Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
НЯДЗЕЛЯ АЙЦОЎ І-га УСЯЛЕНСКАГА САБОРА (7-я пасля Вялікадня)
Ев. Яна 17:1-13
1.Увесь 17-й раздзел Евангелля паводле Яна называецца Першасвятарскай малітвай, бо ў ёй Ісус просіць Бога-Айца за сваіх вучняў. Гэту малітву Госпад чыніць публічна – усе хто знаходзяцца побач чуюць яе словы. Напачатку Госпад гаворыць: “Ойча, прыйшоў час”. Гэта рэпліка даводзіць нам, што наш Госпад быў свядомы таго, што гэтая малітва будзе Яго апошнім настаўленнем вучняў, сваеасаблівым запаветам перад Галгофай. Калі нехта свядомы сваёй хуткай смерці, то звычайна хоча перадаць сваім блізкім нешта важнае, самую каштоўную, паводле яго, інфармацыю. Калі я перачытваў 17-й раздзел, то заўважыў, што ў ім слова “услаўляць” ці “слава” сустракаецца сем разоў, а да 13-га верша – г.зн. у нашым фрагмэнце – пяць разоў. З гэтых падлікаў я раблю выснову, што тэма славы, услаўлення з’яўляецца адным з важных ключоў для зразумення пачутага намі тэксту Святога Пісання, для зразумення апошняга запавету Ісуса.
2. Можа ўзнікнуць пытанне: а што такое вогуле слава і ўслаўленне? З мовазнаўства мы даведваемся, што слова “слава” мае наступныя значэнні: яго ўжываюць у дачыненні да знакамітай асобы – для пашырэння пазітыўнаў інфармацыі пра яго; для акрэслення грамадскай думкі, напрыклад, для ўхвалення паводзінаў таго ці іншага публічнага чалавека; нарэшце, гэтым словам мы можам выказаць сваю удзячнасць: слава Табе, Божа! Усе гэтыя аспекты ўслаўлення мы можам пабачыць ва ўзаемнай рэляцыі Ісуса і Бога-Айца: “Я ўславіў Цябе на зямлі […]. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету” (в. 4). Гэты “кругаварот” ласкі, якая была “перад існаваннем свету”, падкрэслівае адзінасутнасць Сына Божага Богу-Айцу!
3. Аналізуючы першыя тры вершы, мы можам утварыць наступны лагічны ланцуг, ідучы крок за крокам за думкаю Госпада:
У 6-м ввершы Госпад тлумачыць, на чым асноўваецца Яго праслаўленне Бога-Айца; Ён кажа: “Я аб’явіў імя Тваё людзям”. І вось за гэтых людзей, за вучняў (а значыць і за кожнага з нас) просіць у малітве Бога-Айца наш Госпад. Ён падкрэслівае, што ў гэтых вучнях праславіўся і Ён сам, а далей кажа словы: “Я іду да Цябе”. Гэтым выразам распачынаецца чарговая тэма Першасвятарскай малітвы, і тэма гэта – ахвяраванне. Госпад двойчы ў 17-м раздзеле звяртаецца да Бога словамі: “Я іду да Цябе”. Тое, што гэты выраз ужыты у кантэксце самаахвяавання бачна з далейшых слоў Збаўцы: “за іх Я прысвячаю Сябе Самога” (в. 19).
4. Давайце, зробім кароткія высновы з нашых разважанняў. Першую выснову зробім з узаемнага ўслаўлення Ісуса і Бога-Айца, а таксама з слоў Госпада: “І ўсё Маё – гэта Тваё, і Тваё – гэта Маё”. Насамрэч гэту выснову зрабілі за нас яшчэ айцы Першага Усяленскага Сабора, якія між іншым і ў гэтых словах бачылі пацверджанне навучання Сабора пра тое, што Бог-Сын адзінасутны Богу-Айцу. Адзінасутнасць – гэта важнае тэалагічнае паняцце, якое нам дазваляе дакрануца да таямніцы Тройцы. Настолькі важнае, што яно было зафіксаванае ў Нікейскім сімвале веры. Другая выснова – гэта выснова пра вучняў. А менавіта, нам варта ўзяць на ўзбраенне думку пра тое, што ўслаўленне Бога вядзе нас да Яго пазнання. Услаўленне Бога, такім чынам, гэта наша бескарысная малітва, у якой мы хочам ухваліць (менавіта ўхваліць!) Госпада за ўсе тыя даброты, якія Ён учыніў ды чыніць нам; гэта выраз нашай свядомай удзячнасці за рэчаіснасць, якую мы не ўстане ўсведаміць. Дык уславім жа Госпада! Амін. Аўтар - а. Андрэй Буйніч |
|
24.05.2020
|






Сёньняшняе чытаньне:
