацлаў Грыневіч з Ордэну Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі (OMI). Айцец Вацлаў Грыневіч нарадзіўся 23 ліпеня 1936 году на Падляшшы ў мястэчку Ламазы на гістарычнай Берасьцейшчыне, сёньня — Люблінскае ваяводзтва ў Польшчы). 8 верасьня 1953 году ён склаў першыя манаскія зарокі ў Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, а 26 чэрвеня 1960 году прыняў сьвятарскія сьвячаньні. Айцец Вацлаў Грыневіч быў знакамітым тэолагам і экуменістам, выдатным знаўцам багаслоўя Ўсходніх Цэркваў. Многія называлі яго тэолагам надзеі і любові. “Мы прызвычаіліся да падзелу ў хрысьціянстве, і гэта, мабыць, адзін з найвялікшых нашых грахоў”, — казаў а. праф. Вацлаў Грыневіч. На працягу многіх гадоў ён быў зьвязаны з Люблінскім каталіцкім універсітэтам Яна Паўла II (KUL). Прафесар а. Вацлаў Грыневіч стаў сузаснавальнікам Экуменічнага інстытуту Люблінскага каталіцкага ўніверсітэту, зьяўляўся яго шматгадовым дырэктарам (да 2005 году). Ён быў дарадцам у Радзе па справах Еднасьці хрысьціянаў у Ватыкане (1979—1984) і сябрам Міжнароднай зьмешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Праваслаўнай Царквой (1980—2005). Праф. Вацлаў Грыневіч — аўтар многіх навуковых артыкулаў і багаслоўскіх кніг. Значнае месца ў ягонай тэалагічнай працы займала Таямніца Хрыстовай Пасхі і багаслоўе Старажытнай Русі. Рэдакцыя беларускай грэка-каталіцкай газеты «Царква» ў 1997 годзе спрычынілася да выданьня брашуры з важным артыкулам праф. Вацлаў Грыневіч “Пасхальныя матывы ў творах сьв. Кірылы Тураўскага”. Тэалагічная рэфлексія айца прафесара Вацлава Грыневіча над творамі сьв. Кірылы Тураўскага заахвочвае сёньняшніх спадкаемцаў Тураўскага ўладыкі шукаць у таямніцы Пасхі Хрыстовай крыніцы для духоўнага адраджэньня сучаснага грамадзтва. Яго тэалагічная трылогія “Хрыстос — наша Пасха” служыла асновай для духоўнай фармацыі духавенства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Тэалагічная дзейнасьць айца Вацлава натхніла таксама на міжканфесійныя сустрэчы моладзі ў прыбужскім Кодані і ўніяцкай парафіі ў Кастамлотах. Разьвітальныя ўрачыстасьці і пахаваньне айца Вацлава Грыневіча адбудуцца ў санктуарыюме Маці Божай Коданьскай у Кодані, у суботу, 30 траўня 2020 году, адкуль будзе весьціся трансьляцыя - http://oblaci.pl/. Дзякуем Госпаду за жыцьцё і служэньне айца Вацлава і душу ягоную супрваджаем малітваю “Вечная памяць”! |
|
29.05.2020
|






Сёньняшняе чытаньне:
