Пошук
Нядзельнае казаньне
|
панядзелак
ЛІСТАПАДА |
18 красавіка — гадавіна смерці біскупа Баляслава Слосканса
Варта адзначыць, што іерарх таксама прымаў удзел у Другім Ватыканскім Саборы. Біскуп і Апостальскі адміністратар Мінскі і Магілёўскі, беларускі і латышскі рэлігійны і грамадскі дзеяч Баляслаў Слосканс нарадзіўся ў былой Віцебскай губерні ў Стэрнянах пад Рэжыцай (Латвія) у каталіцкай сям’і Бярнарда і Цэцыліі Слоскансаў. Вучыўся ў каталіцкай духоўнай акадэміі ў Петраградзе. У 1917 г. ён прымае прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Яна Цепляка, а пасля закрыцця акадэміі пачынае служэнне ў храме св. Кацярыны на Неўскім праспекце, дапамагае ў каталіцкіх парафіях у прыгарадах Петраграда, а таксама ў Шлісельбургу, Кранштаце і Петразаводску. У 1924-25 гг. ён нясе душпастырскае служэнне ў маскоўскім храме свв. Пятра і Паўла, а пасля — у парафіі Св. Барбары ў Віцебску. 10 мая 1926 г. біскуп Мішэль д’Эрбіньі, спецыяльны пасланнік папы Пія XІ, у храме св. Людовіка ў Маскве таемна ўдзяляе святару біскупскае пасвячэнне і прызначае яго Апостальскім адміністратарам у Магілёве (са жніўня 1926 г.) і Мінску (з 1927 г.).
У сваіх выступленнях біскуп Слосканс імкнуўся выкарыстоўваць і беларускую, і польскую мовы. Каб растлумачыць стаўленне да моўнай палітыкі, аднойчы падчас наведвання гомельскай парафіі ён звярнуўся да прысутнай у касцёле інтэлігенцыі па-польску: «Казанне мае на мэце растлумачыць усім вернікам — без раздзялення іх па ўзроўню асветы — найважнейшую справу іхняга жыцця, справу збаўлення душы. Гаварыць аб гэтым на мове, якую добра не разумеюць шырокія масы, было б дарэмнаю гаворкаю, а казаць два казанні ў розных мовах я не маю часу. Таму прашу інтэлігенцыю прыстасавацца да мовы шырокіх кругоў вернікаў і выслухаць казанне ў беларускай мове», — казаў тады ён. Першы арышт За актыўную дзейнасць на пасадзе Апостальскага адміністратара біскуп Баляслаў Слосканс у верасні 1927 года быў арыштаваны і высланы ў Салавецкія лагеры. Смяротнасць у лагерах сярод зняволеных была тады даволі высокая. У 1929 годзе на востраве Анзэр з тысячы зняволеных памерла 700. Здароўе і біскупа Баляслава ў 1930 годзе было вельмі падарваным ад працы і холаду. Але ён выжыў, адбыўшы тэрмін зняволення. У 1930 годзе скончыліся тры гады яго зняволення. Спачатку ён вяртаецца ў Ленінград, а затым у Магілёў. Але праз дзесяць дзён пасля прыезду біскупа ў Магілёў яго зноў арыштоўваюць і высылаюць у Сібір. Падарожжа на высылку прыйшлося адбываць этапамі. У сакавіку 1931 года ён прыбыў у Енісейск. Адтуль праз два месяцы яго перавялі ў Стара-Юруханск, а на новы 1932 год — у Краснаярск. Там біскуп Баляслаў мусіў сам знаходзіць сабе працу і харчаванне. Ратавала лоўля рыбы. Праз год яму паведамілі, што яго пераводзяць у Маскву. Праз тыдзень знаходжання ў маскоўскай турме, 20 студзеня 1933 года біскупа выклікалі ў суд, дзе яго чакаў пасол латвійскага ўраду, які паведаміў, што, дзякуючы латвійскаму ўраду і Апостальскаму Пасаду, савецкі ўрад пагадзіўся абмяняць яго на аднаго камуніста, і дзеля гэтага ўжо заўтра можна выехаць у Рыгу. Прапанову пастыр прыняў не адразу, кажучы, што яго абавязак — берагчы даручаную яму паству. Падчас Другой сусветнай вайны гітлераўскія ўлады пастаянна перашкаджалі біскупу Слоскансу выконваць яго архіпастырскія абавязкі на Беларусі. А ў 1944 годзе нямецкае гестапа вывезла яго ў Германію ў лагер для ваеннапалонных Шнайдэмюле, адкуль іерарх быў вызвалены дзякуючы нямецкім біскупам.
Пасля вызвалення біскуп Слосканс жыў у горадзе Айхштэт у Баварыі, а затым у кляштары капуцынаў у Лор-на-Майне. Там ён знаходзіўся да 1947 года. Пасля беларусы-вернікі запрасілі яго ў Бельгію. Адтуль Апостальскі Пасад камандзіраваў біскупа візітаваць беларускія асяродкі ў Францыі, Бельгіі і Германіі. Афіцыйна біскуп Баляслаў Слосканс быў Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў з 19 снежня 1952 года, а з 14 лютага 1953 года — і адказным за душпастырства для беларусаў лацінскага абраду ў Заходняй Еўропе. Ужо ў папярэднія гады ён наведваў і падтрымліваў духоўна многіх беларусаў-эмігрантаў і асабліва дапамагаў беларускім студэнтам, якія вучыліся ў каталіцкім універсітэце ў Лювене. Ён быў зацікаўлены духоўным і культурным развіццём сярод беларусаў на Захадзе, асабліва маладых студэнтаў і інтэлектуалаў. Для духоўнага і культурнага жыцця беларусаў на Захадзе вельмі важнай была таксама падтрымка, якую біскуп Баляслаў аказваў вядомаму беларускаму музыку Міколу Равенскаму — аўтару музыкі беларускага рэлігійнага гімна «Магутны Божа».
Актыўны ўдзел біскупа Баляслава Слосканса ў духоўным і культурным жыцці беларусаў замежжа выяўляўся і ў матэрыяльнай, і ў маральнай дапамозе, якую ён аказваў беларускім каталіцкім часопісам Źnič, што выдаваўся ў Рыме Пятром Татарыновічам, і «Божым шляхам», які выдаваўся ў Парыжы Львом Гарошкам. Вялікая заслуга біскупа Баляслава Слосканса для душпастырскіх патрэбаў беларусаў у эміграцыі была і ў тым, што ён, як Апостальскі візітатар для беларусаў замежжа, падтрымаў ліст, які беларускія святары напрыканцы іх агульнай сустрэчы ў Рыме прадставілі папу Яну XXIII 6 лютага 1960 года. У лісце была просьба прызначыць для беларускіх католікаў уласнага біскупа. Ліст быў падпісаны біскупам Баляславам Слоскансам і беларускімі святарамі, якія займаліся душпастырскай апекай беларускіх эмігрантаў абодвух абрадаў у Заходняй Еўропе. І сапраўды, 2 ліпеня 1960 года Ян ХХІІІ намінаваў айца Чэслава Сіповіча, рэктара беларускай місіі ў Лондане, першым беларускім біскупам з часу знішчэння ў 1839 годзе царскімі ўладамі Расійскай імперыі структур Грэка-Каталіцкай Царквы. У 1962-65 гг. біскуп Слосканс прыняў удзел у Другім Ватыканскім Саборы. 18 красавіка 1981 г. іерарх адышоў у вечнасць. У 1993 годзе яго парэшткі перавезлі ў базыліку Божай Маці ў Аглоне (Латвія). У 2000 годзе быў распачаты яго беатыфікацыйны працэс. У 2004 г. папа Ян Павел ІІ падпісаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў біскупа Баляслава Слосканса.
Паводле mohylev-katolik.by |
|
18.04.2018
|






Сёньняшняе чытаньне:
