400 год таму, у Нагародавічах на Навагрудскай Зямлі Вялікага Княства Літоўскага, кіеўскі з’яднаны мітрапаліт Язэп Вельямін Руцкі рэарганізаваў славянскае манаства, што дало пачатак Ордэну Базыльянаў.
На першай Капітуле, якую мітрапаліт Язэп склікаў у сваім радывым маёнтку ў Нагародавічах, 20-26 ліпеня 1617 г., адбылася рэформа і рэарганізацыя ўсходняга манаства ў Кіеўскай з’яднанай мітраполіі і заснаванне «Ордэна Св. Васіля Вялікага».
У 1617 г. з’яднаная (унійная) супольнасць манахаў, якія духова падтрымлівалі мітрапаліта Язэпа Руцкага і архімандрыта Язафата Кунцэвіча мела ўжо пяць манастыроў. Гэта былі: Вільня, Быцень, Жыровічы, Наваградак і Мінск, у якіх пражывала каля ста манахаў. Яны ажыццяўлялі першапачатковы план Язэпа Руцкога, працуючы над адраджэннем з’яднанай Царквы і над адукацыяй народа.
У Вільні, Наваградку і ў Мінску былі адкрыты школы для дзяцей, у Жыровічах адноўлена паломніцкае месца, а ў Быцені распачата духоўная школа для тых, хто паступае ў манастыр, у якой у тым годзе, пад кіраўніцтвам Айцоў Езуітаў, скончыла духоўнае навучанне першая група манахаў.
Маючы ўжо пэўны склад асобаў і манастыроў, мітрапаліт Язэп лічыў, што настаў час арганізацыйна аформіць сваю манаскую супольнасць. З гэтым намерам ён склікаў настаяцеляў з вышэйзгаданых 5-ці манастыроў і некаторых выбітных манахаў на першую манаскую Капітулу да свайго радавога маёнтка ў Нагародавічах (у некаторых крыніцах: Навагародавічах) на Навагрудскай Зямлі.
З пратаколу Капітулы даведваемся, што нарады доўжыліся ад 20-га да 26 ліпеня 1617 г. На паседжаннях старшыняваў мітрапаліт Язэп, які запрасіў да дапамогі двух езуіцкіх багасловаў, «каб мець дастатковую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў іншых добраўпарадкаваных ордэнах (чынах) ... Яны не былі пакліканы на тое, каб сумесна з намі вырашаць справы, але, каб сказаць сваю думку, калі іх спытаюць».
На той капітуле прысутнічаў і архімандрыт Язафат Кунцэвіч, якога мітрапаліт Язэп Руцкі тады паставіў на памочніка Полацкаму архібіскупу.
Унійная Царква на тэрыторыі Кіеўскай мітраполіі ў той час знаходзілася ў складанай сітуацыі, Еднасць з Каталіцкай Царквой, якая была абвешчана ў 1596 г. у Берасці, сустрэла супраціў і вынікам гэтага былі спробы дэзінтэграцыі. Адчуваючы патрэбы ў каардынацыі душпастырства, новых формаў працы і евангелізацыі мітрапаліт Язэп вырашыў манахаў, якія жылі ў паасобных манастырах, аб’яднаць у манаскую кангрэгацыю – Кангрэгацыю Святой Тройцы (названай так ад храму Святой Тройцы ў Вільні).
У Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве захоўваецца ў памяці, што Айцы Базыльяне былі тымі, хто спрычыніўся да развіцця новых формаў евангелізацыі: друкавання, школьніцтва, але таксама і сведчання на вуліцах – як гэта рабіў святамучанік Язафат.
Хрысціянскі запал сведчання, які паклаў падмуркам Заснавальнік Ордэна мітрапаліт Язэп Руцкі трываў ў базыльянах. Першы плён вернасці паўсюднай Хрыстовай Царкве прынёс святамучанік Язафат - архіпастыр Полацка, які быў пры пачатках Ордэна і 150-ю гадавіну кананізацыі каторага мы святкуем у гэтым годзе.
***
У грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасцях у Беларусі ў мінулыя дні вернікі ў малітве ўзгадалі 400-годдзе рэарганізаванага Ордэна Базыльянаў.