Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Перасоўваць горы  


Мц 17, 14-23 / 1Кар 4, 9-16


Слава Ісусу Хрысту!
Дарагія браты, дарагія Сёстры!


1. Сёньня мы бачым вучняў Ісуса, як тых, хто ня спраўдзіў пэўных чаканьняў свайго Настаўніка. Госпад нават сварыцца на іх: “О род няверны і пераваротны, як доўга буду з вамі? Ды як доўга буду вас цярпець?..” (Мц 17, 17б).

2. Кожны з нас у сваім жыцьці адчувае стан бязраднасьці, калі мы ня можам дапамагчы іншаму чалавеку. Гэты стан падобны муру або гары, што стаіць маўкліва і нерухома...

Добра, калі мы бачым сваю гару – гэта гаворыць аб тым, што мы бачым сітуацыю такою, якою яна ёсьць. Вучні Хрыста, напрыклад, доўга не маглі гэтага зразумець і, як ведаем з іншага ўрыўка, сварыліся між сабою, шукаючы прычыны непаспяховасьці сваіх дзеяньняў...

Калі мы прымаем сваю бязраднасьць, то тады пачынаем разумець, што гэта ня мы ратуем людзей, але Ісус Хрыстос… Стан бязраднасьці заклікае нас да веры (а можа лепей сказаць да даверу) у Яго, “адзінага Госпада… Сына Божага Адзінароднага ад Айца народжанага перад усімі вякамі…”

Мы прыходзім да нашага Збаўцы “дзякуючы” бязраднасьці, але Госпад заклікае да сяброўскіх адносінаў. Ён ня хоча, каб мы былі з Ім дзеля страху перад будучыняй, сваімі слабасьцямі, дзеля нерухомай гары праблемаў, што ёсьць перад намі, але дзеля таго, што мы хочам адказаць яму на Яго любоў, дзеля таго, што мы хочам быць яму ўдзячныя.

3. У Евангельлі паводле Марка таксама ёсьць апісаньне падзеі, якую мы сёньня разважаем. Евангеліст Марк далучае да апавяданьня словы бацькі хлопчыка, зьвернутыя да Ісуса: “Веру, дапамажы майму недаверству” (Мк 9, 24).

Быць можа гэтыя словы стануць словамі і нашай малітвы. Хай малітва і пост будуць канкрэтным крокам, нашым адказам на жыцьцёвыя сітуацыі. Пабачым жа на ўласныя вочы, як гара зла, бязраднасьці і недаверства перасунецца з нашага жыцьця. Амін.

Аўтар - а. Андрэй Буйніч

18.07.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier