Грэка-каталіцкую мучаніцу блаславёную Мар'яну Бярнацкую, якая прыняла мучаніцкую смерць ад рук нямецкіх нацыстаў на фартах у Навумавічах пад Горадняй у 1943 г., узгадалі ў малітве ў Санктуарыі Блаславёных Падляскіх Мучанікаў у Пратуліне.
На працягу чатырох гадоў у траўні ў Пратуліне, недалёка ад неа-унійнай парафіі ў Кастамлотах над Бугам, адбываецца Пілігрымка жанчын, якую арганізуе Душпастырства жанчын Сядлецкай рыма-каталіцкай дыяцэзіі. Штогод яна збірае ад 2 да 3 тысяч жанчын. Сёлета, 26 траўня ў пілігрымцы ўдзельнічала больш за тры тысячы жанчын. Яны прыязджаюць індывідуальна, арганізаванымі групамі, на матацыклах або роварнымі пілігрымкамі, часта ў ёй удзельнічаюць цэлыя сем’і.
Акрамя рыма-каталіцкіх верніцаў, прыязджаюць таксама і верніцы, звязаныя з неа-унійнай парафіяй Кастамлоты, альбо проста нашчадкі падляскіх уніятаў. Таму зразумела, што пілігрымы ўшанавалі уніятку – “мужную Свякроў” блаславёную Мар’яну Бярнацкую.
З каштоўным сведчаннем выступіла праўнучка бл. Мар’яны Бярнацкай - Гражына Серафін. Яна распавядала пра Заступніцу свякровак, узор маці і свякрові. “Яна аддала сваё жыццё за выратаванне цяжарнай нявесткі. Праз яе заступніцтва жанчыны моляцца з просьбай пра ласку мацярынства”, - сказала прамоўца.
Падчас сустрэчы пілігрымаў быў час на малітву, на размову пра місію хрысціянскіх жанчын у сучасным свеце, на сустрэчу з блаславёнай Свякроўю. Духоўны, малітоўны ўспамін грэка-каталіцкай блаславёнай добра служыў асэнсаванню мужнасці ўніяцкіх сем'яў Падляшша ў даўняй і бліжэйшай гісторыі.
Гарадзенскія грэка-католікі ўшаноўваюць памяць блаславёнай Мар’яны два разы на год – у Надзелю Ўсіх Беларускіх Святых (2-я нядзеля паслпя Зыходу Святога Духа) і ў дзень яе нараджэння для неба – 13 ліпеня.
***
Мар'яна Бярнацкая нарадзілася ў 1888 г. у Ліпску. Бог, Яго закон і любоў да сям'і былі для Мар'яны каштоўнасцямі, важнейшымі за ўласнае жыццё. Падчас карнай акцыі гестапа яна ахвяравала сябе замест сваёй цяжарнай нявесткі. Стоячы на каленях каля ног эсэсаўца, прасіла: «Як яна пойдзе? Яна ж на апошніх тыднях цяжарнасці. Я пайду замест яе». Нявестка вярнулася дамоў. Мар'яну расстралялі 13 ліпеня 1943 г. ў Навумавічах каля Гародні. Чакаючы пакарання, яна мела толькі адну просьбу — каб ёй далі ружанец.
* * *
Ліпск належаў да ўніяцкага Аўгустоўскага дэканата, які ахопліваў таксама паўночную частку сённяшняга Гарадзенскага раёна і ўваходзіў у склад Холмскай уніяцкай епархіі. Епархія праіснавала да 1875 г., і гэта адзіны рэгіён сённяшняй Беларусі, у якім уніяцкія парафіі не былі знішчаныя пасля г. зв. Полацкага “сабору” 1839 года.