Пошук

Каляндар

 

У Мінску адкрылася фотавыстава Элана Лыскова «Шляхам св. Якуба»  


У Мінску адкрылася фотавыстава Элана Лыскова «Шляхам св. Якуба»11 кастрычніка ў Мемарыяльным музеі-майстэрні З.І. Азгура (вул. Азгура, 8) адкрылася экспазіцыя Camino фотамастака Элана Лыскова. Выстава прысвечана шляху пілігрымаў у іспанскі горад Санцьяга-дэ-Кампастэла.

 

Шлях Санцьяга (св. Якуба) — гэта старадаўняя дарога пілігрымаў, якая вядзе праз Еўропу ў іспанскі горад Санцьяга-дэ-Кампастэла. Галоўная частка маршрута ідзе па тэрыторыі Паўночнай Іспаніі. Пачынаць пілігрымку можна з Іспаніі, Францыі, Германі, Партугаліі, Вялікабрытаніі або з любой іншай краіны — пытанне ў тым, якую адлегласць гатовы прайсці пілігрым.

 

 

Знакава тое, што аўтар фотавыставы сам стаў пілігрымам і пераадолеў шлях святога Якуба. Адбылося гэта яшчэ ў 2013 годзе, і, як адзначыў фотамастак, рабіць экспазіцыйнага праекту ён не планаваў.

 

«Я здымаў мэтанакіравана — каб мець матэрыял, які стане дзённікам маіх перажыванняў гэтага шляху»

 

«Мы выехалі на машыне з Беларусі ў Іспанію ў мястэчка, адкуль усё распачалося. Ужо ад першай гадзіны, калі я толькі сеў у аўтамабіль у Мінску, я пачаў здымаць. Здымаў мэтанакіравана, каб мець матэрыял, які стане дзённікам маіх перажыванняў усяго шляху, дакументам веры ў Госпада Хрыста. Серыя, на маю думку, атрымалася, але рабіць праекта і выстаўляць яе я не планаваў. Было толькі жаданне быць з Хрыстом таксама і ў фотаздымку», — адзначыў у каментары для Catholic.by Элан Лыскоў.

 

 

«Як фотамастак я ўдзяляў вялікую ўвагу прамому партрэту, гэта значыць партрэту, у якім чалавек глядзіць у камеру, пасля чаго глядач мае непасрэдны кантакт з тым, каго партрэтуюць. Камера — гэта інструмент зносін, — працягваў фотамастак. — Таксама я ўдзяляў вялікую ўвагу пластыцы рук, часам нават больш, чым вачам. Святло сонейка і ліхтароў дапамагала мне асвятліць тое, што я знаходзіў як фатограф. Святло Эўхарыстыі і Божае слова з вуснаў а. Тамаша дапамагала мне лепш разгледзець жывую прысутнасць Хрыста побач з намі... кожны дзень, у кожнае імгненне».

Фотамастак падзяліўся таксама сваім унутраным перажываннем пілігрымкі: «Пасля таго, што я перажыў па дарозе ў Санцьяга, мае думкі пра тое, каб прысвяціць сваё жыццё Хрысту, толькі ўмацоўваліся, а адвагі, каб ісці да гэтага, стала больш».

 

Героі серыі Camino прамаўляюць пра ўваскрослага Хрыста

 

«Героі серыі Camino — гэта людзі, нацюрморты і ландшафты казачна прыгожай Іспаніі, якія кожны па-свойму прамаўляюць, як тыя мужы ў бліскучым адзенні, пра якіх чытаем у Лукі: чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма. Ён уваскрос (гл. Лк 24, 4-5)», — сцвердзіў аўтар фотавыставы.

 

 

Мэта праекта, як дадаў Элан, «расказаць пра Хрыста». «Вялікая радасць для мяне яшчэ і ад таго, што імя нашага Пана Езуса Хрыста гучала ўслых у цалкам свецкім месцы — у мемарыяльным музеі Азгура, у якім, паводле Божай міласці, у нас папрасілі для выставы фотаздымкі пілігрымкі», — дадаў фотамастак.

«Для рэалізацыі гэтага праекта Бог даў цудоўнага куратара і кампазітара, музыкаў, якія справай і малітвай дапамаглі давесці нашую справу да канца... Мноства братоў і сясцёр малілася, каб выстава Camino мела сапраўды Божае гучанне. Я дзякую Богу, што даў нам яшчэ адну мову для праслаўлення Яго любові», — заключыў Элан Лыскоў.

 

 

Працы маладога фотамастака будуць экспанавацца да 1 лістапада.

 

Паводле Catholic.by


16.10.2017

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier