Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі УВАХОД ГОСПАДА ІСУСА ХРЫСТА Ў ЕРУСАЛІМ  


Ісус-Кароль, Уладар Сусвету, уязджае ў горад Ерусалім

 

Вось мы і дажылі да Вербнай нядзелі, калі ўзгадваем Уваход нашага Госпада Ісуса Хрыста ў Ерусалім. Сусветная пандэмія многім з нас дапамагла больш сур'ёзна, больш паважна перажыць гэты Вялікі Пост.

 

1.Святое Пісанне параўноўвае пост да пустыні, дзе няма вады, а значыць і жыцця.

Пад час гэтага Вялікага Посту і мы адчулі недахоп вады. Канечне, не літаральна, а ў пераносным сэнсе. Мы адчулі, што нам не хапае ўпэўненасці ў будучым. Мы не ўпэўненыя, ці заўтра не захварэем, ці будзем вогуле жывыя. Ці будуць здаровымі і жывымі нашыя родныя, блізкія і сябры… Пандэмія абвастрыла ў нас пачуццё крухкасці чалавечага жыцця — мы пачалі часцей званіць сваім пажылым бацькам і турбавацца пра іх здароўе, мы пачалі часцей маліцца друг за друга, прысвячаць час сваім сем'ям.

 

2. Сусветны крызіс змусіў нас задумацца таксама пра нашыя гаманцы. Некаторыя з нас згубілі, або згубяць працу — гэта нас моцна турбуе, асабліва мужчынаў, якія з большага забяспечваюць дабрабыт сваіх сем'яў. Мы, беларусы, і раней не былі схільнымі да таго, каб выдаваць вялікія грошы, але цяпер, яшчэ больш задумваемся над тым, якія рэчы варта купіць, а ад якіх трэба адмовіцца…

Сітуацыя, у якой мы апынуліся, дапамагае нам пераасэнсаваць нашую сістэму каштоўнасцяў: ці тое, што раней было важным для мяне, усцяж застаецца для мяне актуальным і важным? Менавіта такое пытанне паставіў перад жыхарамі Ерусаліма Ісус. Як гэта так, можаце запытацца вы? А вось як.

 

3. Звычайна важныя асобы (прэзідэнты, каралі ці прэм'ер-міністры) уязджаюць у сталіцу з помпай: самі на дарагіх аўтамабілях, побач з імі машыны суправаджэння з мігалкамі…

Але Ісус-Кароль, Уладар Сусвету, хоць таксама ўрачыста ўязджае ў горад Ерусалім, але робіць тое на асле. Гэтым Ён нібы гаворыць: у мяне іншая сістэма каштоўнасцяў, ці гатовыя вы яе прыняць?

А сапраўды, ці гатовыя мы прыняць сістэму каштоўнасцяў Ісуса? Сістэму, у цэнтры якой знаходзіцца не нашае «я», але «ты», асоба і дабро іншага чалавека.

 

4. Пост скончыўся. Але, магчыма, яшчэ не скончыліся нашыя праблемы. Ды зноў жа нічога не вядома пра нашую будучыню, за выключэнне толькі аднаго: у гэтай будучыні мы перамаглі нашыя злыбеды, дзякуючы салідарнасці, узаемнай ахвярнасці ды ўражлівасці на іншага чалавека.

Міне пяць дзён і мы будзем вітацца словымі «Хрыстос уваскрос!».

Дык хай жа Той, хто аднойчы ўваскрос — уваскрашае нас для служэння нашым блізкім і далёкім, каб гучнае эха ў кожным сэрцы адказвала нам: «Сапраўды уваскрос!»


Аўтар - а. Андрэй Буйніч

4.04.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier