Мінская парафія Праведнага Язэпа адсвяткавала парафіяльнае свята
У панядзелак – 26 снежня 2016 г. грэка-каталіцкая парафія Праведнага Язэпа ў Мінску святкавала сваё парафіяльнае свята. У царкоўным календары ў гэты дзень ушаноўвалася Найсвяцейшая Багародзіца (Сабор Багародзіцы) ды Праведны Язэп.
Боскую Літургію ўзначаліў архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэнні а. Аляксандра Шыбекі – адміністратара парафіі.
“Праведны Язэп, Абручнік Багародзіцы – гэта прыклад праведнасці, мужнай веры, нястомнай надзеі, вернай любові. У гэты святочны час хочам маліцца за ўсіх вернікаў парафіі, за жывых і спачылых у Госпадзе, якія на працягу многіх гадоў верна і мужна развівалі духоўнае жыццё і арганізацыйныя ініцыятывы парафіі” – сказаў архімандрыт.
У асаблівы спосаб у малітве вернікі ўзгадалі першага пробашча парафіі – протапрэзбітара Яна Матусевіча.
Напрыканцы Літургіі архімандрыт Сяргей ды а. Алесь Шыбека выказалі шчырую падзяку ўсім, хто на працягу гадоў удзельнічаў у будове душпастырскага цэнтра св. Язэпа (у якім знаходзіцца парафіяльная капліца), былому настаяцелю парафіі - протапрэзбітару Андрэю Абламейку, сябрам Парафіяльнай рады ды ўсім парафіянам.
У час Боскай Літургіі спяваў міжпарафіяльны хор “Прасфара”, які пасля Літургіі ўсцешыў вернікаў адмысловым Калядным канцэртам.




Фота Аляксандра Маламы