Пошук

Каляндар

 

Дзяліцца скарбам хрысціянскага Усходу  


Дзяліцца скарбам хрысціянскага УсходуXXI Сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы г. Лунгра (Італія) 14-17 чэрвеня 2018

 

У чацвер, 14 чэрвеня 2018 г., у рамкмх урачыстай Вячэрні ў кафедральным саборы св. Мікалая з Мір у г. Лунгра (Калабрыя, Італія), пачалася ХХІ Штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы (Conventus Hierarchorum Catholicorum Europae). Разам з мясцоваю супольнасцю ў інаўгурацыйнай сесіі прынялі ўдзел больш за пяцьдзесят усходніх каталіцкіх біскупаў.

 

У праграме Сесіі мелі месца выступленні Кард. Леанарда Сандры, прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, Кард. Анджэла Баняска, Старшыні Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) і Архібіскупа Эміля Паўла Чэрыга, Апостальскага нунцыя ў Італіі.

 

Сёлетняя сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы праходзіць у горадзе Лунгра (Італія) па запрашэнні Уладыкі Даната Оліверыя, біскупа Епархіі Лунгра для італа-албанцаў кантынентальнай Італіі.

 

«Чым больш нашыя Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы будуць самімі сабой, тым больш пераканаўчым будзе наша сведчанне. Чым больш яснай будзе наша прыналежнасць да хрысьціянскага Усходзу, тым больш плённай і каштоўнай будзе наша камплементарнасць адносна заходняй традыцыі і тым больш прысутным будзе скарб хрысціянскага Усходу ў сэрцы Царквы». Менавіта такія выклікі «ў духу Другога Ватыканскага Сабору і ў згодзе з Кодэксам канонаў Усходніх Цэркваў», сфармуляваў уладыка Даната Оліверыя, тлумачачы мэту Сустрэчы.

 

«Гэтая сустрэча, падчас падрыхтоўкі да першага Стагоддзя Епархіі Лунгра (13 лютага 2019), з'яўляецца падзеяй несумненнай вагі, таму што тут збіраюцца разам усе кіраўнікі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, прысутных у Еўропе, каб што раз лепш разумець тое, што ўся Царква чакае ад усходніх хрысціянаў у поўнай еднасці з Апостальскім Пасадам».

 

Для ўладыкі Даната «гэтыя сустрэчы ўзбагачаюць усіх нас і ўмацоўваюць нас як Усходнія Каталіцкія Цэрквы, а менавіта - у тым, каб вызначыць што раз лепш наш спецыфічны ўклад, нашу тоеснасць у экуменічным кантэксце, у надзеі, што гэта прывядзе да пераадолення непаразуменняў і напружанняў». Па словах біскупа Епархіі Лунгра для італа-албанцаў кантынентальнай Італіі «ясная свядомасць і выразная камплементарнасць нашай царкоўнай тоеснасці могуць запэўніць лепшае разуменне каштоўнага «месца» усходніх католікаў у экуменічным кантэксце».

 

***

Рабочыя пасяджэнні ўдзельнікаў Сустрэчы працягваюцца 15-16 чэрвеня 2018 дакладамі ды дыскусіяй пра постаць Біскупа, у прыватнасці ў кантэксце некаторых аспектаў новага шлюбнага працэсу; аб Літургіі - яе абнаўленні ў вернасці ўласнай тоеснасці Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў і ў здольнасці аднаўляць жыццё чалавека.

 

У Сустрэчы прымаюць удзел біскупы і духавенства - прадстаўнікі 12-ці Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляе Апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей (Гаек).

 

Сустрэча завершыцца ў нядзелю 17 чэрвеня 2018 Боскай Літургіяй у кафедральным саборы св. Мікалая з Мір у Лунгра.

 

***

Ва ўлонні Каталіцкай Царквы існуюць Памесныя Цэрквы, якія называюць таксама Цэрквамі свайго права, або абраду, якія знаходзяцца ў поўнай еднасці (сулучнасці) з Рымскай Царквой, але якія адрозніваюцца ад лацінскай Каталіцкай Царквы рознымі формамі літургічнага культу і народнай пабожнасці, сакраментальнай дысцыплінай (удзяленнем Святых Тайнаў) і кананічнай дысцыплінай (юрыдычнымі прадпісаннямі), тэрміналогіяй і багаслоўскімі традыцыямі.

 

Спіс Цэркваў “sui iuris”(свайго права), якія ўдзельнічаюць у Сустрэчы:

  • Італа-Албанская Царква (епархія Лунгра і епархія П’яна дэлі Албанезі ў Італіі)

  • Царква візантыйска-славянскага абраду ў Балгарыі

  • Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква

  • Грэка-Каталіцкая Царква ў Чэхіі

  • Апостальскі Экзархат для католікаў візантыйскага абраду ў Грэцыі

  • Грэка-каталіцкая Царква ў Казахстане

  • Мукачаўская Грэка-Каталіцкая Царква

  • Грэка-Каталіцкая Царква ў Румыніі

  • Грэка-каталіцкая Царква ў Сербіі і Чарнагорыі

  • Славацкая Грэка-Каталіцкая Царква

  • Украінская Грэка-Каталіцкая Царква (Украіна, Вялікабрытанія і Ірландыя, Германія, Італія, украінскія супольнасці ў свеце)

  • Грэка-Каталіцкая Царква ў Венгрыі

  • Мельхіцкая Грэка-Каталіцкая Царква

  • Армянская Каталіцкая Царква (Еўропа)

  • Сіра-Малабарская Царква ў Вялікабрытаніі

  • Сіра-Каталіцкая Царква ў Еўропе

 

***

 

Першая Сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы адбылася ў 1997 годзе ў епархіі Гайдударог (у г. Ньірэдзьгаза - Венгрыя) пры падтрымцы і садзейнічанні Кардынала Акіле Сільвестрыні, тагачаснага прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, які хацеў стварыць прастору, у якім біскупы гэтых Цэркваў, якія былі асабліва зраненыя атэістычным рэжымам, «знаходзілі са што раз большай яснасцю сваю ролю ў сённяшняй Еўропе і атрымлівалі асалоду ад любові і павагі за іх гісторыю вернасці Царкве і Папе, якую яны аплацілі высокай цаной» (з уступнага Слова кардынала Акіле Сільвестрыні для публікацыі Актаў першай сустрэчы).

Пачынаючы з 2009 года гэтыя Сустрэчы (CHOCE) праходзяць пад патранатам ССЕЕ. 


15.06.2018

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier