Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Свята Богаз’яўлення  


Ты мяне асвяці, Уладару, Боскім З’яўленнем Тваім.

Служба Богазяўлення Гасподняга.

 

1. У дзень свята Богаз’яўлення Гасподняга наша ўвага нявольна засяроджваецца на абрадзе Вялікага асвячэння вады. Праз гэты абрад такая звыклая для нашага жыцця рэч як вада, нібыта стаецца носьбітам святасці. Мы п’ем яе, акрапляем ёю памяшканні і адчуваем, як праз гэтыя простыя чалавечыя дзеі радасць Гасподняга свята ўваходзіць у наш дом. Гэткім чынам нам чарговы раз адкрываецца праўда пра тое, што Бог, Крыніца і Творца жыцця, ёсць здольны ператвараць яго, надаваць яму новае якасці, дапамагаць чалавеку іншымі вачыма паглядзець на абставіны свайго жыцця, на людзей, што поруч з ім, і на самога сябе. Бог шматкроць адкрывае нам доступ да Сваёй ласкі ў царкоўных таямніцах праз такія простыя, нават матэрыяльныя рэчы, як вада і алей, позірк Хрыста з іконы або словы Евангелля, хлеб і віно. Праз іх Бог уваходзіць у чалавечае жыццё і Ягоная любоў набірае канкрэтнага зместу, якога дасвядчае кожны чалавек.

 

2. Але засяроджваючыся толькі на знешнім баку гэтага свята, мы рызыкуем прайсці паўз ягоны сапраўдны змест. Бо зместам кожнага церкоўнага свята і кожнага хрысціянскага абраду ёсць Хрыстос. Мы ведаем з Евангелля, што чысты і бязгрэшны Божы Сын прыйшоў на Ярдан, каб прыняць хрост ад Яна Прадвесніка, і каб ярданскімі водамі і ласкаю Святога Духа былі амытыя грахі ўсіх людзей. Ён зрабіў гэта каб мы, як нованароджаныя Божыя дзеці, амытыя ад грахоўнага бруду, маглі пачаць новае жыццё. Каб “ахрысціўшыся” ў Хрыста, мы маглі апрануцца ў Ягоную вечную славу і ўжо тут на зямлі жыць у еднасці са Святой Тройцай. Таму ўспамін пра Хрост Госпада нагадвае таксама пра наш уласны хрост. Кажа Тэртуліан ад імя ўсіх хрысціян, што “Мы, як маленькія рыбкі, падобна да “Рыбы” Ісуса Хрыста, нараджаемся ў вадзе” (Тертуліян, De baptismo 1). Успамін пра колішняе нараджэнне “з вады і Духа” сёння павінна асабліва сагрэць нашае сэрца, споўніць яго ўдзячнасцю Госпаду і рашучасцю зберагаць вернасць хросным абяцанням.

 

3. У вось тут мы сустракаемся з адной цяжкасцю. Водная стыхія прыймае асвячэнне непасрэдна сілаю ўлады Таго хто яе на пачатку свету стварыў. Але для асвячэння чалавечай істоты, ад пачатку абдараванай Богам дарам свабоды, патрабуецца ўласнае жаданне чалавека, ягонае глыбокага адкрыццё на Божую дзею спачатку ў чалавечай душы, а пазней і ў канкрэтным жыцці. Толькі праз самастойны выбар чалавек можа прыняць гэтае асвячэнне з гары і пачаць жыць паводле вобразу Хрыстовай святасці, які адбіваецца ў душы кожнага верніка, што перажыў асабістую сустрэчу з Хрыстом. І гэты свой выбар кожны хрысціянін пакліканы падцверджваць штодзённа: адкрываючы ў малітве перад Богам свае таемныя думкі і жаданні, вызнаючы правіны, шукаючы Божую волю і просячы блаславенне споўніць яе ў сваім жыцці. Каб такім чынам “Той, хто асвячае, і тыя, хто асвячаюцца” (Габ 2, 11) сталіся адным цэлым, каб жыццё вучня стала падобным да жыцця Настаўніка, каб чалавечае жыццё перамянілася на ўзор Божага і вечнага жыцця. Амін.

 

6 студзеня 2017.


Аўтар - ераманах Лявонцій (Тумоўскі)

3.01.2017

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier