Пошук

Каляндар

 

Напярэдадні ХХІІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі  


Напярэдадні ХХІІІ грэка-каталіцкай пілігрымкіЯк Біблія паўплывала на маё жыццё


Нечакана запрасілі мне стаць удзельнікам ХХІІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк. Я пабачыў, што яе праграма задуманая, як час “добрага навучэння” – з нагоды 500-годдзя беларускай Бібліі. Я прыняў запрашэнне ды ў гэтым кантэксе хачу падзяліцца маім сведчаннем, як Біблія паўплывала на маё жыццё.

 

Упершыню я сустрэўся з Бібліяй у першым класе сярэдняй школы. Да нас у школу прыязджалі вернікі і раздавалі дзіцячыя Бібліі. Памятаю, як мне страшна было вяртацца дадому з незразумелай кнігай, і па гэтаму я яе схаваў у сумку і калі прынёс дадому схаваў у асабістую скрыню, і калі мае родныя сыходзілі, я яе даставаў і чытаў.

 

Да гэтага часу памятаю, як мяне ўразіла гісторыя пра Ісуса Хрыста, і менавіта той момант, як Яго распіналі. Калі я чытаў аб распяцці, з маіх вачэй цяклі слёзы (як цякуць і цяпер, успамінаючы гэты эпізод дзяцінства), бо зусім нядаўна, Ён рабіў дабро людзям, карміў, вылечваў, уваскрашаў… але праходзіць час і яны крычаць: "Укрыжуй Яго!"

 

Мая сям'я з'яўлялася атэістычнай, але гэтая гісторыя мяне так уразіла, што я пачаў шукаць Царкву. Праз некаторы час, дзякуй Богу, я трапіў у праваслаўны храм. Я стаў актыўна наведваць яго, прыняў Святы Хрост і пачаў дапамагаць святару ў алтары. Але, на жаль, мяне не вучылі духоўным асновам, я толькі ведаў, як і дзе трэба пакланіцца, што падаць і чым дапамагчы.

 

Але мабыць Бог бачыў маё жаданне служыць Яму і Ён паслаў мне людзей, якія падарылі мне Біблію і пачалі распавядаць аб асновах веры. Праз некаторы час я пачаў самастойна чытаць Біблію і вывучаць гісторыю хрысціянства і прыйшоў да дакладнай і цвёрдай высновы, што ёсць толькі адзіная, святая і апостальская Царква, і гэта ёсць Каталіцкая Царква. Ніхто мяне да гэтага рашэння не падводзіў, у мяне нават сяброў-каталікоў не было. І паступова я стаў наведваць катэхізацыю і такім чынам я стаў актыўным вернікам Каталіцкай Царквы.

 

Што я хачу распавесці сваёй гісторыяй, гэта тое, што Праўду трэба шукаць. Біблія - гэта жывая кніга, якая з'яўляецца крыніцай Праўды, крыніцай мудрасці. Калі я купляю сабе штосьці з бытавой тэхнікі, я стараюся вывучыць перад гэтым інструкцыю да яе. Дык чаму ж я, чалавек - самае дасканалае стварэнне Божае - павінен закрываць вочы на “інструкцыю”, якую даў мне Бог да жыцця. Але не, наадварот, я лепш скарыстаюся шанцам і буду вывучаць самую мудрую Кнігу каб, пражыць лепшае жыцьцё.

 

У канцы я таксама хачу падзяліцца яшчэ тым, што менавіта Біблія адкрыла мне вочы на тое, што я не хачу пражыць гэтае жыццё марна, ўхаластую. І пачынаючы прыкладна з чатырнаццацігадовага ўзросту я чуў ўнутранае пакліканне, якое сёння і стараюся ўвасобіць.

 

Цігран (24 гады), Мінск

 

Няўжо вы не ведаеце, што бягучыя на стадыёне ўсе бягуць, аднак толькі адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце так, каб атрымаць. Кожны, хто ідзе ў спаборніцтва, ва ўсім сабе адмаўляе; яны – каб атрымаць вянец знішчальны, а мы – незнішчальны. Дык я бягу не як да няпэўнага, б’юся не так, як бы паветра б’ючы, але ўтаймоўваю ды няволю сваё цела, каб часам, навучаючы другіх, сам не стаўся нявартым”. (Першы ліст да Карынцянаў 9:24-27)


10.07.2017

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier