Пошук

Каляндар

 

Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Раства Хрыстовага 2017 года  


Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі  на свята Раства Хрыстовага 2017 годаПачэсныя Айцы святаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!


1. «Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой людзям добрай волі».

Гэтыя словы Анёлы спявалі ў Віфлееме, дзе ў яслях нарадзіўся Спрадвечны Сын Божы - Госпад і Збаўца наш Ісус Хрыстос. А мудрацы, якія з Усходу прыбылі ў Віфлеем, сведчылі, што для ўсіх людзей уласціва жаданне пазнаць Бога.  

Мы разумеем, што пазнанне Бога дасягае паўнаты ў святой Царкве, якая навучае, што Хрыстос нараджаецца, каб у сэрцах людзей “аднавіць раней адпалы вобраз Божы”. Таму тая ж святая Царква Хрыстовая заахвочвае нас супрацоўнічаць з усімі людзьмі добрай волі на полі сапраўднага дабра чалавека: міру, справядлівасці, салідарнай дапамогі найбольш патрабуючым – у матэрыяльнай і духовай сферы.

 

2. Крыніцай нашай духовай салідарнасці з’яўляецца сустрэча з Ісусам Хрыстом, нашым Збаўцам і Госпадам. Папа Рымскі Францішак, на шляху падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння, звярнуў увагу, што «хрысціянін, які сустрэўся з Ісусам, становіцца сведкам і вестуном радасці» (Папа Францішак 17 снежня 2017 года, падчас малітвы «Анёл Гасподні»). І далей Святы Айцец падкрэсліў, што «радавацца, маліцца і дзякаваць — гэта тры паставы, якія падрыхтоўваюць нас да таго, каб належным чынам перажыць Божае Нараджэнне».

 

3. Сустрэча з Ісусам Хрыстом дазваляе нам глыбей разумець вартасць супрацоўніцтва і адзінства з усімі людзмі добрай волі, як пра гэта нагадаў нам -- беларускім грэка-католікам у рамках юбілейнай Літургіі 2-га снежня гэтага года ў Берасці -- Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Габар Пінтэр .

Ён звярнуў нашую ўвагу, што такім чынам гэтыя салідарнасць і адзінства, якія «надзейным фундаментам маюць Слова Божае, любоў Ісуса да нас і нашую ўзаемную любоў да Яго і братоў, стануцца маленькай цаглінкай у справе будавання так жаданага Богам адзінства сярод людзей».

Таму ў гэты святочны час хочам скарыстацца словамі малітвы Апостальскага Нунцыя і маліцца да Госпада:

- за еднасць паміж сужонкамі, у сем’ях, з роднымі,

- за еднасць Божага народа ў нашай краіне і нашых парафіях,

- каб кожнае з гэтых месцаў сталася рэалізацыяй Евангелля, “даследчай лабараторыяй” на шляху экуменізма, адзінства ўсіх людзей добрай волі.

 

4. У нашай малітве хочам асабліва памятаць пра нашую Бацькаўшчыну Беларусь, пра ўсіх яе жыхароў розных канфесіяў. Разумеем, што моцную, квітнеючую Беларусь магчыма пабудаваць толькі на фундаменце веры ў Бога. І гэта заданне для вернікаў усіх хрысціянскіх Цэркваў у Беларусі.

 

Няхай блаславенне Ісуса Хрыста - Збаўцы кожнага чалавека – дойдзе да ўсіх вас,

да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы,

да нашых Братоў і Сёстраў рыма-католікаў, праваслаўных, пратэстантаў

і да ўсіх людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.

 

Усіх вас шчыра віншую з Раством Хрыстовым:

Хрыстос нарадзіўся — Славім Яго!

 

Мінск, Раство Хрыстова 2017 г.

 

+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)

Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі


23.12.2017

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier