Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Зыход Сьвятога Духа – Пяцідзесятніца  


Архіўны тэкст

 

Пакуль не выльецца на нас Дух з вышыняў” Іс. 32:15


1.У Бібліі слова “дух” узгадваецца 312 разоў. Калі ідзе гаворка пра Сьвятога Духа, то часьцей за ўсё сустракаюцца: “Дух Божы”, “Дух Гасподні”, “Дух Айца”, “Дух Сьвятога Бога”, “Дух Сьвяты”, “Дух Хрыстовы”.

 

Сьвяты Дух прысутны ва ўсіх важных момантах гісторыі збаўленьня чалавека. Падчас стварэньня сьвету: “Дух Божы насіўся над вадамі” (Бц. 1:2); падчас стварэньня чалавека Бог: “ ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця” (Бц. 2:7) і на працягу ўсяго Старога Запавету мы сустракаемся са Сьвятым Духам.

 

Таму зусім натуральным выглядае Ягоная прысутнасьць і пры ўцелаўленьні Сына Божага, Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, калі анёл тлумачыць Дзеве Марыі, як гэта адбудзецца, кажа: “Дух Сьвяты найдзе на цябе і Сіла Усявышняга ахіне цябе” (Лк. 1:35); і пры заснаваньні Царквы Хрыстовай, апосталы будучы адзінадушна разам: “напоўніліся ўсе Духам Сьвятым” (Дз. 2:4).

 

2. У дзень Пяцідзесятніцы апосталы на сваім вопыце пераканаліся ў выкананьні абяцаньня Ісуса Хрыста: “Я ўмалю Айца, і дасьць вам іншага Суцяшальніка, каб быў з вамі назаўсёды” (Ян 14:16) і той “Суцяшальнік, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам” (Ян 14:26). Менавіта Сьвяты Дух зыходзячы на апосталаў, у моцы сваёй, учыніў іх здольнымі абвяшчаць усяму сьвету вучэньне Ісуса Хрыста. Дзякуючы дару Духа іх прапаведваньне было пасьпяховым, а іх служэньне было плённым. І вось Сьвяты Дух асаблівым чынам, ужо больш за дзьве тысячы гадоў, прысутны ў жыцьці Царквы Хрыстовай. І прысутны Ён, перадусім у абвяшчэньні Добрай Весткі, пашырэньні слоў Боскага Эвангельля, а таксама ў служэньні Сьвятых Тайнаў.

 

Сьвяты Дух прысутны ў жыцьці кожнага хрысьціяніна праз чытаньне і вывучэньне Сьвятога Пісаньня і праз удзел у Сьвятых Тайнах (Сакрамантах). Толькі з Ласкі Духа Сьвятога мы стаемся Дзецьмі Божымі, ад Госпада нашага Ісуса Хрыста прымаем дар збаўленьня, жыцьцё вечнае. Толькі Ласка Духа Сьвятога чыніць нас здольнымі пазнаваць Бога і разумець знакі часу. Толькі Дар Духа робіць нашую веру моцнай, а волю незломнай у любых абставінах нашага жыцьця.

 

3. Сёньняшняя сітуацыя ў Беларусі складаная, але мне здаецца, кожнае пакаленьне хрысьціянаў перажывала падобныя сітуацыі. І тым не менш, нашыя продкі адэкватна паставіліся да цяжкасьцяў жыцьця, не заламаліся, не пакінулі малітвы і перанесьлі дар веры, дар Духа Сьвятога для новых пакаленьняў, для нас.

 

Зараз на вуліцы эпідэмія каронавіруса, што спавадавала смерць сотняў тысяч людзей ва ўсім сьвеце, мільёны заразіліся. Гэта цягне за сабою жорсткі эканамічны крызіс. Страх пануе ў сэрцах людзей, страх заразіцца і памерці, страх згубіць працу, страх за заўтрашні дзень. Я ўпэўнены, што гэты страх дакрануўся і да многіх з нас. Страх перадусім абвастрае пачуцьцё безнадзейнасьці і адзіноты, што само па сабе, павадуе рост эгаізма і агрэсіі, рушыць нармальныя адносіны з бліжнім і з Богам, перашкаджае адэкватна успрымаць сябе і сваё прызначэньне ў гэтым сьвеце, як чалавека і хрысьціяніна.

 

Што можна адказаць нашаму страху? Толькі прыгадаць словы Хрыста, які кажа: “Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е. Хто верыць у Мяне, як кажа Пісаньне, рэкі жывой вады пацякуць з ягонага ўлоньня. Гэта Ён казаў пра Духа, якога павінны былі атрымаць тыя, што ўверылі ў Яго” (Ян 7:37-39).

 

4. Бярэм прыклад з Апосталаў, калі у той дзень яны былі “адзінадушна разам” (Дз. 2:1), так і мы, з захаваньнем санітарных нормаў, ўсёй сям’ёй альбо з сябрамі, у сваім доме альбо праз тэлефон, ці інтэрнэт адзінадушна, а па магчымасьці ў царкве, у гэты дзень, зьвернемся да Бога з заклікам Духа Сьвятога. Бо “пакуль не выльецца на нас Дух з вышыняў” (Іс.32:15), страх не зьнікне, моц Духа нас не абудзіць. Але калі мы напоўнімся “жывой вадою”, то будзем у стане адэкватна ставіцца да цяжкасьцяў жыцьця, зьвернем увагу на патрэбы бліжніх, будзем у стане падзяліцца зь імі сьвятлом сваёй душы, любоў’ю і ўвагай. Словам і ўчынкамі станем сьведчыць Госпада Ісуса Хрыста, які нам абяцае: “Я – Сьвятло сьвету. Хто ідзе ўсьлед за Мною, ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця” (Ян. 8:12).

 

Давайце памолімся словамі вершапесьні зь Вячэрні Зыходу Духа Сьвятога, малітвай, якая ў нашай традыцыі ўваходзіць у “звычайны пачатак” і мы ёй распачынаем усякую агульную ці асабістую малітву ці справу:

 

Уладару Нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча! Прыйдзі і пасяліся ў нас і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашыя. Амін”. 


Аўтар - а. Андрэй Абламейка

27.05.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier