Пошук

Каляндар

 
пятніца
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Білі Грэм: будаўнік мастоў паміж пратэстантамі і католікамі  


Білі Грэм: будаўнік мастоў паміж пратэстантамі і католікамі21 лютага на 100-м годзе жыцця адышоў у вечнасць амерыканскі евангелісцкі прапаведнік Білі Грэм. Калі ён распачынаў сваё служэнне ў 1940-х гадах, пратэстанты і католікі глядзелі адно на аднаго з вялікай падазронасцю, як прадстаўнікі розных рэлігій.


У той час евангелісты імкнуліся «перахрышчваць» католікаў, каб яны маглі далучыцца да «сапраўднай Царквы». Таму Білі Грэм, пачынаючы будаваць масты з католікамі, рызыкаваў страціць многіх сваіх паслядоўнікаў.

 

У «Пастары Амерыкі», апошняй біяграфіі Білі Грэма, яе аўтар Грант Уокер (Grant Wacker) адзначае важнае гістарычнае значэнне асобы прапаведніка: «Грэм стаіць у адным шэрагу з Марцінам Лютэрам Кінгам-малодшым і папам Янам Паўлам ІІ як адзін з найбольш уплывовых хрысціянаў ХХ стагоддзя». Дзякуючы яму паступова змяняліся ў лепшы бок адносіны паміж пратэстантамі і католікамі.

 

Гэта пачалося з яго «крыжовага паходу» ў Нью-Ёрку (1957), ад удзелу ў якім мясцовыя каталіцкія пробашчы перасцераглі сваіх парафіянаў. У адказ на гэта Грэм, рыхтуючы свой наступны «крыжовы паход», звярнуўся да католікаў у тых гарадах, якія збіраўся наведаць, каб яны далучыліся да яго як прадстаўнікі хрысціянскай веры. Гэта выклікала незадаволенасць у вялікай колькасці евангелістаў, а тыя з іх, хто прытрымліваўся найбольш фундаменталісцкіх поглядаў, наогул пачалі лічыць прапаведніка «здраднікам сапраўднай веры».

 

Білі Грэм: будаўнік мастоў паміж пратэстантамі і католікаміАле Білі Грэм прыводзіў дзясяткі тысяч людзей да веры ў Хрыста. Хто яшчэ з евангелісцкіх пастыраў мог з ім спаборнічаць?

 

Аднак гаворка ідзе не столькі пра навяртанне ў веру новых людзей, колькі пра абуджэнне веры ў тых, у кім яна драмала.

 

Погляды самога Білі Грэма ў адносінах да католікаў паступова змяняліся ад даволі непрыхільных, што было абумоўлена яго паўднёва-баптысцкімі каранямі, да адкрытых і прыязных. Такое развіццё стала магчымым дзякуючы ягонаму ўменню слухаць і змяняцца, што вельмі важна для кожнага хрысціяніна: і пратэстанта, і католіка.

 

У 1961 г. пратэстанцкі прапаведнік памаліўся разам з прэзідэнтам Кенэдзі, католікам, падчас малітоўнага сняданку ў Вашынгтоне. У 1964 г. арцыбіскуп Бостанскі кардынал Рычард Кушынг (Richard Cushing) сустрэўся з Білі Грэмам пасля вяртання з Другога Ватыканскага Сабору і заявіў па тэлебачанні, што пасланне прапаведніка адпавядае таксама католікам. Білі Грэм у сваю чаргу прызнаўся, што адчувае сябе бліжэй да католікаў і каталіцкай традыцыі, чым да «ліберальнага пратэстантызму».

 

Дзякуючы такому ўзаемнаму збліжэнню, праз 30 гадоў у ЗША ўзнікла супольная ініцыятыва «Евангелісты і католікі разам», якая супрацьстаіць ліберальным поглядам і адстойвае такія важныя для хрысціянаў каштоўнасці, як, напрыклад, права на жыццё.


Білі Грэм: будаўнік мастоў паміж пратэстантамі і католікаміУ 1981 г. Білі Грэма на прыватнай аўдыенцыі прыняў папа Ян Павел ІІ, што зноў выклікала ў евангелістаў неадназначную рэакцыю. Пазней прапаведнік неаднаразова з гонарам паўтараў сказаныя Папам словы: «Мы — браты». Усё гэта паспрыяла значнаму збліжэнню католікаў і пратэстантаў з традыцыйнымі поглядамі.

 

Паміж евангелістамі і католікамі застаюцца значныя адрозненні. Перш за ўсё рознае разуменне Святога Пісання. Білі Грэм і яго паслядоўнікі ў разуменні Слова трымаюцца падыходу Марціна Лютэра: sola Scriptura — «толькі Пісанне»; толькі тое, што знаходзіцца паміж вокладкамі Бібліі. Для католікаў Слова — гэта штосьці нашмат большае. Яно прысутнічае ў стварэнні свету, становіцца Целам у дзявочым улонні Панны Марыі і містычна прысутнічае ў Касцёле, яго Традыцыі і веравучэнні.

 

Тое, што казаў Білі Грэм, было толькі зыходным пунктам.

 

Усё астатняе, як ён сам заўсёды падкрэсліваў, было справаю канкрэтнай супольнасці. Таму калі евангелісцкі прапаведнік узрушваў людзей, яны ішлі таксама ў каталіцкія касцёлы і станавіліся сапраўднымі хрысціянамі.

 

Паводле Catholic.by


26.02.2018

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier