Пошук

Каляндар

 

Айцец Яўген Усошын  


Грэка-каталіцкі сьвятар упершыню высьвячаны ў Беларусі


Айцец Яўген Усошын
Дзень 17 чэрвеня 2007 году ўвайшоў у гісторыю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы: пасьля больш чым 150-гадовага перапынку на беларускай зямлі быў высьвячаны грэка-каталіцкі сьвятар.

Дагэтуль рукапакладаньне сьвятароў для адроджанай БГКЦ адбывалася за межамі Беларусі - як правіла, ва Ўкраіне або ў Польшчы. Нават у міжваенны час, у часы так званай неауніі, хіратонія грэка-каталіцкіх сьвятароў-беларусаў адбывалася па-за межамі Бацькаўшчыны (у Папскай Усходняй семінарыы ў Дубне на Валыні, Львове або ў Рыме).

Гэтым першым, высьвячаным у Беларусі грэка-каталіцкім сьвятаром стаў айцец Яўген Усошын з Менску, якога з бласлаўленьня Ўладыкі Ўладзіміна Війтышына, рукапаклаў Уладыка Багдан Дзюрах, дапаможны біскуп Кіеўскай архіпатхіі УГКЦ. Хіратонія адбылася ў Маладэчна, у грэка-каталіцкай парафіі Хрыста-Чалавекалюбцы. З Уладыкам Багданам самлужылі Экзарх Пражскі Ўладыка Ладыстаў Гучка з Чэхіі, архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, дэкан Цэнтральна-Заходняга протапразьбітарату а.Андрэй Абламейка, а таксама менскі сьвятар а.Андрэй Буйніч і дыякан Алесь Шыбека.

Айцец Яўген Усошын нарадзіўся ў Менску 18 лютага 1976 году. У 1998 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, а ў 2004-ым - Івана-Франкоўскую тэалагічную акадэмію. Сьвятарскую фармацыю атрымліваў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Драгічыне (Польшча). Абараніў магістарскую працу на Папскім тэалагічным факультэце ў Варшаве па тэме "Жыцьцё і дзейнасьць а.Антона Неманцэвіча". Працуе над дактаратам па гісторыі Царквы.

17 сьнежня 2006 г.быў рукапакладзены на дыякана Ўладыкам Сафронам (Мудрым) у Івана-Франкоўску (Украіна). Жанаты.

У слове падзякі, які новасьвятар скіраваў да Бога і вернікаў пасьля сваіх сьвячаньняў у Маладэчна, айцец Яўген зазначыў, што прагне, каб словы эпіклезы (малітвы да Бога Айца з просьбай аб спасланьні Духа Сьвятога на ўсіх малельнікаў, каб Ён зьяднаў і асьвяціў вернікаў), якія прамаўляў над ім Ўладыка Багдан падчас рукапакладаньня, распраўсюдзіліся таксама на ўсю Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву.

а. Андрэй Буйніч, г.Менск
"Царква", №3 (54)' 2007г.

23.05.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier