Пошук

Каляндар

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч у Трасцянцы: «Гэта месца павінна нанава абудзіць у свеце прысутнасць Бога як гаранта сапраўднага міру»  


Арцыбіскуп Кандрусевіч у Трасцянцы: «Гэта месца павінна нанава абудзіць у свеце прысутнасць Бога як гаранта сапраўднага міру»25 чэрвеня прайшла цырымонія перазахавання парэшткаў ахвяр трагедыі ва ўрочышчы Благоўшчына, што на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса Трасцянец — былым нацысцкім лагеры смерці пад Мінскам у часы Другой сусветнай вайны.


Сярод прысутных на памятнай цырымоніі выступіў і старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Іерарх адзначыў, што лагер смерці Трасцянец знаходзіцца ў адным шэрагу з Асвенцымам, Майданэкам і Трэблінкай — месцам генацыду людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.

«Сёння мемарыяльны комплекс Трасцянец заклікае да адказу на пытанне: „Дзе знаходзяцца межы нянавісці? Як чалавек мог падняць руку на іншага чалавека?“ Трасцянец заклікае да новага асэнсавання правоў чалавека і народаў да існавання, свабоды, незалежнасці і любові да бліжняга. Гэта месца кажа, што ніводзін народ не можа развівацца за кошт іншага, яго зняволення, эксплуатацыі і смерці».

 

Як дадаў арцыбіскуп, «Трасцянец — месца, якое павінна нанава абудзіць у сучасным свеце прысутнасць Бога як гаранта сапраўднага міру, калі з’яўляюцца новыя пагрозы, у сэрцах людзей пануе моц грахоўнай цемры, а імя Бога выкарыстоўваецца для апраўдання сляпога насілля адносна бязвінных.

 

Таму сёння, у наш неспакойны час, няхай з гэтага палітага крывёю нявінных людзей месца гучыць малітва: „Божа міру, Ты адзіны з’яўляешся сапраўдным супакоем, адары сучасны свет ласкай прымірэння, каб ніколі не паўтарылася трагедыя, падобная да трагедыі Трасцянца, каб ніколі больш чалавек не падымаў руку на іншага чалавека і каб ніколі больш не было вайны“».

 

Паводле Catholic.by


26.06.2018

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier