Пошук

Каляндар

 
пятніца
ЖНІЎНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Пасхі Хрыстовай 2020 году  


Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Пасхі Хрыстовай 2020 годуПачэсныя Святары і Дыяканы! Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!

Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

 

Усіх вас шчыра віншую са Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем:

Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос!

 

Да пасхальнай радасці Ўваскрасення Госпада нашага Ісуса Хрыста Святая Царква прывяла нас праз Вялікі Тыдзень Мукаў Хрыстовых, асабліва праз Вялікі Чацвер, Вялікую Пятніцу, Вялікую Суботу. У гэтыя дні мы ўспаміналі і стараліся асэнсаваць увесь Збаўчы Подзвіг, які Ісус Хрыстос споўніў дзеля нас і дзеля нашага збаўлення.

 

1. У Вялікі Чацвер мы ўзгадвалі вялікі Дар Еўхарыстыі і святарскага служэння, які Хрыстос даручыў Сваёй Святой Царкве. Гэта было для ўсіх нас добрай нагодай асэнсаваць каштоўнасць і веліч Дару Боскай Літургіі для жыцця нашай Царквы. І гэта была асаблівая нагода падзякаваць Госпаду за 30 год магчымасці служыць адкрыта ў нашай Бацькаўшчыне Боскую Літургію.

Як вядома, у нядзелю 11 сакавіка 1990 г. мітрафорны протаярэй Аляксандр Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа з Лондану адслужыў ў Мінску, у адзіным тады адкрытым у сталіцы касцёле Ўзвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, Боскую Літургію у візантыйскім абрадзе па-беларуску. Тая Літургія ў Мінску сталася момантам аднаўлення адкрытай літургічнай і душпастырскай дзейнасці Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Пасля яе літургічнае жыццё беларускіх грэка-католікаў пачалася і ў іншых гарадах і Беларусі.

У гэтыя Пасхальны Дні мы дзякуем усім тым, хто 30 год таму маліўся на першай беларускамоўнай Боскай Літургіі ў Мінску. Тым, хто працягвае малітоўны подзвіг, і тым, хто ўжо адышоў да Госпада.

Але я жадаю асабліва падзякаваць і тым, каму менш за 30 год, хто не быў на той Літургіі. 30 год мы прылюдна моліліся ў Мінску ў розных месцах: у гандлёвых радах Верхняга горада – побач касцёла св. Язэпа, у арэндаваным маленькім памешканні па вул. Прытыцкага, у падвалах жылога хмарачоса па пр. Пушкіна, нарэшце, ў больш прыстойных капліцах Праведнага Язэпа, Маці Божай Нястомна Дапамогі ці ў ніжнім храме Чырвонага касцёла.

Падобным чынам вернікі ўсіх грэка-каталіцкіх парафій у Беларусі прайшлі няпросты шлях нястомных намаганняў, каб арганізаваць адкрытае, прылюднае літургічнае жыццё і душпастырскае служэнне.

Дзякуй вам усім, што 30 год вы цярпліва і мужна захоўваеце праўдзіваю веру, хрысціянскую надзею і дзейсную любоў, крыніцай якой з’яўляецца святая Еўхарыстыя - Боская Літургія.

 

У гэтыя Пасхальныя Дні ў шчырай малітве дзякуем Госпаду-Першасвятару за ўсіх святароў і дыяканаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія на працягу 30-ці год нястомна, ахвярна і бескарысліва служылі і служаць Богу, Царкве і Бацькаўшчыне. Дзякуем манахам і манахіням за плённае супрацоўніцтва. Усім вернікам выказваю глыбокую ўдзячнасць за духоўную, малітоўную і матэрыяльную падтрымку іхняга служэння.

 

2. У Вялікую Пятніцу Мукаў Хрыстовых мы стараліся асэнсаваць праўду, што Хрыстос у сваім прыніжэнні ёсць блізкі да ўсіх, хто церпіць, хто праходзіць выпрабаванні.

У гэтым годзе, у складаны час сусветнай пандэміі, Яго Святасць Папа Францішак ў Вербную нядзелю заклікаў нас да мужнай любові.

«Сёння, падчас драмы пандэміі, перад абліччам шматлікіх падманутых спадзяванняў, калі на нашых вачах разбураюцца шматлікія апоры, калі адчуванне самотнасці сціскае сэрца, Ісус кажа кожнаму з нас: “Будзь мужны, адкрый сэрца на Маю любоў, і тады адчуеш суцяшэнне Бога, які падтрымлівае цябе”».

 

Старажытная традыцыя Ўсходняй Царквы навучае нас, што праз смерць Хрыста на Крыжы мы ўваходзім у Таямніцу Ўваскрасення і Зыходу Святога Духа. Паміраючы на Крыжы, Ісус Хрыстос перадаў Царкве Духа Святога (пар. Ян 19,30), які ажыўляе Царкву заўжды, а асабліва у час выпрабаванняў. Таму ў святле жыватворчага, духаноснага Крыжа Гасподняга і светлага Ўваскрасення мы адкрываем праўду пра прысутнасць Духа Святога ў служэнні нашай Царквы.

 

У мінулую Вялікую Сераду (08.04.2020) Святы Айцец Францішак нагадаў:

«З адкрытага сэрца Укрыжаванага любоў Божая дасягае кожнага з нас. Мы можам змяніць нашу гісторыю, наблізіўшыся да Яго, прыняўшы збаўленне, якое нам дае. Адкрыем Яму ў малітве ўсю душу. (…) Дазволім, каб Яго погляд спачыў на нас. Тады зразумеем, што мы не самотныя, нас любяць, таму што Бог нас не пакідае і не забывае ніколі. З гэтымі думкамі жадаю вам святога Вялікага тыдня і святой Пасхі» — сказаў Папа на заканчэнне катэхезы.

 

3. Браты і Сёстры!

Свята Пасхі Хрыстовай яшчэ раз дае нам магчымасць аднавіць еднасць з Хрыстом, стаяць ля Ягонага жыватворчага Крыжа і ў моцы Святога Духа спяваць гімн Уваскрасення, бо Хрыстос уваскрос і Ён з намі ва ўсе дні ажно да сканчэння веку.

Глыбей разумець гэтую парадаксальную Таямніцу дазваляе нам Святое Евангелле. Таму ўсім вернікам нашае Царквы ды усім людзям добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне жадаем, каб у час святаў Пасхі Хрыстовай захацелі уважліва і пабожна чытаць Святое Евангелле на роднай беларускай мове.

У свята Уваскрасення Гасподняга у шчырай малітве дзякуем Уваскросламу Хрысту Чалавекалюбцу, што нашая Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, якая ніколі не перастала існаваць, мае магчымасць адкрыта прапаведваць Евангелле на роднай зямлі.

 

Хочам сардэчна прывітаць са святам Пасхі Гасподняй усіх, хто яе святкуе паводле новага календара: грэка-католікаў, братоў рыма-католікаў, братоў пратэстантаў.

 

Братам праваслаўным, якія будуць святкаваць Пасху паводле юліянскага календара, жадаем добрага вялікапоснага духовага подзвігу.

 

Усім жадаем багатых дароў міру, радасці, веры, надзеі ды любові ад Уваскрослага Хрыста і вітаем святочным вітаннем: Хрыстос уваскрос - сапраўды ўваскрос!

 

 

Мінск, Пасха Гасподняя 2020 году.

 

+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)

Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусi


11.04.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier