Пошук

Каляндар

 

Папа Рымскі Францішак сустрэўся з Патрыярхам Іерусалімскім Тэафілам ІІІ  


Папа Рымскі Францішак сустрэўся з Патрыярхам Іерусалімскім Тэафілам ІІІ23 кастрычніка 2017 года ў Ватыкане прайшла сустрэча Папы Францішка і Патрыярха Тэафіла ІІІ, прадстаяцеля Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы.

 

У прамове Пантыфік выказаў шчырае жаданне і гатоўнасць працягваць шлях да поўнай еднасці паміж католікамі і праваслаўнымі. «Калі б мы гэтага не рабілі, гэта было б самай цяжкой правінай сённяшняга дня, было б ухіленнем ад настойлівага закліку Хрыста, а таксама знакаў часу, якія Дух сее на шляху Царквы», — сказаў Святы Айцец.

 

Папа Францішак выказаў занепакоенасць сітуацыяй тых, хто пакутуе ад канфліктаў у Святой Зямлі. Ён пажадаў, каб у рэгіёне спынілася насілле, дыскрымінацыя і праявы неталерантнасці супраць людзей, а таксама юдэйскіх, хрысціянскіх і мусульманскіх культавых будынкаў.

 

Іерусалім, актуальны статус якога павінен бараніцца і ахоўвацца, павінен быць месцам, дзе ўсе могуць жыць у міры, бо ў адваротным выпадку, «спіраль пакут будзе працягвацца для ўсіх і бясконца», падкрэсліў Папа.

 

Пантыфік таксама пажадаў, каб хрысціяне Святой Зямлі лічыліся інтэгральнай часткай грамадства, якая робіць свой унёсак у супольнае дабро і будаванне міру, што можа быць яшчэ больш плённым пры ўзаемадзеянні розных канфесій, прысутных у рэгіёне.

 

Сустрэча Папы Францішка з Тэафілам ІІІ была не першай. Дагэтуль яны сустракаліся ўжо двойчы: падчас пілігрымкі Пантыфіка ў Святую Зямлю ў маі 2014 г. і з нагоды малітвы за мір, якая ў чэрвені 2014 г. была арганізавана ў Ватыканскіх садах.

 

Паводле Catholic.by


24.10.2017

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier