Пошук
Нядзельнае казаньне
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ |
ДА СТАГОДДЗЯ НАРАДЖЭННЯ ПАПЫ ЯНА ПАЎЛА ІІ (1)
1. Словы Яна Паўла II: "Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!", прамоўленыя падчас Інаўгурацыі яго пантыфікату, 22 кастрычніка 1978 г., былі прынятыя з асаблівай увагай Усходнімі Каталіцкімі Цэрквамі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, а таксама на Балканах. На самай справе, у той час усе гэтыя Цэрквы былі "закрытыя" камуністычнымі рэжымамі і пакінутыя ў забыцці многімі на Захадзе. Дзейнасць Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскай традыцыі ад Львова, Кіева і Мінска да Ужгарада, Альбы Юліі (у Румыніі) і да Паўднёвай Албаніі, была прыпынена, іх структуры былі знішчаны. У Прэшаве (Славакія), Хайдудораг (Венгрыя), Крыжэўцах (Югаславія) і ў Сафіі (Балгарыя) рэжымы цярпелі дзейнасць гэтых Цэркваў, але з тысячамі абмежаванняў, нават з пераследам. Супольнасці армяна-католікаў Каўказа, Украіны і Румыніі трактаваліся як "неіснуючыя". Такі ж лёс напаткаў і ў Польшчы супольнасці украінскіх грэка-католікаў і армяна-католікаў. Новы Папа добра ведаў гэтую складаную царкоўную рэчаіснасць. І меў ён для гэтых супольнасцей не толькі словы пастырскага суцяшэння, але і бачанне іхняга сведчання (і паклікання) ў Еўропе. Да самой Еўропы, да народаў Еўропы, Ян Павел II звярнуўся са сваёй вядомай прамовай у Гнезна (3 чэрвеня 1979 г.) падчас першага апостальскага падарожжа ў Польшчу. Варта ўспомніць пра бесперастанныя і нястомныя намаганні Яна Паўла II ў справе адраджэння Усходніх Каталіцкіх Царкваў sui iuris у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і ўзмацненні іхняй ролі ў Сулучнасці (Comunio) Паўсюднай Царквы, "якая дыхае двума лёгкімі", і ў Еўропе Народаў.
2. Абранне "славянскага Папы" не магло не абудзіць надзеі іерархаў Усходніх Цэркваў славянскіх народаў. Адным з першых выступіў Вярхоўны архібіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы кардынал Іосіф Сліпы. Ян Павел II меў да яго асаблівую павагу: падчас цырымоніі Інаўгурацыі пантыфікату новы Папа асабіста пацалаваў руку кардынала Іосіфа[1]. 20 лістапада 1978 года кардынал Іосіф, разам з некаторымі высокімі прадстаўнікамі ўкраінскага грэка-каталіцкага кліру, быў прыняты Янам Паўлам II на аўдыенцыю.
Аўтарытэтныя звесткі аб гэтай аўдыенцыі мы знаходзім у лісце Cum superioris, адрасаваным Папам кардыналу Іосіфу Сліпому адносна Юбілею тысячагоддзя хрысціянства на Русі-Украіне. Ліст быў падпісаны 19 сакавіка 1979 года, у свята Святога Язэпа (Іосіфа) паводле лацінскага календара (гэта значыць імяніны кард. Сліпога). У лісце мы, між іншым, чытаем:
“Падчас аўдыенцыі, якую 20 лістапада мы ўдзялілі Табе, Наш шаноўны Брат, і іншым прадстаўнікам украінскай каталіцкай іерархіі, Ты сам узгадаў, што набліжаецца першае тысячагоддзе хрысціянства на Русі. З той жа самой нагоды Ты таксама выказаў нам намер падрыхтаваць у бліжэйшыя дзесяць гадоў, вас і супольнасць вашай Царквы да гэтага вялікага Юбілею/.../. Гэтая прапанова, якую нам прадставіў ваш епіскапат, глыбока кранула нас. На самай справе гэта тычыцца падзей мінулага і цяперашняга часу, якія звязаны са справай евангелізацыі ўкраінскага народа; уся гэтая справа і ўсе здзейсненыя спробы асабліва блізкія нашаму сэрцу”[2].
3. Менш вядомая аўдыенцыя, якую славянскі Папа ўдзяліў 19 студзеня 1979 года невялікай групе беларускіх святароў на чале з грэка-каталіцкім біскупам Чэславам Сіповічам, Апостальскім Візітатарам для беларусаў за мяжой, які меў сваю рэзідэнцыю у Лондане. На гэтай аўдыенцыі Ян Павел II з вялікай увагай выслухаў інфармацыю, якую перадаў яму біскуп Чэслаў Сіповіч аб становішчы католікаў у Савецкай Беларусі і іх пастырскіх патрэбах [3]. Несумненна, што з самага пачатку свайго пантыфікату Ян Павел II імкнуўся атрымаць самыя шырокія і актуальныя звесткі аб рэлігійнай сітуацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Пасля гэтый аўдыенцыі Ўладыка Чэслаў (марыянін) сказаў маладому на той час іераманаху-марыяніну Сяргею (Гаеку), студэнту ў Рыме: “Трэба, каб мы нястомнай малітвай падтрымлівалі старанні Папы”.
Багаслоўска-гістарычная кансультацыя: Рым – Мінск, 7 мая 2020; Nota 1/B.
1 Cfr. G. Polak, Nieznane oblicze pontyfikatu Jana Pawła II, Kraków 2011, 72. 2 Giovanni Paolo II, Lettera al Cardinale Josyf Slipyj per il Millennio del Cristianesimo in Rus’-Ucraina, 19.03.1979, in: http://www.vatican.va/content/john-paul-ii/it/letters/1979/documents/hf_jp-ii_let_19790616_1000-crist-rus.html [07.05.2020]. 3 А. Надсан, Біскуп Чэслаў Сіповіч, сьвятар і беларус, Менск 2004, 228. |
16.05.2020
|