Пошук

Каляндар

 

Апостальскі візіт Папы Францішка ў Краіны Балтыі  


Апостальскі візіт Папы Францішка ў Краіны БалтыіАпостальскае падарожжа Яго Святасці Папы Францішка ў Літву, Латвію і Эстонію пройдзе 22–25 верасня 2018 г.


22–23 верасня — Літва


22 верасня самалёт італьянскай авіякампаніі Alitalia каля 11:30 даставіць Святога Айца ў Вільню. 

 

Пасля ўрачыстай цырымоніі прывітання Папа кіруеццца ў Прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з кіраўніком Літоўскай дзяржавы, прадстаўнікамі органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу.

 

У другой палове дня Папа Францішак наведае віленскі Санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай, дзе памоліцца перад цудатворным Абразом Маці Міласэрнасці, пасля чаго сустрэнецца з моладдзю на плошчы перад віленскай катэдрай, дзе захоўваюцца рэліквіі св. Казіміра — апекуна моладзі.

 

Раніцай 23 верасня Папа Францішак скіруецца ў Каўнас, дзе ў мясцовым парку Santakos узначаліць нядзельную св. Імшу, якая завяршыцца супольнай малітвай «Анёл Панскі».

На другую палову дня запланавана сустрэча Папы з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі ў катэдральным касцёле Каўнаса.

 

Пасля сустрэчы Святы Айцец вернецца ў Вільню, дзе завяршыць афіцыйную праграму літоўскага этапу падарожжа малітвай ля помніка ахвярам віленскага гета ў скверы на вуліцы Руднінку і наведваннем Музея акупацыі і барацьбы за свабоду і кароткай малітвай за ўсіх ахвяраў вайны.

 

24 верасня — Латвія


24 верасня Святы Айцец вылеціць у Латвію. Каля паловы дзявятай раніцы самалёт з Папам прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Рыгі.

 

Пасля цырымоніі прывітання Папа Францішак скіруецца ў Прэзідэнцкі палац для сустрэчы з латвійскім лідарам і іншымі прадстаўнікамі палітычнай улады Латвіі, з членамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпусу.

 

Затым запланавана цырымонія ўскладання вянкоў да Помніка Свабоды — манумента ў памяць аб загінулых змагарах за незалежнасць Латвіі.

 

Далейшая праграма прадугледжвае экуменічную сустрэчу Папы Францішка ў рыжскім лютэранскім Домскім катэдральным саборы, а пасля яе — візіт Святога Айца ў каталіцкі катэдральны касцёл св. Якуба.

 

Пасля абеду Папа Францішак на верталёце скіруецца ў Санктуарый Маці Божай у Аглоне. Там ён узначаліць Эўхарыстыю, падчас якой прамовіць гамілію да вернікаў.

 

Пасля св. Імшы Папа вернецца ў Рыгу, а адтуль на самалёце — у Вільню.

 

25 верасня — Эстонія


25 верасня каля 10:00 Папа Францішак прыбудзе ў г. Талін. Пасля традыцыйнага прывітання ён правядзе сустрэчу з прэзідэнтам Эстоніі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпусу ў Прэзідэнцкім палацы.

 

Акрамя таго, праграма візіту Папы ў Эстонію прадугледжвае экуменічную сустрэчу з моладдзю ў лютэранскай кірхе св. Караля і сустрэчу з супрацоўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый у катэдральным касцёле св. Пятра і Паўла.

 

Затым Святы Айцец узначаліць св. Імшу на плошчы Свабоды Таліна, пасля якой развітаецца з эстонскімі вернікамі і накіруецца ў аэрапорт, адкуль каля сёмай гадзіны вечара вылеціць у Рым.

 

Апостальскі візіт у Літву, Латвію і Эстонію будзе для Папы Францішка ўжо 24-м падарожжам за межы Італіі.

 

Паводле Catholic.by


17.09.2018

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier