Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Памяць святых апосталаў славянскіх Кірылы і Мятода - 11 траўня  


Праз некалькі дзён (11 траўня) мы будзем святкаваць памяць святых апосталаў славянскіх Кірылы і Мятода. У парафіі БГКЦ у Баранавічах гэты ўспамін святкуецца як парафіяльнае свята. 


1. Гэтыя святыя браты пакінулі багацце сваёй сям’і, пакінулі жыццё сярод бляску візантыйскага імператарскага двору – усё гэта, каб служыць Богу, каб абвяшчаць славянскім народам Хрыста. Іхняя місія суправаджалася нечаканымі поспехамі і цяжкімі паразамі. У свеце, падзеленым паміж сферамі уплыву дзвюх вялікіх імперый – Франка-Германскай, спадкаемцам старажытнага Рыму, і Візантыйскай, Новага Рыму, Канстантынопалю, - яны былі аднолькава блізкія да абодвух гэтых сталіц, даючы жыццё эксперыменту, які адкрыў кругагляд славянскім народам. Яны далі славянам, нашым продкам, пісьменнасць, культуру, закон. Яны паказалі шлях стаць народамі моцнымі, незалежнымі, якія могуць адчуваць сябе на роўных са сваімі суседзямі – без этнічных або культурных комплексаў. 


2. З духоўнага пункту погляду яны жадалі з’яднаць гэтыя народы з Рымскім Пасадам, захоўваючы аднак духоўную і літургічную сувязь з Канстантынопалем. Які вялікі ідэал – якія вялікія перспектывы! Але як шмат ім давялося пацярпець, каб зрушыць яго наперад. Святы Мятод, прызначаны Папам у якасці папскага легата для славянскіх народаў, быў увязнены сваімі са-братамі, франкскімі біскупамі. Вучні Мятода пасля ягонай смерці былі выгнаныя з Вялікай Маравіі – і ў гэтых землях упрадоўж цэлых стагоддзяў імя Кірылы і Мятода было амаль забыта. Ідэал аднолькавай годнасці ўсіх народаў на працягу стагоддзяў быў зняважаны – падпарадкоўваючы адзін народ другому, дазваляючы аднаму народу гаспадарыць над іншым. Ідэал духоўнай еднасці, сапрычасця ўсіх хрысціянаў у Царкве “адзінай, святой, паўсюднай і апостальскай”, пад провадам намесніка Пятра, як вышэйшага гаранта сапрычасця ў веры – таксама гэты ідэал цяжка цярпеў праз падзелы, што ўпрадоўж другога тысячагоддзя ранілі Царкву – па віне людзей з усіх бакоў.

3. Нехта можа сказаць, што місія святых Кірылы і Мятода перажыла правал, няўдачу – таксама як ідэя еднасці Цэркваў, ідэя, якая знайшла сваю гістарычную форму і выражэнне ўласна на беларускіх землях больш чым чатыры стагоддзі таму. Але Госпад ёсць Госпадам гісторыі. Ён не вымярае час нашымі чалавечымі меркамі. Крытэрыі, якія ён выбірае, каб штурхаць наперад гісторыю, не адпавядаюць чалавечым крытэрыям. Сёння, святыя Кірыл і Мятод вызнаюцца прасветнікамі, носьбітамі культуры і годнасці. Яны, праз доўгія стагоддзі забытыя ў заходнім свеце, сёння ўшаноўваюцца як патроны Эўропы. Іхні ідэал успамінаецца сёння як яскравы прыклад для экуменічнага поступу, які імкнецца загаіць раны раздзялення. 


4. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква з гонарам можа адчуваць сябе моцна звязанай з гэтым іх пасланнніцтвам і гэтым іх ідэалам. І нават калі адчувае сябе невялікай, магчыма як тая, якую мала бяруць да ўвагі, мала каштоўнай, або і наўпрост забытай і недаацэненай – жыве сваёй верай з даверам, уласцівым святым Кірылу і Мятоду, шматлікім мучанікам і вызнаўцам веры мінулых стагоддзяў, -- айцу Антону Неманцэвічу і шматлікім іншым беларусам, што ахвяравалі свае жыцці ў надзеі пабачыць у свеце, пазначаным войнамі, перамогу міра, у раздзеленым хрысціянстве – еднасць паміж хрысціянамі, у чалавецтве, падзеленым праз шматлікія прычыны – мірнае суіснаванне паміж усімі людзьмі.Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ёсць невялікая і пакорная. Але ўласна праз гэта яна можа прысвоіць сабе словы Дзевы Марыі у ейным спеве Magnificat: “Госпад паглянуў на пакорнасць служкі сваёй”.


У свеце вялікіх і моцных мы пакліканы разам з Марыяй, Маці Божай, абвяшчаць моц маленькіх, прыніжаных, непрызнаных. “Усе пакаленні” называюць блаславёнай гэтую малую служку Госпада. Маці Божая узвялічваецца і называецца блаславёнай таксама на гэтых землях, са шматлікімі тытуламі, пад рознымі імёнамі, што памятаюць і прыклікаюць Яе як Заступніцу.

Асабліва ўспамінаем Яе як Маці Божую Жыровіцкую, праз Ейную ікону так глыбока шанаваную ў беларускім народзе.


Маці Божая у сваёй пакорнасці нясе свету Збаўленне, Свайго Сына – Сына Божага.

5. Беларуская Царква у сваёй нязначнасці і пакорнасці паклікана споўніць тую самую вялікую справу: данесці да гэтага свету, да людзей спрагненых надзей, да людзей прыгнечаных і пакінутых вялікімі сістэмамі і вялікімі ідэалогіямі, голас Сына Божага, голас надзеі.


Адкуль маем такую пэўнасць? Адкуль паходзіць наша надзея перад абліччам знешняй паразы, перад абліччам мучаніцтва, перад абліччам пакінутасці? Яна паходзіць з глыбокай праўды, якую абвяшчаем штораз нашым спевам: 

 

“Хрыстос ўваскрос з мёртвых,

смерцю смерць зваяваў

і тым што ў магілах

жыццё дараваў”.


Аўтар - Архібіскуп Кірыл (Васіль), Івацэвічы - 8.05.2012

7.05.2019

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier