Пошук

Каляндар

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Грамадства патрабуе духоўных пераменаў»  


Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Грамадства патрабуе духоўных пераменаў»Увечары 6 жніўня, калі Касцёл адзначае свята Перамянення Пана, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў св. Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У гаміліі іерарх засяродзіўся на значэнні свята Перамянення ў жыцці хрысціяніна і звярнуў увагу на некаторыя актуальныя праблемы беларускага грамадства.


Перадусім кіраўнік беларускага епіскапату падкрэсліў, што Перамяненне Пана на гары Табор стала вялікай ласкай для апосталаў Пятра, Яна і Якуба, бо яны ўбачылі сапраўдную славу Езуса ў Божым Валадарстве. Да гэтай славы пакліканы кожны веруючы.

 

«Гэтая ласка была вельмі патрэбная ім, бо паказвала, што дзеля будучай славы варта цярпець»,— дадаў іерарх.

 

Падчас Перамянення Бог Айцец наказаў выбраным апосталам слухаць свайго ўмілаванага Сына Езуса, аднак у цяжкую хвіліну яны пакінулі Яго…

 

«У нашым жыцці мы бываем падобныя да апосталаў. У Эўхарыстыі, іншых сакрамэнтах, Святым Пісанні мы сустракаем Езуса, але не заўсёды з’яўляемся вернымі Яму і не заўсёды Яго слухаем. Нам неабходная перамена. Найперш духоўная, якая дасягаецца ў сакрамэнце пакаяння, у змене грэшнага жыцця на жыццё ў Божай ласцы», — сказаў арцыбіскуп.

 

Іерарх таксама звярнуў увагу на неабходнасць змены менталітэту.

 

«Мы радуемся развіццю нашай краіны. Цешымся, што Беларусь становіцца больш адкрытай <…> Але ці гэтага дастаткова?

 

У апошні час мы бачым шмат негатыўных тэндэнцый, якія датычацца духоўнага жыцця нашага грамадства і яго менталітэту.

 

Цяпер абмяркоўваецца праект Закона аб хатнім насіллі. Касцёл супраць усялякага насілля, але прапанаваны Закон у пэўных момантах супярэчыць Святому Пісанню, асабліва ў галіне выхавання дзяцей, забараняючы караць іх за неадпаведныя паводзіны.

 

Як бульдозер, у нашай краіне пракладае сабе дарогу гендарная ідэалогія, сэнс якой у тым, што не фізіялогія акрэслівае пол чалавека, а грамадская культура. У Бібліі мы чытаем, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну. Такім чынам гендарная ідэалогія супрацьпастаўляецца Богу. Адрыванне полу ад біялогіі — гэта ўдар па тоеснасці і годнасці чалавека, а таксама знішчэнне грамадскіх каштоўнасцяў і сувязяў. Гендарная ідэалогія супрацьпастаўляецца сям’і як гістарычнай, Богам створанай структуры любві і жыцця.

 

Вялікую трывогу выклікае так званае „ўпарадкаванне“ Вайсковых могілак, за якімі, напэўна, распачнецца ўпарадкаванне іншых, у тым ліку і Кальварыйскіх. Старыя могілкі сапраўды патрабуюць упарадкавання, але не коштам нашай гісторыі. А нацыя, якая забываецца пра сваю гісторыю, гэтым самым адракаецца ад сваіх каранёў і не мае будучыні.

 

Апошнія месяцы першымі навінамі ў нашай краіне з’яўляецца праблема рэстарана „Поедем поедим“, размешчанага побач з Галгофай нашага народа — урочышчам Курапаты. Як такое магло здарыцца? Хто і чаму даў дазвол? Дзе этычныя нормы паводзінаў? Чаму побач з месцам генацыду нашага народа пабудавалі месца для забавы? Ці адэкватны чалавек пойдзе туды, ці будзе там весяліцца, гледзячы праз вакно на месца жудаснай мучаніцкай смерці нашых продкаў?

 

А можа, сумленне тых, хто даваў дазвол, хто будаваў і хто туды ідзе, спіць?.. Выглядае, што імкненне да нажывы любым коштам становіцца большым за павагу да месцаў пахавання пемерлых, тым больш нявінна загінулых.

 

У Курапатах патрэбны мемарыял — месца малітвы і роздуму над тым, што можа зрабіць адсутнасць любові да бліжняга, каб падобнае ніколі больш не паўтарылася, а не забаўляльныя цэнтры.

 

Узнятыя вышэй праблемы нашага грамадства і рэстаран „Поедем поедим“ — гэта „лакмусавая паперка“ маральнага стану нашага грамадства, якое патрабуе перадусім духоўнай перамены.

 

Няхай свята Перамянення Пана заахвоціць нас да яе, каб мы паважалі нашую гісторыю, а не глуміліся над ёю, і каб яна стала для нас сапраўднай настаўніцай жыцця.

 

Мы адвярнуліся ад Езуса, як адвярнуліся ад Яго Пётр і Якуб. Але потым яны вярнуліся да Яго і сталі Яго сведкамі. Вернемся і мы, каб у жыцці кіравацца маральнымі каштоўнасцямі і каб нам было добра ў нашай Беларусі, як апосталам на гары Табор», — завяршыў сваю гамілію Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт.

 

Паводле Catholic.by


7.08.2018

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier