14 лютага 2017 г., у рымскай базыліцы св. Клімента Папы, адбылася Эўхарыстыя, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі славянскіх папскіх калегіумаў. Нагодай стаў успамін святых Кірыла і Мятода, Настаўнікаў Славянскіх і Апякуноў Еўропы, які адзначаецца ў Сусветнай Царкве ў гэты дзень.
Святую Імшу служылі высокія іерархі славянскага паходжання: славак - кардынал Юзаф Томка, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, славенец - кардынал Франц Родэ, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця і славак - архіепіскап Кірыл Васіль, сакратар Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў. Саслужыла 90 святароў (двух абрадаў) з славянскіх краінаў. Прынялі ўдзел у св. Імшы таксама: Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) ды іераманах Лявонцій (Тумоўскі).
Пасля Эўхарыстыі ў сяброўскім кругу прайшла размова аб актуальнасці спадчыны Апосталаў Славянаў у жыцці Цэркваў славянскіх краінаў. Падчас размовы архімандрыт Сяргей нагадаў, што на беларускіх землях справу св. Кірыла і св. Мятода працягнуў Францішак Скарына, праз выданне Бібліі на беларускай мове і менавіта сёлета адзначаецца 500-годдзе гэтай падзеі.
16 лютага 2017 г., у каментары для Ватыканскага радыё архімандрыт заўважыў, што значны ўклад у папулярызацыю постаці Францішка Скарыны на Захадзе ў пасляваенны перыяд зрабіў біскуп Часлаў Сіповіч, былы генеральны суперыёр Ордэна марыянаў.
“Ён яшчэ ў далёкім 1967 г. як раз тут, у Рыме, займаўся папулярызацыяй постаці Францішка Скарыны. Адзін з першых тэкстаў пра Скарыну, які можна назваць і навуковым і пастырскім, біскуп Сіповіч напісаў на італьянскай мове ў той час. Гэта азначае практычна, што ў асяроддзі славянскіх хрысціян у Рыме і не толькі, сведчанні і актыўнасць беларускіх тэолагаў займае важнае месца”, - лічыць архімандрыт.
Айцец Сяргей адзначыў таксама, што спадчыну св. Кірыла і св. Мятода на працягу ХХ ст. працягвалі многія беларускія святары-асветнікі. Сярод іх такія выбітныя пастыры, тэолагі і грамадскія дзеячы, як а. Андрэй Цікота і а. Язэп Рэшаць, успамін смерці якіх адзначаўся некалькі дзён таму.
“11 лютага быў дзень смерці архімаднрыта Андрэя Цікоты, а 15 лютага – дзень смерці айца Язэпа Рэшаця. Айцец Язэп Рэшаць быў адным з першых беларусаў, які стаў студэнтам Папскага ўсходняга інстытута (заснаванага 100 год таму). Ужо ў той час беларусы былі тут прысутныя. Андрэй Цікота і Язэп Рэшаць удзельнічалі актыўна ў 5- Унійным кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20–24 ліпеня 1927 г.). Гэта быў міжканфесійны экуменічны форум і прысутнасць на ім беларускіх тэолагаў была знакам пошуку актуальнасці спадчыны св. Кірыла і св. Мятода для Беларусі, у складаны міжваенны час”, - распавёў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
Сустрэчы прадстаўнікоў славянскіх папскіх калегіумаў з нагоды ўспаміну св. Кірыла і св. Мятода праходзяць ў Рыме штогадова. Месцам іх правядзення традыцыйна з’яўляецца базыліка св. Клімента, бо менавіта тут пахаваны адзін з двух Салунскіх Братоў - св. Кірыл.
Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё