Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Дзённік беларускага пілігрыма у Сіднэі  


Спецыяльна з Сіднэю для сайта “Сьв. Язэп” Сяргей Раюнец


Дзённік беларускага пілігрыма у Сіднэі

16 ліпеня

Слава Ісусу Хрысту!

Ужо прыляцелі ў Аўстралію, сёньня першы, альбо нават і другі дзень Сусьветнай сустрэчы моладзі. Людзей з заплечнікамі амаль не бачна, хоць дзе-нідзе зьяўляюцца. Садзяюся, што заўтра будзе больш падзеяў і будзе магчымасьць выйсьці ў і-нэт. Хоць гэта аказалася вельмі складаным. Нават зараз я сяджу ў бібліятэцы і мне далі толькі 10 хвілінаў. У Аўстраліі зараз зіма і перад нашым прылётам было даволі халодна, але зараз 22 градусы. Ляцелі 1,5 сутак, рытм зьбіўся і хочацца спаць.

З Богам!

17 ліпеня

Слава Ісусу Хрысту!

Дзякую за малітву! Таксама за вас малюся ў Сіднэі. Вось зьявіўся час напісаць вам пра тое, што адбываецца ТУТ! Ня ведаю, ці гэта спатрэбіцца, але на ўсялякі выпадак.

Сёньня 17 ліпеня адбылося ўрачыстае прывітаньне Сьвятога Айца ў Сіднэі. Як гэта было ў 2005 г. у Кёльне, так і тут ён стаяў на палубе невялічкага параходу, які праходзіў каля берагоў Сіднэю. Хто змог – пабачыў яго з берагу, хто не хацеў ціснуцца ў натоўпе – пабачыў Бенядыкта XVI на вялікіх маніторах, якія былі размешчаныя па ўсёй плошчы – усё было зроблена так, каб кожны змог пабачыць Сьвятога Айца. У цэнтры горада былі тысячы пілігрымаў з розных краінаў, сотні рознакаляровых сьцягоў. Розны колер скуры, розныя мовы, розныя назвы краінаў і адна мэта – пабыць і памаліцца разам, пабачыць Папу, атрымаць велізарны духоўны запал, каб хапіла аж да наступнага Дня Моладзі.

Дарэчы, гэта ўжо хіба XIII такі Дзень Моладзі, а першы адбыўся ў 1984 г. Усім пілігрымам падаравалі жоўта-чырвоныя заплечнікі і блакітныя хусткі. Больш за паловы пілігрымаў прынялі да сябе мясцовыя сем’і. Усіх нас, беларусаў, гасцінна прынялі польскія сем’і эмігрантаў.

Што хочацца сказаць пра горад, дзе сёлета праходзіць Сусьветны Дзень Моладзі. Зараз у гэтай частцы зямнога шару зіма, але яна істотна розьніцца ад нашай. На вуліцы каля плюс 17-19 удзень. Людзей, канешне, шмат (мясцовае насельніцтва, пілігрымы і проста турысты), але ўсім хапае месца і гасціннасьці. У першай палове дня праходзяць катэхезы, пасля якіх жадаючыя могуць скласці сьведчаньне сваёй веры ў Хрыста. Такія сьведчаньні пакідаюць па сабе вельмі моцнае ўражаньне. Разумееш, што цяжка не толькі табе, але і тым, хто разам з табой. І ўсьведамляеш, з якой мудрай бацькоўскай любоўю дзейнічае Госпад у, здавалася б, безвыходных сітуацыях. Як жа моцна гэта падтрымлівае і вучыць даверу! І як хочацца, каб такія сьведчаньні чула як мага больш людзей!

У 11:00 распачынацца Літургія. Вось так мы і злучаемся ў Эўхарыстыі, знаходзячыся ў розных месцах. У другой палове дня, якраз пасля абеду, у цэнтр гораду распачынаюцца фестывалі, праходзяць канцэрты. Часта групы пілігрымаў самі зьбіраюцца ў кола, граюць на гітарах, сьпяваюць і танчаць. Сіднэй увечары прываблівае і зачароўвае. Я аглядаў яго ўчора з вежы вышынёй 250 метраў – гульня фарбаў, прыкрытая начным небам.

Заўтра адбудзецца адно з найважнейшых здарэньняў гэтых дзён – Крыжовы шлях. Па ўсім горадзе будзе растаўлена 14 стацый пакутніцкага збаўчага шляху Ісуса Хрыста. Каля кожнай стацыі будуць стаяць вялікія маніторы – ізноў жа дзеля таго, каб такая вялікая колькасьць пілігрымаў магла злучыцца ў малітве.
Заканчваецца Сусьветны Дзень Моладзі ў Сіднэі ў нядзелю 20 ліпеня Урачыстай Літургіяй, якую адслужыць Папа Бенядыкт XVI. Папярэджвае Літургію начное чуваньне моладзі, якое будзем перажываць на полі, у холадзе, а магчыма будзе і мароз. Але трэба памятаць, што гэта будзе радасная ахвяра дзеля Хрыста.

18.07.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier