Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
“Падыміся, вазьмі ляжак свой і хадзі”
Медытацыя на Нядзелю Расслабленнага 1. Дарагія браты і сёстры, сябры! Сёння мы становімся сведкамі цудоўных словаў і ўчынкаў Хрыста ў ерусалімскай купальні, што завецца Бэтсата. Евангеліст Ян распавядае, што гэта купальня была месцам аздараўлення для шматлікіх хворых. Нагадаю, што анёл Госпадаў час ад часу сыходзіў у ваду ды “узрушваў” яе – надаваў ёй здольнасць аздараўляць. Праблема аднак была ў тым, што аздараўлення на ўсіх хворых не хапала – толькі той, хто першы патрапіў увайсці ў ваду, той і вяртаў сабе здароўе, рэшта ж – не. Уявіце сабе месца, дзе ляжаць “шмат хворых, сляпых, кульгавых, ссохлых”. (Напэўна прасцей гэта зрабіць тым, хто хоць раз у жыцці наведаў шпіталь ці хоспіс). Мы можам адчуць тыя непрыемныя пахі і пабачыць людзей, якія пакутуюць: ці ад фізычнай болі, страха, дэпрэсіі ці ад безнадзеі. Але тут яшчэ было нешта жахлівае – гэта ненавісць адзін да аднаго! Справа ў тым, што гэтыя людзі ўдзельнічалі ў шалёных гонках, адзін супраць усіх, а ўзнагарода была прадугледжана толькі за першае месца. Мы можам здагадвацца, колькі прыхаванай барацьбы, змоваў, інтрыгаў і здрады бачыла купальня, а гэта яшчэ і таму, што ва ўзгаданай гонцы ўдзельнічалі не толькі хворыя, але і іх сваякі ды сябры. Магчыма хтосьці быў настолькі багаты, што мог нават купіць сабе “каманду падтрымкі”… У гэтай усеагульнай канкурэнцыі не было месца для самых бедных і самотных – усе яны ўвесь час знаходзіліся напрыканцы чаргі (калі тое можна назваць чаргой).
2. І вось у гэты “хоспіс” і адначасова “іпадром” уваходзіць Ісус. Ён ідзе да таго, хто ўжо 38 год займае першае з канца месца. Трыдцаць восем – гэта сімвалічная для Бібліі лічба. Менавіта столькі год чакаў Ізраіль у Кадэш-Барнэа (аазісе на мяжы Сінайскага паўвострава), каб увайсці ў абяцаную зямлю. Гэта лічба год – пакаранне Ізраіля за недавер Богу. “Ці хочаш быць здаровым?” – пытаецца ў расслабленага Ісус. Некаторым гэтае пытанне можа падацца хворым: як такое можна запытаць у чалавека, хто большасць свайго жыцця жыве ў чаканні цуда? Ці адказ не відавочны? Не, не відавочны, бо і сам хворы не можа ці не хоча адказаць на яго. “Госпадзе, не маю чалавека, каб мяне кінуў у купальню, калі зварухнецца вада; бо калі я сам прыходжу, хто іншы перада мною ўваходзіць” – гэтыя словы не адказ на пытанне Хрыста, хоць і адпавядаюць рэчаіснасці. Аднак яны шмат гавораць нам. Па-першае, расслаблены ўнікае простага адказу быць можа дзеля таго, каб заблытаць Ісуса. Ён не хоча нічога ў сваёй сумнай гісторыі звязваць з сабой, бо калі гэта ўчыніць, то можа стацца, што гэта ён нясе адказнасць за сваю цяжкую сітуацыю. Вось чаму ён адвяртае ўвагу ад сябе і знаходзіць прычыну сваіх пакутаў у знешніх абставінах: “не маю чалавека”. Па-другое, сам факт адсутнасць сяброў і знаёмым у расслабленага змушае нас да задумы. Так, ён быў хворы, аднак меў мінімальную магчымасць перамяшчацца ды мог кантактаваць з іншымі людзьмі. Няўжо за 38 год ён не сустрэў кагосці, хто мог бы паспачуваць яму і прынамсі паспрабаваць памагчы? Складваецца ўражанне, што быў гэта чалавека са змрочным мінулым ды не вельмі прыемным характарам. Ён не спадзяваўся ні на Бога, ні на людзей, магчыма яшчэ толькі на сябе, што будзе такі момант, калі яму ўдасца ўвайсці ў ваду першым. Ісус, аднак, не пытаецца ў яго болей. Проста аздараўляе: “Падыміся, вазьмі ляжак свой і хадзі”.
3. Далейшы тэкст расказвае пра рэакцыю фарэсэяў на аздараўленне. Цікава, што напрацягу трыдцаці васьмі год тупіковая сітуацыя расслабленага не звяртала на сябе ўвагу фарысэяў, але калі былы хворы пачаў цягаць за сабой ляжак у суботу, то гэта выклікала іх увагу і абурэнне. Былы расслаблены, калі яму робяць заўвагу, адразу ж перакладае адказнасць за парушэнне закону на невядомага цудатворцу: “Той, Хто аздаравіў мяне, сказаў мне “Вазьмі ляжак свой ды хадзі””. Як жа гэтыя словы падобныя паводле свайго духу на ранейшы адказ, які пачуў ад яго Ісус: “не маю чалавека”. Гісторыя аднак на гэтым не сканчваецца: Ісус знаходзіць таго, хто быў аздароўлены ў святыні ды ўшчувае яго: “Вось, ты паздаравеў; ужо болей не грашы, каб не здарылася табе што горшае”. Са слоў Хрыста можна зрабіць выснову, што яму вядома гісторыя нашага героя. Для аздароўленага гэта мабыць непрыемнае адкрыццё, удадатак яму зусім не падабаюцца настаўленні Госпада, бо як інакш тады патлумачыць факт, што ідзе ды даносіць на Яго фарысэям, што гэта Ён быў тым цудатворцам, які аздаравіў у суботу. Сябры, калі мы прымем тое, што ложак расслабленага – гэта адказнасць чалавека за сваё жыццё ды ўчынкі, то пабачым, што расслаблены ўсцяж на ім ляжыць. Стаць здаровым – гэта прымірыцца са сваім мінулым, раскаяцца ў грахах ды прыняць прабачэнне, якое нам дае Бог. Стаць здаровым – гэта ўзяць ляжак адказнасці ў свае рукі і ісці. Ісці за Хрыстом. Аўтар - а. Андрэй Буйніч |
|
3.05.2020
|






Сёньняшняе чытаньне:
