Пошук
Нядзельнае казаньне
субота
САКАВІКА |
Казаньні і гаміліі
«Што зрабіць мне добрага, каб мець жыцьцё вечнае?»
Мц 19,16-26 Дарагія браты і сёстры! Напэўна кожны з нас не адзін раз у сваім жыцьці задаваў сабе пытаньне: як я павінен жыць, каб увайсьці ў Валадарства Нябеснае, што я маю зрабіць асаблівага, каб насьледваць Хрыста. У сёньняшнім Евангельлі мы бачым, як да Ісуса Хрыста прыходзіць юнак, які пытае Яго: «Што зрабіць мне добрага, каб мець жыцьцё вечнае?» Юнак быў добра выхаваны і з самага юнацтва вёў пабожнае жыцьцё, захоўваючы Божыя прыказаньні. Незадаволены шматлікімі існуючымі практыкамі юдэйскай дабрадзейнасьці, юнак шукае большага. Ён разумее словы Хрыста, бачыць у іх сапраўдную Божую мудрасьць, і спадзяецца, што новы Настаўнік дапаможа яму знайсьці больш дасканалае служэньне Богу. Але адказ Хрыста бянтэжыць юнака. «Калі ж хочаш увайсці ў жыцьцё вечнае, трымайся прыказаньняў: не забівай, не чыні пералюбу, не крадзі, ня сьведчы ілжыва, шануй бацьку і маці і любі бліжняга свайго, як самога сябе». Юнак не чакае такога адказу. Для яго ён здаецца вельмі простым. Усё гэта ён мае. Юнак не чакае, што Хрыстос будзе казаць аб тым, што яму так добра вядома, што ён выконваў ад самага дзяцінства. Юнак чакае атрымаць ад вялікага Настаўніка нейкія новыя, надзвычайныя прыказаньні, альбо, напэўна, больш суровую аскетычную навуку. «Усё гэта захаваў я з юнацтва майго, чаго яшчэ мне не хапае?» - пытае ён. Хрыстос прапануе яму ісьці далей – быць дасканалым: «Калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною». Ісус Хрыстос навучае нас, што, каб увайсьці у жыцьцё вечнае, трэба выканаць Божыя прыказаньні. Але само гэта выкананьне мае шмат прыступак. Той, хто не забівае бліжняга зброяй, робіць добра, згодна з прыказаньнямі, але хто не забівае нават словам робіць лепей, а той хто не робіць ніякай крыўды і шкоды і не думае дрэнна аб бліжнім – яшчэ лепей. Можна любіць бліжняга свайго, як самога сябе, але абмяжоўваць гэтую любоў аднымі словамі або зьнешнімі справамі, якія не патрабуюць вялікай ахвяры. Хрыстос навучае нас, што выкананьне прыказаньняў можа мець розныя прыступкі дасканаласьці. Ён жа запрашае нас ісьці далей, да адной з вышейшых ступеняў дасканалай любові – ахвяраваць усё, усяго сябе, каб ісьці за Ім і служыць бліжняму ў любові. Навука Хрыста аказалася вельмі простай, а мудрасць Яго часта ляжыць у нас пад нагамі. Хрыстос запрашае нас да дасканаласьці, але каб быць дасканалым не абавязкова быць вельмі мудрым. Дастаткова мець сэрца, поўнае любові да Хрыста, і мужнасьць, каб аддаць Яму ўсё сваё жыцьцё. Аўтар - а. Аляксандр Шыбека |
1.08.2008
|