Беларускія грэка-католікі працягваюць малітву за Бацькаўшчыну
Свята Дабравешчання – 25 сакавіка, беларускія грэка-католікі традыцыйна адзначаюць як Дзень малітвы за Бацькаўшчыну.
“Гэта свята Уцелаўлення Ісуса Хрыста, які увайшоў у гісторыю чалавецтва ў канкрэтны час ды ў канкрэтным месцы. Па Божаму Провіду Ён атрымаў сваю зямную Бацькаўшчыну. Для нас гэта выклік, каб маліцца за нашую Бацькаўшчыну - Беларусь, за ўсіх яе жыхароў” – паясняў (шмат гадоў таму) значэнне гэтага свята протапрэзбітар беларускіх грэка-католікаў а. Ян Матусевіч.
У гэтыя дні беларускія грэка-каталіцкія вернікі карыстаюцца ў малітве словамі Акафісту Найсвяцейшай Багародзіцы. Часам асабліва руплівай малітвы ў гэтым годзе ёсць тыдзень паміж святам Дабравешчання і Суботай Акафісту (25.03 - 1.04.2017).
“Балесныя падзеі апошніх дзён, нават апошніх гадзін – асабліва ў Мінску, горадзе, які жыве пад апекай Багародзіцы (аб чым сведчыць старажытны герб Мінска) – заклікае нас, каб мы тым больш рупліва і нястомна маліліся – разам з Багародзіцай – за ўсіх жыхароў Мінска, за ўсіх жыхароў Беларусі. Традыцыя нашай Царквы дае нам багатую спадчыну малітвы “за Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь Беларускі народ”.
Сёння – разам са св. Васілём Вялікім – молімся “Божа, будзь памятлівы тых, што пад судом, у вязніцах” і разумеем, што Міласэрны Госпад асабліва блізкі ім у болю і цярпеннях. Таму настомна будзем працягваць нашую велікапосную салідарную малітву, а да малітвы далучым пост ды іншыя формы духоўнай салідарнасці” – сказаў у нядзелю 26 сакавіка 2017 г. на Боскай Літургіі ў парафіі Святога Духа ў Мінску архімандрыт Сяргей (Гаек) – Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
а. Яўген Усошын,
прэс-служба Апостальскага Візітатара БГКЦ