Пошук
Нядзельнае казаньне
|
панядзелак
ЛІСТАПАДА |
«Яго адыход суправаджаў малітваю ўвесь Касцёл, асабліва моладзь». 15 гадоў таму святы Ян Павел ІІ адышоў у дом Айца
Апошняй нядзеляй у жыцці Папы была Велікодная нядзеля 27 сакавіка 2005 года. У гэты дзень хворы Папа падышоў да вакна сваіх апартаментаў, каб з гэтага месца прывітаць натоўпы вернікаў і турыстаў, сабраных на плошчы Святога Пятра і ўдзяліць традыцыйнае благаслаўленне Urbi et Orbi — «Гораду і свету». Аднак ён ужо не быў у стане вымавіць ніводнага слова, а толькі благаславіў вернікаў. Усведамленне ўсё большых фізічных абмежаванняў, несумненна, павялічвала пакуты Папы. Менш як за тыдзень да смерці ён прызнаўся тым, хто быў з ім: «Калі я не магу быць з людзьмі, калі не магу цэлебраваць святую Імшу ў такое вялікае свята, як Вялікдзень, калі не магу прамовіць, то лепш мне адысці». За дзень да смерці Ян Павел ІІ развітаўся са сваім найбліжэйшым акружэннем, напісаўшы з дапамогаю арцыбіскупа Дзівіша на невялікім лістку: «Я радасны, і вы таксама будзьце. Памолімся разам з радасцю. Усё даручаю Панне Марыі».
Ян Павел ІІ цудоўна разумеў, што памірае. У свой апошні дзень ён хацеў мець поўны спакой. Папрасіў чытаць яму Евангелле паводле святога Яна, а ўвечары звярнуўся да найбліжэйшых, каб адслужылі каля яго ложка святую Імшу, і прыняў яшчэ некалькі кропель Эўхарыстыі, пасля чаго пачаў паступова траціць свядомасць. Папа памёр 2 красавіка 2005 года ва ўзросце 84-х гадоў. Смерць наступіла ў 21.37. Пры ложку Яна Паўла ІІ, які паміраў у папскіх апартаментах, былі яго найбліжэйшыя супрацоўнікі: асабісты сакратар Папы арцыбіскуп Станіслаў Дзівіш, яго вучань з Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта ксёндз Тадэвуш Стычань, ксёндз Мечыслаў Макшыцкі і сёстры сэрцанкі, якія штодзённа ім апекаваліся. Тут жа была таксама Ванда Пултаўска, якую з ксяндзом Каралем Вайтылам звязвала шматгадовае супрацоўніцтва і сяброўства.
За два дні да смерці Ян Павел ІІ даручыў Касцёл і свет Божай Міласэрнасці. У спецыяльнай тэлеграме ад 31 сакавіка 2005 года на ўрачыстасць Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках ён, між іншым, напісаў: «Жадаю зноў даручыць гэтай Любові Касцёл і свет, усіх людзей на ўсёй зямлі, а таксама сябе самога ў маёй слабасці».Гэтая тэлеграма была прачытана на наступны дзень пасля смерці Папы ў нядзелю 3 красавіка. Пантыфікат 264-а наступніка святога Пятра працягваўся 26 гадоў, 5 месяцаў і 16 дзён. Ён стаў трэцім па працягласці ў гісторыі Касцёла пасля святога Пятра і Пія ІХ. У агульных аўдыенцыях з Янам Паўлам ІІ узялі ўдзел каля 18 млн чалавек.
Згодна з традыцыяй пахавання Папаў, у труну з целам Яна Паўла ІІ быў пакладзены запаяны ў спецыяльную металічную капсулу яго кароткі жыццяпіс, напісаны на лаціне, — так званае rogito. Так пачынаецца гэты дакумент: «У святле Хрыста ўваскрослага, 2 красавіка года Пана 2005, а гадзіне 21.37, калі заканчвалася субота і мы ўжо ўвайшлі ў дзень Пана ў актаве Пасхі і нядзелю Божай міласэрнасці, узлюблены пастыр Касцёла Ян Павел ІІ перайшоў з гэтага свету да Айца. Яго адыход суправаджаў малітваю ўвесь Касцёл, асабліва моладзь».
Паводле: Томаш Круляк. Урыўкі з кнігі: «1001 rzeczy, które warto wiedzieć o Janie Pawle II» / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by |
|
2.04.2020
|






Сёньняшняе чытаньне:
