Вялікі Пост для ўсіх хрысціянаў гэта час асаблівага ўшанавання Крыжа Ісуса Хрыста.
Сёння - 4 красавіка 2019 г. хрысціяне Беларусі з болям і жахам глядзяць на крыжалом у Курапатах.
Прыбіты да крыжа, Ісус сказаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23,34).
Каб перапрасіць Бога за гэтае блюзнерства - молімся словамі ўшанавання Крыжа з Малітвы Францішка Скарыны.
Малітва да Ўкрыжаванага Хрыста
Збавіцелю наш, Госпадзе Ісусе Хрысьце,
бачу Цябе павешаным на крыжы
дзеля Тваёй вялікай любові да роду людзкога.
Галаву маеш нахіленую, хочучы пачуць малітвы ўсіх нас;
сэрца маеш адкрытае, хочучы даць усім ласку Тваю;
рукі маеш расьцягнутыя, хочучы ўсіх нас да сябе прыгарнуць;
ногі маеш прыбітыя цьвікамі, хочучы быць заўсёды з грэшнікамі.
Малю Цябе сёньня:
дзеля Твае горкае сьмерці і пачэснага Крыжа
пачуй малітвы мае,
пашлі мне ласку Тваю,
прыгарні мяне да сябе,
і будзь са мною ў час сьмерці маёй.
Амін.
Францішак Скарына
(тэкст у традыцыйнай багаслужбовай арфаграфіі)