Пошук

Каляндар

 
пятніца
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

«Радуйцеся і весяліцеся»: абнародавана новая адгартацыя папы Францішка  


«Радуйцеся і весяліцеся»: абнародавана новая адгартацыя папы ФранцішкаВа ўрачыстасць Звеставання Пана 9 красавіка ў Ватыкане была абнародавана Апостальская адгартацыя папы Францішка Gaudete et exsultate («Радуйцеся і весяліцеся»), прысвечанай пакліканню да святасці ў сучасным свеце.


«Мы становімся святымі, калі жывем евангельскімі благаслаўленнямі — гэта галоўны шлях, таму што ён вядзе супраць плыні гэтага свету»,

— падкрэсліў Святы Айцец у дакуменце, які быў апублікаваны  на васьмі мовах: італьянскай, французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай, польскай і арабскай.

Адгартацыя складаецца з пяці раздзелаў. У першым гаворка ідзе пра паўсюднасць паклікання да святасці. Святы Айцец заклікаў не апускаць рукі, мяркуючы, што святое жыццё з’яўляецца недасяжным ідэалам або спрабуючы наследаваць прыклады святасці, да якіх не былі прадвызначаны.

 

Святасць, да якой Бог кліча ўсіх, — гэта святасць у малых жэстах, якія здзяйсняюцца ў адносінах да людзей у штодзённасці, перакананы Папа.

 

У другім раздзеле Пантыфік звярнуў увагу на дзве варожыя святасці тэндэнцыі: старажытныя, але вельмі актуальныя ў сучасным свеце. Першая з іх — гнастытычны спірытуалізм, які аддае перавагу «Богу без Хрыста, Хрысту без Касцёла, Касцёлу без народа».

 

Другая небяспечная тэндэнцыя — гэта пелагіянскі індывідуалізм, які выражаецца ў фанабэрыі, абумоўленай выкананнем пэўных прадпісанняў ці захаваннем пэўнага «каталіцкага стылю». Празмерная прывязанасць да закону ці хваленне клопатам аб абрадах, веравучэнні або прэстыжы Касцёла, паводле Папы, гэта некаторыя тыповыя рысы хрысціянаў, якія спакушаюцца старажытнай ерассю. Пантыфік нагадаў, што Божая ласка заўсёды пераўзыходзіць «інтэлектуальныя здольнасці і сілу волі чалавека».

 

Часам «мы занадта ўскладняем Евангелле і становімся рабамі пэўных схемаў»,

— лічыць ён.

 

У трэцім раздзеле Папа нагадаў, што шлях да святасці складаюць восем евангельскіх благаслаўленняў. Гаворачы пра кожнае з іх, ён заклікаў быць «убогімі сэрцам», ведучы стрыманае жыццё; быць лагоднымі ў свеце, дзе сварацца на кожным кроку; быць мужнымі, беручы на сябе боль пакутаў іншых людзей і спагадліва ставячыся да іх у той час, калі «свет іх ігнаруе і глядзіць у іншы бок»; прагнуць справядлівасці, дзе «хеўра карупцыянераў» дзеліць паміж сабою «торт жыцця»; быць міласэрнымі, дапамагаючы і прабачаючы іншым; захоўваць сэрца чыстым ад усяго, што забруджвае любоў да Бога і бліжняга; «сеяць мір і сацыяльную справядлівасць»; і нарэшце, прымаць ганенні, не чакаючы, пакуль наступяць спрыяльныя для жыцця Евангеллем умовы.

 

Паводле Святога Айца, адно з евангельскіх благаслаўленняў — «шчаслівыя міласэрныя» — з’яўляецца «вялікім правілам паводзінаў» для кожнага хрысціяна.

 

Быць святым не значыць мець вочы, якія «ззяюць у нейкім удаваным экстазе», але жыць Богам праз любоў да самых апошніх, піша ён.

 

Папа заўважыў, што існуюць ідэалогіі, якія скажаюць Евангелле. Іх прыхільнікамі з’яўляюцца хрысціяне, якія, з аднаго боку, жывуць без адносінаў з Богам і ператвараюць хрысціянства ў пэўнага роду грамадскую арганізацыю. З іншага боку, гэта тыя, хто пагарджае клопатам пра іншых, думаючы, што гэта штосьці павярхоўнае, секулярнае, камуністычнае ці папулісцкае. У прыватнасці Святы Айцец звярнуў увагу на абавязак прыняцця мігрантаў, які некаторыя католікі лічаць менш важным за біяэтыку.

 

Прымаць мігрантаў — гэта хрысціянскі абавязак, бо ў кожным вандроўным прысутнічае Хрыстус, і гэта не выдумка Папы альбо часовы псіхоз, дадаў ён.

 

У чацвёртым раздзеле свайго дакумента Пантыфік зазначыў, што сучасная тэндэнцыя да атрымання задавальнення ад жыцця, якая знаходзіць выйсце ў геданісцкім спажывальніцтве, супярэчыць жаданню праслаўляць Бога, якое патрабуе самаахвярнасці ў выкананні ўчынкаў міласэрнасці. Папа нагадаў, што для святога жыцця неабходныя такія рысы, як цярплівасць, лагоднасць, радасць, пачуццё гумару, руплівасць і стараннасць. Акрамя таго, да святасці трэба ісці ў супольнасці і з малітвай, не ўцякаючы пры гэтым ад свету.

У апошнім, пятым раздзеле адгартацыі Пётр нашага часу заклікаў нястомна весці духоўную барацьбу з д’яблам, будучы пільнымі, узброіўшыся малітвай, сакрамэнтамі і выкананнем у жыцці справаў міласэрнасці.

 

Напрыканцы дакумента ён падкрэсліў важнасць чуйнасці ў свеце, які з-за магчымасці падарожнічаць, вольнага часу і адкрытага доступу да тэхналогій не пакідае ў сэрцы чалавека месца, у якім можа гучаць голас Бога.

 

У прэзентацыі адгартацыі Gaudete et exsultate, якая прайшла ў прэс-службе Апостальскай Сталіцы, прынялі ўдзел арцыбіскуп Анджэло Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, Джанні Валентэ, журналіст агенцтва Fides, інфармацыйнага органу Папскіх місійных ініцыятываў, а таксама Паола Біньярдзі, італьянскі педагог, публіцыстка і старшыня руху «Каталіцкае дзеянне» з 1999 па 2005 г.

 

Gaudete et Exsultate стала трэцяй Апостальскай адгартацыяй папы Францішка. У 2013 г. выйшла адгартацыя Evangelii gaudium(«Радасць Евангелля»), прысвечаная абвяшчэнню Евангелля ў сучасным свеце, а ў 2016 г. — Amoris laetitia («Радасць любові») аб любові ў сям’і.

 

Паводле Catholic.by


10.04.2018

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier