Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі ВЯЛІКІ ЧАЦВЕР – УСПАМІН ТАЙНАЙ ВЯЧЭРЫ  


“Кажу ж вам, што з гэтага часу не буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Валадарстве Айца Майго”. (Мц 26,29)

 

1.У Евангеллі паводле Мацвея апавяданню пра Тайную Вячэру папярэднічае эпізод дабраахвотнай здрады з боку Юды, які прыходзіць да першасвятароў (Мц 26,14-16). Пасля апісання Вячэры чуем аповед пра самотную, начную малітву Хрыста ў Аліўным садзе і арышт у момант, калі “ўсе (ягоныя) вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі” (26,56в).

Падчас самой Тайнай Вячэры Хрыстос не ігнаруе таго, што адбываецца. На пачатку Ён папярэджвае вучняў, што ведае таго, хто Яго выдасць (26,21-25), а пасля яе, па дарозе да Гэтсіманіі, адкрывае самаўпэўненаму вучню, што Пётр той самай ночы тройчы адрачэцца ад Свайго Настаўніка і Госпада (Мц 26,33-35).

 

2. Евангеліст Мацвей нібы наўмысна “абрамляе” апавяданне пра Тайную Вячэру ў апісанне нявернасці і “далёкасці” ад Хрыста тых людзей, што фізічна ёсць поруч з ім, якіх Ён сам называе вучнямі і сябрамі. Такое ўражанне, нібы фізічна надыходзіць ноч, самота і цемра атачаюць асобу Хрыста, апошнія гадзіны Ягонага нядоўгага зямнога жыцця.

На гэтым тле, як адзіны светлы промень, як сэрцавіна, як стрыжань апавядання пра Тайную Вячэру выступае момант падзякі (!) Айцу за зямныя дары, хлеб і віно, якія Госпад раздае сваім вучням, тым самім, якія яму здрадзяць. Калі б не гэтая падзяка, заўсёды радасная і ўрачыстая, не словы з сыноўскім даверам звернутыя да Нябеснага Айца, здаецца, гэты евангельскі эпізод выглядаў бы проста канцом як жыццёвага шляху Хрыста, так і існавання заснаванай Ім супольнасці. Але так не сталася.

 

3. Хрыстос падчас Вячэры выяўляе Сваю поўную адкрытасць на волю Айца, гатоўнасць прымаць усё, добрае і благое, як з “Божае рукі”.

Але выяўляе таксама поўны і, хочацца сказаць, неапраўданы давер да Сваіх вучняў, да Царквы, якую Госпад адкупляе Сваёй пачэснай Крывёю.

Хрыстос абяцае вучням, што гэтая Вячэра – не апошняя, што пасля здрады, адрачэння, цярпенняў, крыжовай смерці і пахавання іх чакае новая сустрэча з Ім, Уваскрослым. Чакае Вячэра ў Божым Валадарстве, якое Госпад адкрывае сваім вучням і тым, што павераць у Яго праз іхняе сведчанне.

 

4. Гэта абяцанне Хрыста мы ў асаблівы спосаб ўспамінаем сёння.

Але павінны ўспамінаць таксама кожны раз, калі збіраемся вакол Божае Трапезы, на успамін Госпада і Ягоных чынаў. Гэта патрэбна, каб яно магло прасвятліць нашае жыццё, у якім ёсць моманты веры ў Хрыста, жадання ісці за Ім, нават прырачэння вернасці Яму. Але таксама ёсць эпізоды страху, расчаравання, здрады Хрыста, Ягоных запаведзяў і нашага ўласнага выбара.

Верым, што Госпад ёсць здольны перамяніць гэтыя розныя моманты чалавечага жыцця, якія прыносім Яму на славу Нябеснага Айца, на узрастанне Божага Валадарства ў нашым жыцці. Амін.


Аўтар - ераманах Лявонцій (Тумоўскі)

8.04.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier