Пошук

Каляндар

 

“Крыніцай нашай нястомнай надзеі з’яўляецца Боская Літургія”  


“Крыніцай нашай нястомнай надзеі з’яўляецца Боская Літургія”30-годдзе першай грэка-каталіцкай Літургіі ў Мінску

 

11 сакавіка 2020 г. споўнілася 30 год ад дня, калі ў 1990 г. - у касцёле Узвышэння Святога Крыжа на мінскай Кальварыі - айцец Аляксандар Надсан, апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў Замежжа адслужыў прылюдна першую Боскую Літургію па беларуску.

У гэты дзень – увечары, прадстаўнікі грэка-каталіцкіх парафій Мінска сабраліся разам на падзячную малітву.

 

“Крыніцай нашай нястомнай надзеі з’яўляецца Боская Літургія”“Крыніцай нашай нястомнай надзеі з’яўляецца Боская Літургія”“Крыніцай нашай нястомнай надзеі з’яўляецца Боская Літургія”Няйперш на магіле а. Яна Матусевіча, на Кальварыйскіх могілках, была адслужана паніхіда за святароў а. Яна Матусевіча і а. Аляксандра Надсана.

Пасля, у 18:30 у капліцы Маці Божай Нястомнай Дапамогі, зав. Снежным д. 7 – непадалёк Кальварыйскіх могілак, грэка-каталіцкія святары, якія служаць у Мінску, адслужылі Боскую Літургію.

У казанні а. Андрэй Абламейка гаварыў пра моц Еўхарыстыі, якая будуе Царкву. Ён сам 30 год таму ўдзельнічаў у той асаблівай падзеі.

 

Крышку больш за 30 год таму, 12 лістапада 1989 г. група беларусаў патрыётаў разам з а. Янам Матусевічам адкрыта малілася па беларуску перад Іконай Маці Божай у базыльянскім храме ў Барунах – і гэта была вялікая падзея. Пасля яе пэўная колькасць людзей прыняла тайну св. Хросту. Але калі 11 сакавіка 1990 г. мы ўдзельнічалі ў Боскай Літургіі – наша група ўдзельнікаў стала Царквой. Такім цудоўным, містычным чынам адрадзілася прылюднае літургічнае жыццё Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы. У той дзень нарадзілася і маё святарскае пакліканне” – сказаў а. Андрэй Абламейка.

 

Напрыканцы падзячнай Боскай Літургіі апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі – архімандрыт Сяргей (Гаек) накіраваў да прысутных кароткае пастырскае слова:

Мы сёння дзякуем усім тым, хто 30 год таму маліўся на першай беларускамоўнай Боскай Літургіі ў Мінску. Тым, хто і сёння тут моліцца з намі і тым, хто ўжо адышоў да Госпада. Але я жадаю сёння падзякаваць і вам, каму менш за 30 год, хто не быў на той Літургіі. 30 год мы прылюдна молімся ў Мінску ў розных месцах: у гандлёвых радах Верхняга горада – побач касцёла св. Язэпа, у арэндаваным маленькім памешканні па вул. Прытыцкага, у падвалах жылога хмарачоса па пр. Пушкіна, нарэшце, і ў гэтый капліцы пад апекай Маці Божай Нястомна Дапамогі. Дзякуй, што 30 год вы – мінскія ўніяты – цярпліва і мужна захоўваеце хрысціянскую надзею.

Крыніцай нашай нястомнай надзеі з’яўляецца Боская Літургія”.

 

Падзячная служба завяршылася заўпакойнай малітвай за памерлых святароў (а. Яна Матусевіча, а. Аляксандра Надсана і а. Віктара Данілава) і за памерлых вернікаў. Замест традыцыйнага “Вечная памяць” – удзельнікі Службы заспявалі гімн-малітву за Беларусь - “Магутны Божа”.


12.03.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier